Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я спадзяюся, што мой зварот трапіць на стол прэзыдэнту», — Ганна Канапацкая


Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Зварот дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у якім яна патрабуе адмены дэкрэту пра дармаедзтва, бурна абмяркоўваўся ў сацсетках.

Пра рэакцыю на гэты зварот Ганна Канапацкая расказала ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды.

— Многія выказваюць вам падзяку і падтрымку, але і кажуць пра тое, што дамагчыся адмены дэкрэту будзе складана.

— Гэта не піяр-акцыя. Я ў любым выпадку буду рабіць усе магчымыя захады, каб адмена дэкрэту стала рэальнасьцю. Калі не адмяніць, то неабходна прыпыніць дзеяньне гэтага дэкрэту. Бо гэта ня мой нейкі капрыз, гэта сёньняшні настрой грамадзтва, які я адчувала падчас паездак па рэгіёнах Беларусі. Перагібы гэтага дэкрэту прызнаюць усе. Нават сама ўлада.

— Калі Лукашэнка мусіць вам адказаць на ваш запыт?

— Альбо цягам 15 дзён, альбо, калі патрабуецца нейкі дадатковы дакумэнт, цягам 30 дзён. Я напісала Лукашэнку ўпершыню. У інтэрнэце я апублікавала чарнавік, а арыгінал ліста пайшоў у адміністрацыю прэзыдэнта. У чарнавіку не было адрасата ў правым верхнім куце, і там няма дэпутацкага блянку. То бок я паклала гэта на дэпутацкі блянк, напісала «Адміністрацыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», адрас — і накіравала.

— А не было жаданьня прачытаць яго ў Авальнай залі і запрасіць дэпутатаў таксама падпісацца?

— Я выказала свой пункт гледжаньня. Калі нейкі дэпутат мае такую ж пазыцыю, ён мае такое самае права пакласьці на дэпутацкі блянк і адправіць у адміністрацыю.

— Магчыма, ёсьць нейкая рэакцыя ад іншых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў?

— Не, сёньня, на жаль, усе маўчалі.

— А вы прапаноўвалі некаму падпісаць гэты зварот?

— Не, я проста ведаю, што некаторыя дэпутаты нават падтрымліваюць гэты дэкрэт, як бы сьмешна гэта ні гучала. Напрыклад, магілёўскія дэпутаты. Бо мае аднапартыйцы рыхтавалі ім запыт, але яны сказалі, што гэты дэкрэт патрэбны. Гэта было агучана ў Авальнай залі, што дэкрэт патрэбны і што яго неабходнасьць ні ў кога не выклікае сумневаў.

— У сувязі з гэтым зваротам у фэйсбуку пішуць і пра тое, што супраць вас могуць быць ужытыя нейкія санкцыі, вас «зьядуць» ці «перавыберуць»...

— Усё можа быць, усё залежыць ад нашага народу, ад маіх выбаршчыкаў, ад таго, як яны павядуць сябе ў гэтай сытуацыі. Тэарэтычна ёсьць працэдура адкліканьня дэпутата. Але я адчуваю падтрымку ў гэтым пытаньні ня толькі ад сваіх выбаршчыкаў. Я многа сустракалася зь людзьмі і ня чула ніводнага станоўчага водгуку пра гэты дэкрэт. Многа грамадзянскіх ініцыятываў, сяброў нашай партыі і правацэнтрысцкай кааліцыі зьбіралі подпісы за адмену дэкрэту і накіроўвалі іх дэпутатам, маім калегам, з просьбай пасадзейнічаць у адмене дэкрэту. У мяне таксама ёсьць такі зварот.

— Але былі і такія камэнтары ў фэйсбуку, што гэты дэкрэт накіраваны на тое, каб людзі працавалі, і працавалі легальна...

— Я згодная, што ценявой эканомікі не павінна быць. І людзі, якія ня плацяць падатку, не павінны карыстацца сацыяльнымі дабротамі. Але гэта павінна быць зроблена ў іншай форме. Існуе мноства іншых мэханізмаў.

— То бок вы чакаеце, што Лукашэнка пагодзіцца з вашымі аргумэнтамі і адменіць дэкрэт?

— Мне б вельмі хацелася, каб гэты ліст трапіў на стол прэзыдэнта. Я вельмі спадзяюся, што гэты дэкрэт будзе адменены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG