Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыю пішуць «людзі ў цывільным». Як 70-гадовы Міхась Бернат падарыў вёсцы Русіно музэй


Міхась Бернат зь вёскі Русіно пад Баранавічамі за сваё 70-гадовае жыцьцё стварыў музэй, усталяваў памятныя шыльды ў гонар знакамітых асобаў і падзеяў і аднавіў адзіны ў Баранавіцкім раёне ветраны млын.

Для карэспандэнта Свабоды Міхась Бернат зладзіў экскурсію па музэі, зь якога яго «папрасілі» звольніцца.

«Я хацеў спачатку зрабіць музэй земляробства, бо культура земляробства — гэта першаснае, што нам належыць. Ужо канцэпцыю распрацаваў, ужо ў інстытуце земляробства зацьвердзілі, але ж не — грошай не аказалася. А чыноўнікі ня верылі, што я зраблю гэта, яны насьмяхаліся зь мяне, ім гэта было абсалютна, як кажуць, «да лямпачкі», — распавядае Міхась Бернат па дарозе да музэю.

Музэй у Русіне́ афіцыйна называецца раённым цэнтрам рамёстваў і месьціцца ў будынку старой школы, якая дзейнічала яшчэ «за польскім часам». Экспанаты для яго Бернат зьбіраў больш за два дзясяткі гадоў.

Раённы цэнтар рамёстваў месьціцца ў будынку старой школы

Раённы цэнтар рамёстваў месьціцца ў будынку старой школы

Апроч музэю, на трох гектарах разьмясьцілі гаспадарчыя пабудовы, якія паказваюць беларускі сялянскі побыт. А ў самім музэі арганізаваныя клясы, дзе мясцовыя дзеці навучаюцца ткацтву, ганчарству, бортніцтву.

Баранавіцкі край славіўся ганчарствам, кажа Міхась Бернат

Баранавіцкі край славіўся ганчарствам, кажа Міхась Бернат

Старажытныя ганчарныя клеймы

Старажытныя ганчарныя клеймы

У русінцаў, якія бяруць шлюб, дзякуючы музэю ёсьць і ўнікальная магчымасьць наладзіць урачыстасьць у антуражы вясковай хаты. Памяшканьне Дому грамадзянскіх абрадаў месьціцца акурат на тэрыторыі музэю.

Куфар у Доме грамадзянскіх абрадаў на тэрыторыі музэю

Куфар у Доме грамадзянскіх абрадаў на тэрыторыі музэю

Экспазыцыя музэю ў Русіне

Экспазыцыя музэю ў Русіне

Міхась Бернат у свой час разьбіў там парк, пазвозіў з далёкіх мясьцінаў старыя борці — выдзеўбаныя ў вялікіх дубовых калодах «хаткі» для пчол.

Старыя дубовыя борці

Старыя дубовыя борці

«Палац» для птушак

«Палац» для птушак

Скульптура «Каляда», зробленая ў часе пленэру разьбяроў

Скульптура «Каляда», зробленая ў часе пленэру разьбяроў

З хваляваньнем спадар Бернат паказвае адзіны на ўвесь Баранавіцкі раён ветраны млын.

Адзіны ў Баранавіцкім раёне ветраны млын стаіць на калёнах, каб зьнізу можна было разгледзець ягоную мэханіку

Адзіны ў Баранавіцкім раёне ветраны млын стаіць на калёнах, каб зьнізу можна было разгледзець ягоную мэханіку

«Крылы млына абрэзаў, каб дзеці ня гойдаліся, бо рэальныя крылы млына павінны не даходзіць прыблізна палову мэтра да зямлі. Паставілі яго на калёны, каб можна было наведнікам паглядзець яго рыштунак зьнізу», — распавёў краязнаўца.

Велізарныя мэханізмы ўсярэдзіне млына

Велізарныя мэханізмы ўсярэдзіне млына

Усярэдзіне млына — музэйная экспазыцыя. Спадар Бернат паказвае, як працуюць розныя мэханізмы, распавядае пра гісторыю млыноў. Аказваецца, яшчэ пасьля Другой усясьветнай вайны ў Баранавіцкім раёне было некалькі дзясяткаў ветракоў.

Пасьля стварэньня музэю Міхась Бернат працаваў тут мэтадыстам. Аднак напрыканцы 2010 году ўлады змусілі краязнаўцу адмовіцца ад працы ва ўласнаручна створаным музэі. Намякнулі, што гэта з-за ягонай грамадзкай дзейнасьці — незадоўга да звальненьня Міхась Бернат з аднадумцамі аднавіў шыльду ў гонар перамогі войска Рэчы Паспалітай над маскоўскім у Палонкаўскай бітве. Зь Берната патрабавалі тлумачэньняў наконт усталяваньня шыльды, дапякалі чыноўнікі. У выніку Бернат звольніўся.

Але і цяпер Міхась Бернат прыйшоў у музэй як гаспадар, зладзіў журналісту экскурсію, агледзеў экспанаты і нават паўшчуваў супрацоўнікаў установы, што нядбайна даглядаюць за некаторымі прадметамі.

Міхась Бернат каля адной з гаспадарчых пабудоваў на тэрыторыі музэйнага комплексу

Міхась Бернат каля адной з гаспадарчых пабудоваў на тэрыторыі музэйнага комплексу

У першай жа залі наведнікаў сустракае вялікая шыльда «Нацыя жыве, пакуль у ейнай сьвядомасьці жывуць яе героі, бязь іх яна памірае». Бернат распавёў, што ў часе ягонай працы ў музэі нават вісеў герб «Пагоня», які ўсе ж пад ціскам чыноўнікаў давялося замяніць на герб Хадкевічаў. Краязнаўца кажа, што некаторыя надпісы ў музэі часам мяняюць на «больш лагодныя».

Музэй — далёка не адзінае дасягненьне Міхася Берната. Ён укладальнік большасьці артыкулаў у гісторыка-дакумэнтальнай хроніцы Баранавіцкага раёну «Памяць», якая выйшла ў 2000 годзе. Бернат дамогся перадачы ва ўласнасьць Таварыства беларускай мовы сядзібы ў Русіне, дзе цяпер баранавіцкія аматары беларускай мовы ладзяць розныя імпрэзы ды фэсты. Летась Міхась Бернат зь сябрамі зрабіў вялікую працу па дасьледаваньні вайсковых пахаваньняў часоў Першай сусьветнай вайны ў Баранавіцкім рэгіёне. Як паведамлялася на краязнаўчай канфэрэнцыі ў Русіне, Бернат з паплечнікамі выявілі ў раёне 35 такіх пахаваньняў.

Краязнавец спрычыніўся да ўсталяваньня шыльдаў знакамітым землякам — Уладзіславу Галубку ў вёсцы Лясной, паўстанцу Аляксандру Лянкевічу ў Мілавідах, Андрэю Рымшу ў Гарадзішчы ды іншых.

Сьцяг і герб у хаце Берната

Сьцяг і герб у хаце Берната

«Што такое гісторыя? Гісторыя — гэта памяць. Памяць — гэта сканцэнтраваны досьвед народа, які вывучаецца, дасьледуецца наступнымі пакаленьнямі. Памяць — вельмі важная для духоўнага жыцьця народу зьява. І таму баяцца нашы ворагі і нядобразычліўцы гэтай памяці, — лічыць Міхась Бернат. — Як марксісты казалі — гісторыю творыць народ. Так, але пішуць гэтую гісторыю „людзі ў цывільным“, якія інтэрпрэтуюць у тым кантэксьце, які выгадны таму, хто сёньня гаспадарыць над тым народам, які захапіў. Уявіце сабе чалавека, які страціў памяць — ён жа бездапаможны, зь ім можна рабіць што хочаш. Так і народ, які губляе сваю гістарычную памяць, — ён становіцца бездапаможным. Таму і стараюцца нашы ворагі вынішчыць усё, што нагадвае пра нашу адметнасьць. Любы ж народ, які паважае сябе, усе гістарычныя падзеі разглядае з пункту гледжаньня сваіх інтарэсаў».

Бібліятэка краязнаўцы налічвае больш за 6 тысяч тамоў

Бібліятэка краязнаўцы налічвае больш за 6 тысяч тамоў

Напрыканцы размовы журналіст запытаўся: ці бачыць аптымістычнай Міхась Бернат будучыню свайго музэю?

«Калі б дзяржава была нацыянальная, яна б старалася разьвіваць нацыянальную годнасьць, адметнасьць. Але яна ўсё забараняе. Я пачаў сумнявацца ў значэньні і ў самой наяўнасьці гэтай дзяржавы. Часам я сумняюся, што зьберагуць музэй. Таму што трэба чалавек, які б гэтым жыў, каб ён адчуваў гэты клімат беларускасьці. Музэй — гэта нішто іншае, як храм. Асаблівы храм — храм памяці», — кажа Міхась Бернат.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG