Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Алесь Бяляцкі ў Менску расчараваў міністра замежных спраў Чэхіі


Алесь Бяляцкі і Любамір Зааралак

Алесь Бяляцкі і Любамір Зааралак

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі 30 чэрвеня сустрэўся зь міністрам замежных спраў Чэхіі Любамірам Зааралкам, які знаходзіўся ў Менску з афіцыйным візытам. Падчас размовы Бяляцкі і Зааралэк абмеркавалі магчымасьць гатоўнасьці беларускіх уладаў да рэформаў.

«Гэта была сяброўская гутарка. Мінулы раз мы зь Любамірам Зааралкам сустракаліся два гады таму ў Празе, адразу пасьля таго, калі мяне выпусьцілі з турмы. Вось і цяпер спадар міністар заклаў сымбалічны сэнс у нашу сустрэчу — я маю на ўвазе падтрымку правоў чалавека ў Беларусі. Мы мелі магчымасьць абмяняцца інфармацыяй што да падзеяў у Беларусі», — паведаміў Свабодзе Алесь Бяляцкі.

Любамір Зааралэк найперш распытаў Алеся Бяляцкага, наколькі сур’ёзна, на яго меркаваньне, беларускія ўлады гатовыя да структурных рэформаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека.

«Мае ацэнкі былі цьвярозыя і неаптымістычныя. Я ня бачу сур’ёзных імкненьняў, жаданьняў і палітычнай волі з боку беларускіх уладаў да істотных зьменаў у краіне. Яны займаюцца падмалёўкай фасаду і ня болей за тое.

Зрэшты, Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз пацьвердзіў гэта на Усебеларускіх сходзе, калі сказаў, што будзе працягваць той палітычны курс, які ён абраў 22 гады таму, а гэта курс на ўмацаваньне аўтарытарнай сыстэмы, падаўленьне дэмакратычных свабод і правоў, на рэзкае абмежаваньне канстытуцыйны правоў чалавека ў Беларусі», — сказаў праваабаронца.

Перад размовай з Алесем Бяляцкім чэскі дыплямат сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімерам Макеем. Алесь Бяляцкі кажа, што гутарка ў іх была пра «маленькія крокі Беларусі насустрач Эўропе»:

«Відавочна, што асабліва з Макеем гутарка вялася пра маленькія крокі Беларусі насустрач Эўропе, бо шлях да дэмакратыі доўгі. Але важна, каб гэты шлях быў рэальным перамяшчэньнем, а не хаджэньнем па коле, як тое адбываецца ў нас. Відавочна, што праз такія візыты эўрапейскія палітыкі спрабуюць заахвоціць беларускія ўлады да наступных крокаў у бок дэмакратычных зьменаў. У першую чаргу гэта тычыцца нармальнага правядзеньня выбараў. Я быў вымушаны расчараваць міністра, сказаўшы, што вынікі фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісій не даюць спадзеву на аптымізм. Камісіі сфармаваныя паводле старога прынцыпу і цалкам знаходзяцца пад кантролем выканаўчых уладаў. Такім чынам, можна казаць, што эўрапейскія палітыкі знаходзяцца ў даволі казытлівай сытуацыі — з аднаго боку яны б хацелі рабіць крокі насустрач Беларусі, а зь іншага — у адказ ім трэба бачыць дэмакратычныя зьмены з боку ўладаў Беларусі, але гэтага не адбываецца.

Эўрапейскія палітыкі знаходзяцца ў даволі казытлівай сытуацыі — з аднаго боку яны б хацелі рабіць крокі насустрач Беларусі, а зь іншага — у адказ ім трэба бачыць дэмакратычныя зьмены з боку ўладаў Беларусі, але гэтага не адбываецца

Беларускія ўлады з ахвотай сустракаюцца з эўрапейскімі чыноўнікамі. Гэта гаворыць пра тое, што цяжкае эканамічнае становішча і няпростае геапалітычнае становішча прымушаюць беларускія ўлады шукаць у краінах ЭЗ калі не надзейнага партнэра, то прынамсі магчымасьці абаперціся на ЭЗ падчас размоваў з пагрозьлівым усходнім суседам».

Алесь Бяляцкі падзякаваў міністру замежных спраў за тое, што Чэхія пасьлядоўна падтрымлівае грамадзянскую супольнасьць Беларусі:

«Можна казаць пра пасьлядоўную пазыцыю чэскага ўраду што да падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Гэтая падтрымка мае глыбокі гістарычныя традыцыі з 20-30 гадоў XX стагодзьдзя, калі чэхі падтрымлівалі беларускіх студэнтаў і беларускую дэмакратычную эміграцыю з Заходняй Беларусі».

Падчас сустрэчы Любаміра Зааралка зь лідэрамі апазыцыі гутарка вялася пра будучыя парлямэнцкія выбары.

На сустрэчы прысутнічалі старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, сустаршыня БХД Павал Севярынец і лідэрка кампаніі «Гавары праўду!» Тацяна Караткевіч.

Як расказаў Свабодзе Анатоль Лябедзька, гаварылі пра рызыкі і пагрозы, якія ўтрымліваюцца ў новай эўрапейскай палітыцы што да Беларусі.

«Мы сышліся на самым галоўным — ключ да пераменаў у Беларусі гэта свабодныя і сумленныя выбары паводле стандартаў АБСЭ. Ці можна гэтага дасягнуць? Безумоўна, можна, таму што гэтаму спрыяе эканамічная сытуацыя, і калі б усе эўрапейскія і амэрыканскія палітыкі, якія прыяжджаюць у Беларусь, пачыналі свае сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных структур менавіта з гэтага пытаньня, гэта магло б спрацаваць, як спрацавала з вызваленьнем палітычных вязьняў».

Анатоль Лябедзька адзначае, што міністар Зааралэк гаварыў пра «асьцярожны аптымізм што да Беларусі»:

«Ён казаў, што трэба даць шанец беларускім уладам. Але ён не перакананы, што з гэтага нешта атрымаецца».

XS
SM
MD
LG