Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калекцыянэр: Давядзецца вызначыць «законныя» 30 бутэлек, каб пакінуць для гісторыі


Ягор Сурскі, архіўнае фота

Ягор Сурскі, архіўнае фота

Сьледам за аўтааматарамі, дармаедамі ды іншымі сацыяльнымі групамі фіскальныя органы дабраліся да «бутлегераў». У жыхара Гомеля з хатняга бару сканфіскавалі больш за 170 бутэлек са сьпіртовымі напоямі з агульнага ліку каля дзьвюх соцень. Да таго ж яго яшчэ і аштрафавалі амаль на 2 мільёны рублёў. Выявілася, што мець дома бяз чэкаў можна толькі 15 літраў алькаголю, вырабленага мясцовымі вытворцамі, і 5 літраў — ад замежных.

Гомельскія падаткоўцы атрымалі сыгнал ад пільных грамадзянаў, якім не давала спакою багатая калекцыя з дарагіх гатункаў віскі, каньяку, рому, віна ды іншых элітных напояў, сабраная мясцовым лекарам. Апэратыўнікі выехалі на месца і выявілі, што калекцыянэр захоўваў свае рарытэты без адпаведных дакумэнтаў — чэкаў ды іншага пацьверджаньня легальнасьці тавару. Такую норму прадугледжвае Адміністрацыйны кодэкс. У выніку аматару прыгожых бутэлек пакінулі тое, што дазволена законам, а 178 бутэлек пайшлі ў даход дзяржавы.

Менскі культуроляг, калекцыянэр пладовага віна Ягор Сурскі не хавае засмучэньня ад карных захадаў з боку кантрольных ведамстваў і сумна жартуе: добра, што яшчэ не канфіскоўваюць кватэру, у якой захоўваецца «крымінальны алькаголь». Бо, дадае суразмоўца, лёгіка, як у маналёгу аднаго з пэрсанажаў Аркадзя Райкіна: калі чалавек не купляе гарэлку, то, няйначай, сам гоніць. Альбо, у прывязцы да канкрэтнай сытуацыі: калекцыянуе — значыць, нелегальна гандлюе:

«Вядома, я таксама не зьбіраў чэкі. Я ўвогуле не разумею, як быць у такой сытуацыі калекцыянэрам віна вінаграднага, марачнага, дзе гэтых чэкаў можа і ня быць — часьцяком такое віно набываюць на аўкцыёнах за несусьветныя грошы. Таму, безумоўна, гэта выглядае даволі абсурдна. Ёсьць такая справа, што сапраўды нелегальна распаўсюджваюць алькаголь, калі існуюць адмысловыя забароны, найперш падчас пасяўной кампаніі, уборачнай. Тады сапраўды людзі захоўваюць, каб нелегальна прадаць там, дзе ёсьць такая забарона. Але калі чалавек захоўвае калекцыю, то якая можа быць падстава да канфіскацыі? Гэта такое, можна нават сказаць, дзікунства. У любым разе я цяпер думаю, што мне трэба ўжо вызначыць тыя 30 бутэлек, якія дазволеныя законам, каб пакінуць дзеля гісторыі. То бок нічога не застаецца, як выбраць самыя вартасныя з усёй калекцыі».

«Пладова-ягадная» калекцыя, архіўнае фота

«Пладова-ягадная» калекцыя, архіўнае фота

Як вынікае з нормаў заканадаўства, без абмежаваньняў захоўваць дома і перавозіць па краіне алькаголь можна толькі ў адным выпадку — калі ён набыты ў Беларусі і на яго ёсьць адпаведныя чэкі. У іншым выпадку вызначаны ліміт: 15 літраў на бутэлькі зь беларускімі акцызамі і 5 літраў — на замежныя. У абодвух выпадках перавышэньне літражу нават пры наяўнасьці чэкаў пагражае штрафам ад 1 мільёна 800 тысяч рублёў да 18 мільёнаў з канфіскацыяй «прадмету злачынства».

Абмежаваньні распаўсюджваюцца нават на хатняе віно: легальна можна захоўваць ня болей за 5 літраў. У іншым выпадку — вялізны штраф і экспрапрыяцыя абсталяваньня для вытворчасьці. Як кажа Ягор Сурскі, хацелася б пабачыць вочы грузінскага ці францускага вінароба, якому б паспрабавалі давесьці падобныя ліміты ў яго на радзіме:

«Тут недапрацоўка на ўзроўні закону. Як быць з тымі ж калекцыянэрамі марачных вінаў, якія прывозяць з-за мяжы, перакупліваюць і г.д.? Бо каб такі закон дзейнічаў, скажам, у Францыі, была б неверагодная крыніца прыбытку для дзяржавы. Зрэшты, мне гэта таксама бачыцца ў такім рэчышчы: загадана знайсьці крыніцу дадатковых пабораў, і ў ход пайшлі такога кшталту законы.

Бутэлькі — выключна для гісторыі, архіўнае фота

Бутэлькі — выключна для гісторыі, архіўнае фота

Па-другое, у калекцыянаваньні алькаголю ёсьць розныя аспэкты. Некаторыя зьбіраюць алькаголь перадусім дзеля этыкеткі. Напрыклад, у мяне ёсьць знаёмы, які калекцыянуе піва. І калі ён правозіў вялікую колькасьць — недазволеную — празь мяжу, то нават памежнікі, пабачыўшы, што піва не аднаго гатунку, зразумелі: чалавек вязе для калекцыі. Дый самі па сабе бутэлькі: няважна, будзе ён выпіваць ці не, але яны могуць аздобіць інтэр’ер ягонай кватэры, калі зьбіраць з розных краін сьвету. Ну якія тут могуць быць пярэчаньні? Чалавек зьбірае, а гэтую падставу выкарыстоўваюць, каб штрафаваць, каб канфіскоўваць, каб, зноў жа, ужываць карныя захады».

Паколькі праваахоўным органам цяжка выявіць факт нелегальнага гандлю, справу распачынаюць, калі, дзякуючы перадусім пільным грамадзянам, выяўлены факт захоўваньня звышлімітнага алькаголю.

Асаблівая ўвага — да самагоншчыкаў: адказнасьць за выраб і рэалізацыю прапісаная ў Адміністрацыйным кодэксе асобным пунктам. Гнаць забаронена нават для сябе: пара літраў выяўленай самагонкі на першы раз можа каштаваць каля 1 мільёна рублёў з канфіскацыяй усяго датычнага — ад брагі да самагоннага апарату. Паўторная спроба цягам году можа спустошыць кішэні больш як на 5 мільёнаў рублёў.

Асобна — калекцыя этыкетак, архіўнае фота

Асобна — калекцыя этыкетак, архіўнае фота

У сярэдзіне траўня Ягор Сурскі быў куратарам выставы «Лятучая, гаручая і празрыстая», якая адбылася ў Нацыянальным гістарычным музэі. Гаворка пра яе ж — самагоначку, якую беларусы гналі для сваіх патрэбаў усё сьвядомае жыцьцё. І прыраўноўваць нацыянальны атрыбут да злачынства — прынамсі нелягічна:

«Нават тая сытуацыя з выставай, прысьвечанай самагонаварэньню. Напрыклад, калі канфіскуюць гэтыя апараты, зразумела, ня кожны супрацоўнік думае, што гэта варта зьберагчы для гісторыі. І з гэтых апаратаў, якіх безьліч было зьнішчана, каб прадухіліць далейшы выраб прадукцыі, некалькі ўсё ж трапіла ў музэйныя калекцыі. Значыць, ёсьць сьвядомасьць і разуменьне таго, што гэта не выключна інструмэнт злачынства, але і ўжо нейкі гістарычны прадмет, атрыбут. Такая сьвядомасьць таксама ёсьць, і дзякуючы гэтаму зьяўляюцца музэі ў структуры МУС. І калі, у прынцыпе, мая калекцыя апынецца ў музэі, гэта будзе, прынамсі, ня горшы варыянт разьвіцьця падзеяў. А калі яе канфіскуюць і выкінуць, то варта падумаць, як гэта можна было прадухіліць. Вядома, для калекцыянэра марачнага віна гэта будзе немагчыма, але ўсё ж трэба даць зьберагчы тады нейкія выявы ці прынамсі этыкеткі. Мне гэтая гісторыя так падаецца».

Прадстаўнікі Міністэрства па падатках і зборах могуць прыйсьці ня толькі дадому да падазронага калекцыянэра, але і з дапамогай супрацоўнікаў ДАІ спыніць на трасе аўтамабіль, каб спраўдзіць дазволеную норму алькаголю ў салёне. Найперш гэта тычыцца памежных раёнаў, дзе беларусы атаварваюцца ў крамах д’юці-фры. Ня так даўно ў Горадні кантралёры спынілі «Фольксваген» з амаль 300 літрамі элітнага алькаголю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG