Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурскі: У арбіту брэнда «віно пладовае» ўцягнуты мільён беларусаў


Калекцыя чарніла — больш за 300 бутэлек
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00
Наўпроставы лінк

Калекцыя чарніла — больш за 300 бутэлек

Сярод мноства варыянтаў калекцыянаваньня ці не найбольш экстравагантным выглядае хобі культуроляга Ягора Сурскага.

Некалькі апошніх гадоў ён зьбірае, як сказана на адмысловай старонцы ў Фэйсбуку, «жывы артэфакт сучаснай беларускай культуры» — віно пладовае ў самых розных яго варыяцыях. Нягледзячы на зьбіральна-жаргонныя ярлыкі кшталту «чарніла», «бырла», «сінька», «барматуха» і г.д., спадара Сурскага найперш цікавіць нацыянальны калярыт прадукту, колькасьць спажыўцоў якога агулам дасягае 1 мільёна.

Зьбіраць «артэфакты» Ягор Сурскі пачаў у 2005 годзе, а сёньня імправізаваны «бар» перавышае тры сотні рознакалібэрных бутэлек. Яшчэ паўтысячы гатункаў прадстаўлены этыкеткамі, якія спачатку сыстэматызаваліся ў альбомах, а цяпер раскладзеныя па розных ёмістасьцях. Суразмоўца дадае, што захапленьне з кожным годам літаральна «зьядае» каштоўныя квадратныя мэтры: паўтара дзясятка скрыняў з бутэлькамі пасярод пакою проста так ня кінеш. Захоўваць стацыянарна на паліцах таксама не выпадае: ад сонца выгараюць этыкеткі, дый зьмесьціву пажаданы ценевы рэжым.

Спадар Ягор небеспадстаўна лічыць, што ягоны «вінны склеп» — самы вялікі ў Беларусі. Інтарэс ацанілі і віртуальныя «аналітыкі»: недалёкі час, калі тэматычная старонка ў Фэйсбуку аб’яднае паўтары тысячы сяброў. Зьявіліся пасьлядоўнікі, якія ня толькі дапамагаюць знаходзіць новыя экзэмпляры, але і ўзялі на сябе цяжар у адміністраваньні сайту. Адкуль увогуле пайшло такое незвычайнае захапленьне?

«Заўсёды, калі зьяўлялася такое віно, вакол яго пачынаў існаваць пэўнага кшталту фальклор. Мяне гэта таксама зацікавіла, я пачаў зьвяртаць увагу на сам напой, назвы і г. д. Зразумела, людзі, якія гэты прадукт не ўжываюць, як правіла, ім не цікавяцца зусім. Дый у крамах такія бутэлькі стаяць прыхаваныя, не на самым відочным месяцы. Але калі я пачаў калекцыянаваць, гэта ўхвалілі сябры, знаёмыя; пачалі дапамагаць, цікавіцца, набываць нешта ў калекцыю. Здараліся і розныя вясёлыя сытуацыі, з гэтым зьвязаныя. Прыкладам, калі адзін знаёмы набываў бутэльку ў калекцыю, па чарзе прабег няўхвальны рокат: такі малады, а ўжо так п’е. Карацей, гэта ня проста сам па сабе напой, а культурніцкі артэфакт. Вакол яго і фальклор цэлы, і такія гісторыі, і асацыяцыі цікавыя. І ўрэшце рэшт самі назвы такіх вінаў да гэтага заахвочваюць — заахвочваюць уключаць фантазію».

Як і за савецкім часам, Беларусь захоўвае ўсясьветнае лідэрства што да ўжываньня таннага пладова-ягаднага віна на душу насельніцтва. Нават спробы адмовіцца ад вытворчасьці «чарніла», пачынаючы ад 1 студзеня 2013 году, не далі плёну — народ выступіў на абарону «нацыянальнага багацьця». Спадар Сурскі кажа, што ў адзін момант зьнішчыць цэлы пласт гісторыі сапраўды было б неабачліва:

«Некалі сапраўды ўразіла разнастайнасьць гэтага матэрыялу, які проста цяжка ахапіць. Я сам зьдзівіўся, калі пачаў калекцыянаваць, што насамрэч такая разнастайнасьць і назваў, і гатункаў, і вытворцаў. Мяне гэта надзвычай зацікавіла і, як аказалася, можа быць цікавым хобі. І хобі менавіта беларускім, таму што гэта зьява выключна беларуская, мы тут адрозьніваемся ад іншых. Нешта падобнае ў свой час існавала ў Польшчы, але зараз ужо ў менай ступені; крыху мае працяг у Літве. Таму я неяк гэта ўсё асацыюю таксама з такой спадчынай сармацкай, з арэолам Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Таму што такія вось пладовыя віны прадстаўленыя толькі ў гэтым рэгіёне, а ў нас яны захаваліся ў самай большай ступені. Матэрыял, астатнія прыкметы яшчэ ёсьць у наяўнасьці».

Бадай, ніякі іншы прадукт у Беларусі не пахваліцца падобным багацьцем асартымэнту. Калектыўны розум вінаробаў нараджае «лэйблы», якія становяцца клясыкай жанру. Дарэчы, як кажа Ягор Сурскі, адзін з устойлівых вобразаў гэтага прадукту — «чарніла» — мае сваю легенду. За савецкім часам нібыта было віно з назвай «Чары Ніла» і, просячы ў прадавачкі бутэлечку «чар ніла», суровыя спажыўцы паступова прыстасавалі афрыканскую экзотыку да больш звыклай беларускай формы. Ці склаў спадар Сурскі ўласны хіт-парад назваў, якія ніколі не ўбачыш на іншых этыкетках?

«Безумоўна, калі зьяўляецца нейкая цікавая назва, яна прыцягвае ўвагу. Пачынаеш аналізаваць: чаму, у сувязі з чым яна магла ўзьнікнуць? Увогуле Найбольш мяне цікавяць назвы, якія выяўляюць вузкую спэцыфіку ведаў. Напрыклад, „Фларыяль“: нейкі па ліку месяц францускага рэвалюцыйнага календару, які існаваў, мабыць, усяго 12 гадоў у пэрыяд францускай рэвалюцыі. І вось гэтая назва раптам усплывае на сучасных беларускіх вінах. Альбо нейкая спэцыфічная назва ці німфа ў старажытнагрэцкай міталёгіі. Такое таксама трапляецца і ўжо вымагае пошуку ў слоўніку, энцыкляпэдыі. Бывае, потым нават тлумачыш прадавачкам, якія гэтага ня ведаюць. Зрэшты, яны таксама спэцыфічна ставяцца да такога тавару, бо для іх гэта шэрая будзённасьць. І калі пачынаеш цікавіцца, якія віны ёсьць, якія назвы, збольшага так рэагуюць: няўжо не зразумела, што ўсё віно аднолькавае, з адной бочкі і ніякай розьніцы няма? Мне здаецца, усё ж ёсьць нюансы».

Аднак у грамадзтве існуе меркаваньне, што віно пладовае заслугоўвае толькі аднаго параўнаньня — са зброяй масавага паражэньня. Калекцыянэр Сурскі трымаецца палярнай пазыцыі: гэта — сапраўдны брэнд Беларусі:

«З аднаго боку, сапраўды існуе такое меркаваньне. А зь іншага, калі я пачаў глядзець і ўсьведамляць, што гэта якраз беларуская ўнікальнасьць, можна сказаць, выключнасьць (віно захавалася ў такім памеры, у такіх маштабах толькі ў нас), ужо пачынаеш думаць: ці не гарант гэта сувэрэннасьці, ці не гарант сувэрэнітэту беларускага? Лічу, што ў віна пладовага і вялікі турыстычны патэнцыял. Калі ня так даўно ў сувязі з нейкімі мерапрыемствамі — мабыць, чэмпіянатам сьвету па хакеі — была спроба зрабіць брэнд для Менска, увогуле для Беларусі, пачалі ўсплываць рэчы, нам зусім не ўласьцівыя. Зьвяртаемся па парады да замежных брэндолягаў, што ўвогуле незразумела. А калі добра паглядзець, то гэты брэнд побач. Папулярнасьць гэтай зьявы акурат сьцьвярджае на карысьць той тэзы, што віно пладовае можа быць гэткім сучасным беларускім брэндам. Калі прааналізаваць апошнія дэкады, апошнія дзесяцігодзьдзі, дык гэта сапраўды вельмі характарыстычна для Беларусі».
Пладовае віно можа быць гэткім сучасным беларускім брэндам

Ці даводзілася зьбіральніку «чарнільнай» калекцыі самому дэгуставаць такую прадукцыю? І ці могуць яблычныя віны сапраўды зацікавіць замежных турыстаў, якія прызвычаіліся да правераных часам вінаградных аналягаў?

«Як калекцыянэр я сапраўды павінен дэгуставаць. Пры тым, што ёсьць людзі, якія ўвогуле вызначаюць такое віно як індыкатар алькагалізму, гавораць, што спадзяюцца ніколі ў жыцьці яго не пакаштаваць і г.д. Тое, што асацыюецца з гэтым напоем, такое пра яго і ўяўленьне. Канечне, каштаваць даводзілася. Перадусім, калі зьяўляліся „дублі“. Як даводзілася і частаваць замежнікаў. Рэакцыя была абсалютна нармальнай, нават трохі ў разгубленасьці былі. Калі мы думаем пра віно, то гэта як бы вінаградны напой, з пладовым людзі віно атасаямляюць вельмі цяжка. Але быў у мяне ў гасьцях бэльгіец, які ўспрыняў гэта як... ружовае віно рэдкага гатунку. Таму, думаю, ёсьць неблагі турыстычны патэнцыял. Усё залежыць нават не ад самога напою, які даволі якасны, бо складнікі ж усе натуральныя — тое, што нарыхтоўваюць сяляне, тыя ж ягады, якія зьбіраюць і здаюць дзяржаве, тыя ж яблыкі. Іншая справа, культура спажыцьця. На жаль, культура спажываньня кульгае, таму зьяўляецца і паўстае ўяўленьне пра такі напой».

Па словах суразмоўцы, па прылепленых да бутэлек этыкетках можна прасачыць і пэўныя працэсы ў грамадзтве. Так, калі напачатку 1990-х абсалютная іх бальшыня суправаджалася інфармацыяй па-беларуску, то зь цяперашніх гатункаў беларускамоўных налепак у лепшым выпадку працэнтаў дзесяць:

«На жаль, гэты працэнт цалкам адлюстроўвае існуючую моўную сытуацыю ў краіне. На самой справе беларускамоўных назваў у беларускага віна магло б быць больш. Цяпер гэта прыкладна 10% ад усіх назваў, а можа нават трошачку менш. Але беларускія назвы зьяўляюцца, яны па-свойму таксама арыгінальныя. Ну вось, напрыклад, віно пладовае „Весялінка“. Цалкам беларускамоўная назва, якая, па вялікаму рахунку, аўтэнтычная — нейкі аналяг у іншых мовах ёй цяжка знайсьці».

Карэспандэнт: «І ўсё ж самы „брэндавы“, раскручаны, пэўна, „Крыжачок“»?

«Так, сапраўды, некаторыя назвы цягам часу становяцца легендарнымі, культавымі. Менавіта „Крыжачок“, „Загадка“, „Містэр Ікс“. Можна вывесьці, напэўна, зь дзясятак такіх знакавых назваў. Асабіста мяне вельмі ўразіла віно „Пралетарскае“ — нечаканая знаходка і адкрыцьцё, што яно раптам зьявілася. Гэта прадукцыя Гомельскага вінаробнага заводу і ягонага філіялу ў Рэчыцы. Дарэчы, раней сытуацыя па назвах была прынцыпова іншая: напачатку 1990-х віно было практычна цалкам беларускамоўнае. Вось этыкеткі таго часу: віно „Палескае“, „Ветразь“, „Чырвонапарэчкавае“ і г.д. Падрабязны пералік ёсьць на нашым сайце. Таму, яшчэ раз паўтару, нават у назвах выразна адлюстроўвацца уся тая палітыка, якая цяпер мае месца ў краіне».

У лепшыя для спажыўцоў і вытворцаў часы на «індустрыю» працавалі больш за дзьве сотні профільных заводаў. Не грэбавалі дадатковым заробкам нават бровары і малаказаводы. Любы калгас ці саўгас пры адпаведнай прадпрымальнасьці кіраўнікоў мог усталяваць такі «станок» для спраўнага папаўненьня свайго бюджэту. Ня дзіва, што такім шырокім фронтам ударыць па народнай пячонцы не складала ніякіх праблемаў:

«Ну, вы самі ведаеце, што алькагалізм ёсьць і ў тых краінах, дзе няма і ніколі не было такога напою. Але гэта як і ўсё іншае. Прыкладам, радыяцыю цяжка дыягназаваць. Ці можна лічыць прычынай хваробы радыяцыю альбо нешта іншае? Так і з пладовым віном. Зразумела, што ў вялікіх дозах дрэнна ўсё, але я ўсё ж схіляюся да таго, што ўсё залежыць ад культуры спажываньня і менавіта як кажуць, гэтую культуру піцьця можна палепшыць, можна ўзьняць на новы ўзровень. Зь іншага боку, мне таксама падаецца глупствам піць якаснае вінаграднае віно — эўрапейскае — пераплачваючы за яго, нават ня ведаю, у пяць ці сем разоў», — гаворыць Ягор Сурскі
Мне падаецца глупствам піць якаснае вінаграднае віно — эўрапейскае — пераплачваючы за яго ў пяць ці сем разоў

Паводле падлікаў суразмоўцы, у арбіту «віна пладовага мацаванага» уцягнута да мільёна беларусаў. Зразумела, гэты мільён досыць умоўны, паколькі кола спажыўцоў прадукту досыць абмежаванае, а ўжываньне наяўных аб’ёмаў бярэ на сябе найбольш «загартаваная» частка:

«Калі я аналізаваў статыстыку вытворчасьці, зразумеў, што гэта толькі ўнутраны рынак, выключна свой спажывец, палічыў: каб спажыць усю колькасьць, улічваючы цяперашнюю нашу дэмаграфію, патрэбен мільён беларусаў, якія выпівалі б у дзень па дзьве бутэлькі. Тады ўвесь гэты аб’ём вытворчасьці спажываецца. Зразумела, што афіцыйная статыстыка, тыя, хто стаяць на ўліку ў дыспансэрах, не адлюстроўваюць праблему перадазаваньня. Але, калі ўзяць існуючую прапорцыю, то менавіта так і ёсьць: умоўна кожны дзясяты жыхар краіны (будзем мець на ўвазе, што гэта жыхар дарослы) — ён спажывец гэтага напою. Калекцыянэры, якія робяць свой сьціплы ўнёсак у статыстыку, таксама ёсьць і апроч мяне. Але калекцыянэраў, зразумела, адзінкі. Ніякага істотнага надвор’я яны ня робяць».

Відавочна, што кожны харчовы ці пітны прадукт мае тэрмін прыдатнасьці. Ці не баіцца спадар Сурскі, што калі наступіць «час ікс», калекцыя страціць смакавыя якасьці, а грошы на яе фармаваньне акажуцца змарнаванымі?

«Ну, найперш яна ж нікуды ня зьнікне. А хто ў гэтым сэнсе дакладна ведае, у чым вартасьць калекцыйных вінаў? Магчыма, зусім нават ня ў тым, што яны становяцца больш якаснымі з часам, а менавіта ў тым, што яны захоўваюцца як мага даўжэй. І калі можна пад сумнеў ставіць якасьць таго вінаграднага віна, якому будзе 100 ці нават 200 гадоў, усё роўна, калі мы знойдзем гэтую бутэльку, яна будзе ацэньвацца зусім не па якасьці ўласна прадукту. Гэта вось такая спэцыфіка і тонкасьць калекцыянаваньня. Іншымі словамі, тонкасьць любога такога кшталту гурманства: уяўленьне пра напой нашмат важней нават за яго смакавыя характарыстыкі».

У беларусаў бутэлька віна ці самагонкі здаўна асацыявалася з разьліковай валютай. На вёсцы дагэтуль за паслугі прынята плаціць не «драўляным рублём», а канвэртаванай пляшкай. Літаральна да гэтага году нават удавалася прывязваць «чарніла» да рынкавай каціроўкі: бутэлька аб’ёмам 0,7 літра была адпаведная 1 эўра, а паўлітроўка — 1 даляру. Аднак абвешчаная дзяржавай вайна алькагалізацыі насельніцтва пачалася з прагназаванай контратакі — рэзкага росту кошту пладова-ягаднага асартымэнту. Яшчэ крыху, і за такія ж грошы можна будзе набыць вінаградную прадукцыю францускіх «канкурэнтаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG