Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорскія лекары гатовыя даць аўтамабіль, каб завезьці вязьня Ягора Пратасеню з «Валадаркі» дамоў


Жодзінская турма, дзе ўчыніў спробу самагубства Ягор Пратасеня

Жодзінская турма, дзе ўчыніў спробу самагубства Ягор Пратасеня

Маці вязьня Ягора Пратасені, які застаецца ў коме пасьля спробы самагубства, у судзе сказалі рыхтавацца да транспартаваньня сына зь Менску ў Салігорск.

Перавезьці Ягора Пратасеню маюць на пачатку сакавіка. Менскі абласны суд прыняў рашэньне вызваліць Ягора Пратасеню ад пакараньня ў сувязі са станам здароўя: хлопец так і не апрытомнеў пасьля таго, як на пачатку студзеня ў Жодзінскай турме зрабіў спробу самагубства.

«Буду яго забіраць, бо на „Валадарцы“ яго далей трымаць ня хочуць. У Салігорску лекары сказалі, што дадуць аўтамабіль для транспартаваньня сына, толькі трэба, каб з суду тэрмінова прыйшлі дакумэнты. У судзе абяцаюць дакумэнты хутка падрыхтаваць, каб ужо на будучым тыдні я магла Ягора забраць», — сказала Сьвятлана Пратасеня.

20-гадовы жыхар Салігорску Ягор Пратасеня быў асуджаны Салігорскім раённым судом на 14 гадоў зьняволеньня за распаўсюд наркотыкаў. Віну Ягор Пратасеня ў судзе не прызнаў, у лістах дамоў і на сустрэчах з маці ён казаў, што паказаньні ад яго атрымалі незаконным шляхам, і папярэджваў, што скончыць жыцьцё самагубствам, каб адпомсьціць опэрупаўнаважаным з наркакантролю. На пачатку студзеня, калі Сьвятлана Пратасеня прыехала ў Жодзінскую турму на спатканьне з сынам, ёй сказалі, што ён трапіў у турэмны шпіталь у непрытомным стане пасьля няўдалай спробы самагубства. 19 лютага Менскі абласны суд разглядзеў касацыйную скаргу на прысуд Ягору Пратасені і пакінуў яго бязь зьмены, але пастанавіў вызваліць асуджанага ад пакараньня па стане здароўя.

«Гэта азначае, што як толькі ён апрытомнее і зможа хадзіць, яго зноў забяруць у турму. Але каб ён пайшоў, гэта павінен быць цуд. Пакуль ён толькі ляжыць і расплюшчвае вочы, і незразумела, робіць ён гэта асэнсавана ці не. Вельмі схуднеў. Перадала яму для харчаваньня адмысловыя прадукты, каб папраўляўся. Але пакуль у ягоным стане ўсё застаецца як было», — распавяла маці Ягора Пратасені.

Сьледчы камітэт Беларусі заявіў пра пачатак праверкі дзеяньняў службовых асобаў у сытуацыі зь Ягорам Пратасенем. Пра вынікі праверкі афіцыйна не паведамлялася.

XS
SM
MD
LG