Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Я не зьбіраюся нікому падабацца» — Зьміцер Дашкевіч


Зьміцер Дашкевіч на вулічнай акцыі, архіўнае фота

Зьміцер Дашкевіч на вулічнай акцыі, архіўнае фота

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч. Напярэдадні суду над Эдуардам Пальчысам Зьміцер распавядае пра сваю ініцыятыву падпісвацца ў падтрымку Пальчыса, пра тое, чаму гэта важна для ўсяго грамадзтва, адказвае на пытаньне, колькі подпісаў ён сабраў за бел-чырвона-белы сьцяг, і тлумачыць, у чым ён бачыць прыкметы пераменаў. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— 14 кастрычніка Менскі гарадзкі суд пачне разглядаць крымінальную справу аўтара сайта 1863x.com. Эдуарда Пальчыса вінавацяць у распальваньні варожасьці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў (арт. 343 КК). Напярэдадні суду вы, Зьміцер, прапанавалі людзям ставіць свае подпісы пад артыкулам Пальчыса (Джона Сыльвэра) «5 прычын, дзеля якіх Украіна пераможа РФ». Гэты артыкул — адзін зь дзевяці, якія суд прызнаў экстрэмісцкімі, што і ставіцца Эдуарду Пальчысу ў віну. Ці падпісваюцца ўжо людзі?

— Сёньня ўвечары, 13 кастрычніка, будзе выстаўлена 5 пікетаў у Менску па зборы подпісаў. Заўтра раніцай мы аддамо іх адвакату, каб ён мог далучыць іх да матэрыялаў справы.

— Ці лічыце вы гэта пераважна маральнай падтрымкай, ці яна можа аказаць уплыў на рашэньне суду? Традыцыйна ў Беларусі ў палітычных справах вырак загадзя вырашаны.

— Натуральна, рашэньне суду загадзя вызначанае. Але нельга казаць, што нашае меркаваньне і праца зусім ні на што не ўплываюць. Калі судзілі мяне самога ў 2006 годзе, і іншых маладафронтаўцаў, — то было сабрана каля паўтары тысячы подпісаў пад зваротам «Я маладафронтавец». І гэта быў такі наўпроставы пасыл да суду: калі вы гэтых людзей судзіце за тое, што яны маладафронтаўцы, то судзіце і нас, паўтары тысячы. Гэтым самым дэманстраваўся абсурд гэтай судовай сыстэмы — бо калі тыя «злачынцы», то чаму гэтых ня судзяць?

Маладафронтаўцы тады годны вытрымалі суды, была шырокая кампанія салідарнасьці, сотні людзей прыходзілі пад будынкі судоў. І з таго часу гэты артыкул — 193 артыкул КК — хоць і прысутнічае, але нідзе не выкарыстоўваецца. Хоць па ім і сёньня можна было судзіць дзясяткі арганізацыяў і актывістаў — але гэта ня робіцца. Бо ў свой час грамадзтва згрупавалася і супрацьстаяла гэтаму.

Тое самае мы хочам прадэманстраваць і цяпер. У дні суду мы будзем прапаноўваць людзям падпісвацца пад артыкулам Джона Сыльвэра. Людзі, якія будуць падпісвацца, тым самым кажуць: сУдзіце Эдуарда — судзІце і нас.

— Чаму, на вашу думку, увогуле адбываецца гэты суд? Цяпер нібыта ідзе «лібэралізацыя» і паляпшэньне стасункаў з Захадам.

Калі б сапраўды адбывалася лібэралізацыя, мы б не назіралі некалькі абсурдных працэсаў цягам апошніх месяцаў.

— Я б дазволіў сабе рэмарку, што «лібэралізацыя» гэтая — так званая. Гэта гульня, якая адбываецца ўжо ня першы раз, і пасьля пацяпленьня звычайна ідзе закручваньне гаек. Калі б сапраўды адбывалася лібэралізацыя, мы б не назіралі некалькі абсурдных працэсаў цягам апошніх месяцаў.

У справе Эдуарда яшчэ прысутнічае расейскі чыньнік. Нават у выпадку рэальнай лібэралізацыі беларускім уладам было б цяжка проста вызваліць Пальчыса. Сыстэма 20 гадоў «інтэгравалася» з Расеяй і будавала структуры «русского мира», — ёй было б цяжка дэманстратыўна яго вызваліць. Хоць я спадзяюся, што ў судзе будзе палавіністае рашэньне: калі чалавек прызнаецца вінаватым, яму даецца нейкі вырак, не зьвязаны з пазбаўленьнем волі — і, з аднаго боку, ён асуджаны, але зь іншага — не сядзіць у турме.

— Ці вы лічыце, што ўвага дэмакратычных партыяў і арганізацыяў да гэтай справы надта малая і непрыкметная?

— Збольшага — так. Але я б выдзеліў Паўла Севярынца, які вельмі шмат высілкаў прыклаў, каб Пальчыса прызналі палітвязьнем. І рэжыму цяжэй яго асудзіць — гэта ўсё ж пэўны рычаг міжнароднага ціску.

А так, па вялікім рахунку, — на жаль, вялікай увагі няма, кожны ў сваіх справах. Але мы робім працу, якую лічым вартай, слушнай і справядлівай. Аднак нейкай агульнанацыянальнай кампаніі, на жаль, няма.

— Апошнія тыдні вы зьбіраеце подпісы ў пераходзе каля мэтро «Кастрычніцкая» за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу нацыянальнага. Калі вы пасьпяваеце працаваць у сваёй фірме «Цесьляры»?

— Гэтая кампанія працягваецца ўжо месяц, пачынаючы ад 19 верасьня, гадавіны абвяшчэньня нацыянальных сымбаляў дзяржаўнымі ў 1991 годзе. Я калі абвяшчаў гэтую кампанію, то заявіў, што, не парываючы з асноўнай працай, зьбяру тысячу подпісаў.

І гэты мой пасыл яшчэ важны тым, што ён быў агучаны адразу пасьля заканчэньня парлямэнцкай кампаніі, калі шмат якія арганізацыі пайшлі на выбары. І яны тады казалі — «мы ідзем для таго, каб камунікаваць з грамадзтвам». Таму мы, літаральна некалькі актывістаў, каля 7 чалавек, дэманструем сваім прыкладам, што ёсьць гэтая мажлівасьць камунікаваць з грамадзтвам, можна працаваць, рабіць справу.

— Колькі сабрана подпісаў, як людзі рэагавалі, ці былі непаразуменьні зь міліцыяй?

— Я сам сабраў больш за 1300 подпісаў. Збольшага рэакцыя станоўчая — можа, раз на гадзіну трапляюцца нейкія неадэкваты. Толькі ў мяне каля 50 чалавек узялі аркушы, падпісваюць у сябе на працы, на вучобе, прыносяць іх мне.

Рэакцыя міліцыі першыя тры дні адсутнічала. Відаць, думалі, што з намі рабіць. Потым — відаць, разважыўшы, што ініцыятыва набірае абароты — пачалі складаць пратаколы. На сёньня некаторыя нашы актывісты зьбіраюць безь сьцягоў і банэраў, проста стаяць са стужкамі — на іх пратаколаў не складаюць. Я асабіста дзякуючы праваабаронцам стаю, можна сказаць, абнаглеўшы, пераход абвешаны сьцягамі і банэрамі. Таксама скрынка для збору сродкаў на стужкі, і кожны вечар зьбіраецца ад 20 да 50 рублёў на падтрымку кампаніі.

— Гэтая ваша кампанія вітаецца большасьцю дэмакратычнага асяродзьдзя, але вашы выказваньні па іншых гарачых тэмах — далёка не заўсёды. Напрыклад, нядаўна ў сацыяльных сетках палалі дыскусіі па тэме забароны абортаў. Калі вы сустракаеце непрыманьне вашай пазыцыі — што робіце? Змаўчыце або яшчэ больш зацята будзеце абараняць сваю пазыцыю?

— Мне значна прасьцей за многіх палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў. Бо я не зьбіраюся нікому падабацца. Я не зьбіраюся ісьці ў прэзыдэнты, кіраўнікі партыяў, быць для кагосьці прыемным. Я для сябе адказваю на адно пытаньне як чалавек, які імкнецца быць хрысьціянінам — што правільна перад Божым абліччам рабіць, якую пазыцыю правільна займаць? І калі ты яе займаеш, не імкнесься падабацца ўсім — то ты спакойна стаіш на пэўнай пазыцыі.

— Год таму ў інтэрвію Свабодзе мы з вамі разважалі, што беларускае грамадзтва, здаецца, дайшло да нейкага ніжняга пункту ў адсутнасьці палітычнай актыўнасьці, жаданьня змагацца за нешта. Ці адчуваеце вы цяпер нейкія зьмены ў настроях людзей, нейкія штуршкі ў грамадзтве?

— Паступова, зь цяжкасьцю — але нейкія зрухі адбываюцца. Мы можам назіраць гэта і па нашых акцыях, і нават па спартовых спаборніцтвах, калі тысячы патрыётаў уздымаюць Пагоню, гукаюць «верым, можам, пераможам» — лёзунг, які 10 гадоў таму толькі маладафронтаўцы гукалі на сваіх акцыях. Цяпер ён гучыць з вуснаў тысячаў. Гэта натхняе. Няхай гэта і не такія глябальныя зрухі, але, я мяркую, паступова мы ідзем да Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG