Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебшчына традыцыйна лічыцца ці ня самым «чыстым» рэгіёнам, што да наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Але «традыцыйна» — ня значыць «дакладна». А яшчэ — «давярай, але правярай»... Так вырашыла віцебская журналістка Алена Сьцяпанава.

Мапа ў інстытуце радыяцыйнай бясьпекі «Белрад»

Мапа ў інстытуце радыяцыйнай бясьпекі «Белрад»

Праверыць узровень утрыманьня цэзію-137 у арганізьме чалавека ў абласным цэнтры аказалася немагчымым. Давялося ехаць у сталіцу, дзе ў лябараторыі спэктрамэтрыі Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад» ёсьць прыбор — спэктромэтар выпраменьваньня чалавека.

Высьветліць, колькі ў маім целе радыеактыўнага ізатопу цэзію-137, аказалася ня тое што не балюча — нават незаўважна: ты проста сядаеш у крэсла, і цягам трох хвілін прыбор праводзіць вымярэньні. За гэты час супрацоўнік «Белраду» Павал Фарботка, вядучы інжынэр лябараторыі, пасьпявае патлумачыць прынцып дзеяньня спэктромэтра:

Павал Фарботка і фатэль-спэктромэтар

Павал Фарботка і фатэль-спэктромэтар

«Чалавек узважваецца, бо мы вылічваем колькасьць бэкерэляў на кіляграм вагі, а потым сядае ў крэсла. З выгляду — яно самае звычайнае, але ўнутры, у сьпінцы, усталяваны дэтэктар. Паколькі цэзій назапашваецца ў мышцах і ўнутраных органах, дзеяньне дэтэктара скіраванае на тыя зоны, дзе цэзію можа быць найбольш — гэта ягадзіцы, сьпінныя мышцы, пячонка, ныркі. Цэзій выпраменьвае імпульсы, іх рэгіструе дэтэктар і дасылае інфармацыю на кампутар. Там усё сыстэматызуецца. Дасьледаваньне няшкоднае і ня страшнае. А людзям усё ж карысна ведаць стан свайго арганізму, нават у „чыстай“ Віцебскай вобласьці».

Падчас дасьледаваньня не балюча і ня страшна

Падчас дасьледаваньня не балюча і ня страшна

Пасьля апісанай працэдуры я даведваюся «сваю норму» — 9, 41 бэкерэля. Строга кажучы, гэта палова ад агульнапрынятай нормы, таму што беларускія адмыслоўцы лічаць нармальным узроўнем радыяцыі ў арганізьме чалавека да 20 бэкерэляў на кіляграм вагі.

Вынік дасьледаваньня

Вынік дасьледаваньня

Можна было б супакоіць землякоў: калі ў мяне, сярэднестатыстычнага прадстаўніка Віцебшчыны, усё добра, то добра і ў бальшыні астатніх. Але развагі Паўла Фарботкі наводзяць на іншыя думкі. Мяркуйце самі.

«Утрыманьне цэзію-137 у чалавечым арганізьме не стабільнае. Яно вагаецца ў залежнасьці ад таго, чым чалавек харчуецца. Пасьля катастрофы на ЧаЭС былі ўсталяваныя такія нормы — што чалавеку нельга назапашваць радыяцыі больш за 1 мілізывэрт у год. У адпаведнасьці з гэтым былі распрацаваныя нормы дапушчальнага ўтрыманьня радыеактыўнага цэзію ў харчовых прадуктах. У Беларусі такая агульная норма складае 400 бэкерэляў. Але ў кожнага харчовага прадукту норма свая: прыкладам, максымальнае ўтрыманьне цэзію-137 у лясных ягадах не павінна перавышаць 185 Бк/кг, у грыбах — 370 Бк/кг», — тлумачыць адмысловец.

Колькі цэзію-137 у гэтых грыбах, ніхто не правяраў

Колькі цэзію-137 у гэтых грыбах, ніхто не правяраў

А далей пачынаецца простая арытмэтыка: добра, калі ў журавінах, якія цяпер актыўна прадаюцца на кірмашах, цэзію ўтрымліваецца, скажам, 50 Бк/кг. А калі 180 Бк/кг? Гэта ўкладаецца ў «бясьпечныя парамэтры», але ж і да перавышэньня нормы ў 400 Бк/кг ужо недалёка, калі зьесьці трохі журавін, а яшчэ й трохі грыбоў з высокім, але таксама не вышэйшым за норму ўтрыманьнем цэзію...

На Смаленскім кірмашы ў Віцебску журавінамі гандлююць без даведак

На Смаленскім кірмашы ў Віцебску журавінамі гандлююць без даведак

Прычым у рэальнасьці даведацца, колькі цэзію ў ягадах, якімі гандлююць на кірмашах, аказваецца ня так і проста. На кірмашы ў Полацку бабуля дэманструе даведку на свае журавіны з такім выглядам, нібыта я абражаю яе годнасьць. На Смаленскім кірмашы ў Віцебску просьба паказаць паперку зь лябараторыі выклікае рогат цэлага шэрагу гандляроў. «Ды ў нас ані ў кога іх няма, — кажа дзядзечка. — Але вы не сумнявайцеся, ягады добрыя!» Прасіць даведкі на стыхійным кірмашы каля крамы «Эўраопту» на Маскоўскім праспэкце абласнога цэнтру нават не прыходзіць у галаву — ні на журавіны, ні на грыбы. Бо тут і лябараторыі няма, і гандаль «зь зямлі»...

Гандаль зь зямлі на Маскоўскім праспэкце

Гандаль зь зямлі на Маскоўскім праспэкце

Між тым, хоць Віцебшчына і лічыцца «чыстай», падставы непакоіцца за якасьць грыбоў і ягад усё ж ёсьць. На мапе 2010 году выразна відаць радыеактыўную «плямку» ў Талачынскім раёне. Хто дасьць гарантыю, што ягады-грыбы, якімі несанкцыянавана гандлююць у Віцебску ці Воршы, прывезьлі не адтуль? Вядома, што «дары лесу» з Талачыншчыны вязуць і ў Расею, і прадаюць «на трасе» — праежджым вандроўнікам. Пра небясьпеку ўжываньня ягад і грыбоў зь мясцовага лясьніцтва папярэджвае і дзяржаўная «раёнка». Зрэшты, у 2015 годзе дапушчальны ўзровень радыенуклідаў у грыбах і ягадах быў перавышаны на тэрыторыях забруджаньня ляснога фонду ва ўсіх лясгасах, апроч Віцебскага.

Як узьдзейнічае цэзій-137, калі яго ў арганізьме зашмат? Ён незаўважна прыносіць шкоду, а потым гэтаксама незаўважна зьнікае. У чалавека можа зьнізіцца імунітэт, ён будзе хутка стамляцца, могуць зьявіцца праблемы з сэрцам, іншымі органамі. А цэзій-137 тым часам можа ўжо і ўнармавацца, пакінуўшы па сабе незваротныя наступствы. Нічога надзвычайнага, здаецца, чалавек не рабіў — проста падʼеў сабранага «ня ў тым» лесе...

У «Белрадзе» таксама можна праверыць «дары лесу»

У «Белрадзе» таксама можна праверыць «дары лесу»

У менскім «Белрадзе» таксама могуць праверыць узровень утрыманьня цэзію-137 у грыбах ці ягадах, але гэта робяць і санітарныя службы Віцебшчыны. Што да вымярэньняў выпраменьваньня чалавека, то «Белрад» мае цэлы парк перасоўных спэктромэтраў — крэслаў з дэтэктарамі ўнутры. Яны, дарэчы, не беларускай вытворчасьці, бо тутэйшыя задорага каштуюць у параўнаньні хоць бы з украінскімі. Адмыслоўцы выяжджаюць зь імі ў рэгіёны, пераважна «брудныя», і дасьледуюць узровень утрыманьня цэзію ў школьнікаў і дарослых. Распрацаваная цэлая праграма — сэмінары, лекцыі, візуальныя ілюстрацыйныя матэрыялы, у тым ліку адаптаваныя для дзяцей. Але ў Віцебскую вобласьць за тыя 7 гадоў, што ў «Белрадзе» працуе Павал Фарботка, выездаў не было.

Так выглядае дэтэктар у перасоўным спэктромэтры

Так выглядае дэтэктар у перасоўным спэктромэтры

Паводле зьвестак з інтэрнэту, да 2003 году ў Віцебску існавала ўстанова, названая складанай абрэвіятурай «ВФ НИКИ РМиЭ», дзе можна было праверыць «свой цэзій». Але яна зачынілася. І абавязак сачыць, каб прадукты харчаваньня, якімі гандлююць у горадзе, належным чынам кантраляваліся — таксама не выконваецца адказнымі службамі. Таму выглядае, што ведаць «сваю норму» — мала і ненадзейна. Нават калі яна напалову меншая за рэглямэнтаваную дзяржавай.

Журавіны невядомага паходжаньня

Журавіны невядомага паходжаньня

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG