Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 нечаканых фактаў пра Івана Шамякіна


Іван Шамякін - Праца над новым творам. 1971 г. Фота Уладзімера Крука
Іван Шамякін - Праца над новым творам. 1971 г. Фота Уладзімера Крука

100 гадоў таму нарадзіўся Іван Шамякін. Прапануем 20 нечаканых фактаў пра народнага пісьменьніка Беларусі.

1) Трымаў у шуфлядзе стала пісталет:

«Сядзелі на ўрачыстым вечары 70-годзьдзя БДУ з Іванам Чыгрынавым. Закранулі тэму, што рабуюць кватэры. Я кажу: „Пісталет трэба мець“. Іван адказвае: „Не хачу пісталета... Яшчэ застрэлісься“. Скаланула мяне. Няўжо чалавек думае пра такі канец? У мяне вось ён, пісталет, пад рукой, у шуфлядзе стала. Але ў мяне ніколі не зьявілася такая страшная думка — ні ў якія хвіліны роспачы, гора, болю».

2) Адзін зь першых сярод беларускіх пісьменьнікаў, хто падтрымаў зьняволенага Янку Скрыгана:

«...было гэта ў годзе 55-м (...) З далёкай Сыбіры прыйшло ў Саюз пісьменьнікаў пісьмо, пісаў [Янка] Скрыган (...) хораша на роднай мове. (...) я напісаў доўгае (...) пісьмо пра Саюз, пра сяброў маіх, што прыйшлі ў літаратуру пасьля вайны. (...) Скрыган расказваў, неаднойчы (...) як кранула яго маё пісьмо — першае пасьля арышту ад беларускага пісьменьніка»; Пасьля рэабілітацыі, упершыню пабачыўшыся, Янка Скрыган сказаў Івану Шамякіну: «А братачка ты мой! Дай я цябе пацалую. Каб ты ведаў, як я табе ўдзячны, за пісьмо тваё».

3) Быў засмучаны русіфікатарскай палітыкай Пятра Машэрава:

«Многа добрага зрабіў гэты чалавек і для эканомікі, і для культуры. Але... Зьнікла ж мова народа — аснова нацыянальнай культуры. Гэтыя пытаньні мы задавалі і тады, гэты боль пёк, і мы крычалі. Казалі Машэраву, і ён нібыта згаджаўся. Але русіфікацыя не спынялася, яна ішла гэтак жа інтэнсіўна (...) Машэраў ніводнага разу (...) ня выступіў па-беларуску (...) як бы дэманстраваў сваю рускасьць. І гэта дзейнічала мацней за любыя пастановы — такі прыклад Першай асобы ў рэспубліцы».

4) Захапляўся Амэрыкай, з-за чаго яго «Нью-Ёркскі дзёньнік» адмовіліся друкаваць у Маскве:

Галоўны рэдактар казала з асуджэньнем: «Иван Петрович, я вас считала партийным писателем»; «...пафас яго [дзёньніка] — захапленьне багацьцем Амэрыкі. Захапленьне да зайздрасьці, да болю, да злоснага асуджэньня: у-у, праклятыя буржуі! Але ўсё роўна захапленьне».

5) У канцы вайны выратаваў польку, якая танула:

«....я, дрэнны плывец, ратаваў у Варце польскую дзяўчыну (...) Нас з полькай, якая так абшчапіла мяне, што скавала, несла на разбураны мост. Адкуль узяўся наш катэр! Наканавана было доўга жыць».

6) Радуючыся перамозе над фашыстамі, выпадкова са сваімі таварышамі-зэнітчыкамі спаліў завод.

«Я і зараз помню, як мы радаваліся, як салютавалі з гармат, як у гэтай бязьмежна шчасьлівай сумятні выпадкова падпалілі недалёкі заводзік, які вырабляў штучны шоўк для парахавых мяшкоў. Ён гэтак здорава палаў у цемры начы...»

7) Калі быў школьнікам — выкалаў вока Сталіну:

«Неяк на ўроку, па дзіцячай дурасьці я драпнуў цыркулем сшытак і парваў вокладку якраз на воку Сталіна. Сусед па парце, малы даносчык, тут жа сказаў...: „А Іван вока Сталіну выкалаў“. Дырэктар павёў мяне ў настаўніцкую і цэлы ўрок з жахлівай строгасьцю дапытваўся, хто мой бацька, што ён гаворыць дома, хто мае дзяды, хто дзядзькі. Было гэта ў 1935 годзе».

Іван Чыгрынаў, Анатоль Шаўня і Іван Шамякін на сьвяткаваньні юбілею Карласа Шэрмана. Менск, кастрычнік 1984 г. З фондаў БДАМЛМ
Іван Чыгрынаў, Анатоль Шаўня і Іван Шамякін на сьвяткаваньні юбілею Карласа Шэрмана. Менск, кастрычнік 1984 г. З фондаў БДАМЛМ

8) У дзяцінстве любіў насіць кнігі на галаве, чым раздражняў бацьку:

«...я лоўка навучыўся ладны стус кніг несьці на галаве. Чаму гэта так моцна абурыла бацьку — не магу ўцяміць і цяпер. Доўга ён прыпамінаў мой акрабатычны нумар. «То ж трэба! Усе людзі як людзі, а ён — што шут гарохавы. На галаве кнігі носіць! Шурку дроў узвалі на дурную галаву!».

Іван Шамякін, 1970-я гг. З фондаў БДАМЛМ
Іван Шамякін, 1970-я гг. З фондаў БДАМЛМ

9) Быў поўнай супрацьлегласьцю свайму бацьку:

«Мне ніколі не была ўласьціва бацькава суровасьць, яго зласьлівасьць»; «Моцна ён ганяў усю сям’ю, каб рабілі як можна больш. Усе мы былі гультаямі — у яго разуменьні. (...) калі я падрос і пачаў прыглядацца больш (...), то прыйшоў да высновы, што сам бацька ня вельмі любіў цяжкую працу (...). Даручаў маці араць ці нам, дзецям, касіць, а сам у цяньку соладка спаў».

10) Не прымаў гвалту ў сям’і:

«Я — увесь у маці, у яе быў надзіва мяккі характар. Сварлівасьць матак некаторых маіх сяброў непрыемна ўражвала (...). Калі яна часам і сьцёбала нас ручніком, — іншай зброі экзэкуцыі не прызнавала — то ад гэтага (...) хацелася не плакаць, а сьмяяцца. Плакалі мы наўзнарок, каб маці лягчэй стала, хутчэй адышло яе сэрца. (...) Паплачам — і маці тут жа шкадавала нас, намазвала скібкі хлеба маслам ці давала па дробку цукру».

11) Калі быў школьнікам, то закахаўся ў настаўніцу расейскай мовы. Настаўніца любіла яго дражніць сваім хараством:

«Закахаўся ў казачна прыгожую яўрэйку Лідзію Маркаўну. (...) Даючы дыктант (...), спынялася каля мяне, і ад яе блізкасьці, ад водару духоў у мяне так кружылася галава, што расплываліся літары, я прапускаў у дыктанце словы, рабіў грубыя памылкі, ставіў кляксы. Вопытная жанчына забаўлялася захапленьнем хлапчука».

З роднымі
З роднымі

12) Не любіў уступаць у спрэчкі і дыскусіі, каб нікога не пакрыўдзіць:

Па ўспамінах дачкі Тацьцяны: «Шамякін вызначаўся выключнай талерантнасьцю, цярпімасьцю да чужых густаў, поглядаў (...) Часта назірала: Андрэй Макаёнак нешта даводзіў яму, як заўсёды, горача і пафасна, — Шамякін маўчаў. А калі сябра адыходзіў, бацька пра тое ж гаварыў зусім іншае. «Чаму ж ты самому Андрэю Ягоравічу пра гэта не сказаў?» — са зьдзіўленьнем пыталі мы яго. — «Не хацеў крыўдзіць».

З жонкай Марыяй каля Нясьвіскага замку
З жонкай Марыяй каля Нясьвіскага замку

13) Быў занепакоены вынікамі рэфэрэндуму 1995 году:

«Вялікая руская мова, якую ў Беларусі ўсе ведаюць, паступова пачынае „выціскаць“ беларускую (...) пры паглыбленьні сувязяў у рамках Саюзу Беларусі і Расеі — баюся руская мова зусім выцесьніць нашу родную беларускую. [Гэта] ненармальна. Бо загіне мова — загіне народ. Зьнікне нацыя!»

14) Вельмі кепска кіраваў машынай:

«У 1954 годзе я атрымаў правы, па сутнасьці, ня ўмеючы вадзіць машыну, атрымаў залік «па блату», экзамэнатару, старшаму лейтэнанту — жанчыне вельмі спадабалася «Глыбокая плынь». Пагаварылі пра раман — і езьдзі на здароўе (...) Які я быў вадзіцель — сьведчыць такая дэталь. (...) Мікола Нагнібеда ўзяўся паказаць нам з Машай Адэсу. Паказаў. Ехалі — маўчаў. А вярнуліся ў Дом творчасьці — выцер пот з ілба і сказаў: «Больш я з табой не паеду. У вайну столькі стрэсавых сытуацый ня меў».

На радзіме пісьменьніка (вёска Карма)
На радзіме пісьменьніка (вёска Карма)

15) Абураўся абыякавасьцю беларускіх тэатральных рэжысэраў да нацыянальнай драматургіі:

«У кожнага тэатра ёсьць плян колькасьці пастановак. Але ёсьць творчая свабода — што ставіць. Па традыцыі, якая склалася, гэта свабода аднаго чалавека — галоўнага рэжысэра. І свабода такая зручная для кіраўнікоў органаў культуры. Яна пазбаўляе іх ад клопатаў за тэматычны плян хаця б у той меры, як клапоцяцца пра яго ў выдавецтвах і ў апошні час у кіно. Хто зробіць папрок за пастаноўку Шэксьпіра, Мальера, Гогаля, Астроўскага? Ніхто. Наадварот, пахваляць, калі спэктакль удасца. І ўсім добра. (...) Ах, вам трэба сучаснасьць? І начальству трэба сучаснасьць? Калі ласка. Ёсьць пяць модных п'ес, пастаўленых на маскоўскіх сцэнах. Паставім і мы Арбузава, Розава, Гельмана, навошта рызыкаваць і ставіць п'есу мясцовага аўтара? Добра, калі добра, а калі не? Тут могуць даць па шапцы.»

Іван Шамякін атрымлівае кветкі ад прыхільніц. 1970 г. З фондаў БДАМЛМ
Іван Шамякін атрымлівае кветкі ад прыхільніц. 1970 г. З фондаў БДАМЛМ

16) Дапамог Васілю Быкаву апублікаваць у «Полымі» «Сотнікава» і пераехаць з Горадні ў Менск:

«Я двойчы падтрымаў яго. Першы раз на рэдкалегіі «Полымя» пры абмеркаваньні «Сотнікава». Галоўны рэдактар страхаваўся... Я — за «Сотнікава». [Рэдактара] гэта супакоіла: першы сакратар СП — за, няхай адказвае. Другі выпадак больш сур’ёзны. Быкаў прыйшоў да мяне (...): «Хачу пераехаць з Горадні ў Менск. Як з кватэрай? (...)» Ці ня ў той жа дзень я наведаў (...) Аляксандра Кузьміна (...) Сакратар ЦК зрэагаваў адмоўна: «А на храна табе Быкаў тут? Няхай сядзіць у Гродні» (...). Выкарыстаўшы выпадак, я [разам з Макаёнкам] сказаў просьбу пераехаць [Пятру Машэраву]: «А трэба?». Андрэй умеў знаходзіць пераканаўчыя аргумэнты: «Не паселім мы — забярэ Масква. Твардоўскі кватэру выб’е. І будзе адным дысыдэнтам больш...» «Вы маеце рацыю», — і званок Кузьміну.

Іван Шамякін выступае перад рабочымі Магілёўскага камбінату сынтэтычнага валакна імя У. І. Леніна. 1973 г. Фота Ўладзімера Крука. З фондаў БДАМЛМ
Іван Шамякін выступае перад рабочымі Магілёўскага камбінату сынтэтычнага валакна імя У. І. Леніна. 1973 г. Фота Ўладзімера Крука. З фондаў БДАМЛМ

17) Адзін зь першых, хто ў савецкай пасьляваеннай прозе выявіў у літаратуры (раман «Петраград-Брэст») вобраз Льва Троцкага.

Па ўспамінах кансультанта па беларускай літаратуры пры СП СССР Валянціны Шчадрыной, многія расейскія пісьменьнікі зайздросьцілі, што менавіта беларус першым напісаў пра Троцкага.

Іван Шамякін ускладае кветкі да помніка Якубу Коласу. 1982 г. Фота Ўладзімера Крука. З фондаў БДАМЛМ
Іван Шамякін ускладае кветкі да помніка Якубу Коласу. 1982 г. Фота Ўладзімера Крука. З фондаў БДАМЛМ

18) Меў супярэчлівае стаўленьне да працэсаў Адраджэньня, якія адбываліся напачатку 90-х і да нацыянальнай сымболікі:

«Супярэчлівае ў мяне стаўленьне да поўнай незалежнасьці Беларусі — да пэрспэктываў гэтай незалежнасьці, тых, якія рысуюць Пазьняк і Трусаў. Шчыры беларус, я — за незалежнасьць. Але калі яны выступаюць і супраць эканамічнага саюзу — гэта самагубства. Не пражывём мы адны!»; «[Бел-чырвона-белы] сьцяг я прыняў. Герб прыняць не магу. Серп, молат і калосьсе — гэта дрэнна? А недарэчны коньнік са шчытом і мячом — добра? За кім ён гоніцца? Ніхто толкам ня вытлумачыць гэтую сымболіку для нашага часу. Для літоўскіх князёў — яна была да месца (...) Не апраўдваю задзірыстасьць маскоўскіх князёў. Але літоўскія былі ня лепшыя...».

Пісьменьнікі ў дворыку Дома літаратара. Зьлева направа: Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі, Іван Шамякін, Максім Танк, Мікола Гамолка, Янка Сіпакоў. Менск, 1982 г. З фондаў БДАМЛМ
Пісьменьнікі ў дворыку Дома літаратара. Зьлева направа: Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі, Іван Шамякін, Максім Танк, Мікола Гамолка, Янка Сіпакоў. Менск, 1982 г. З фондаў БДАМЛМ

19) Дастаткова самакрытычна ставіўся да сябе і сваёй творчасьці:

«Не хапала ў мяне мудрасьці „пісаць у стол“. Я сьпяшаўся ўсё апублікаваць, што выходзіла з-пад пяра. І яшчэ адно... Не без уплыву Андрэя [Макаёнка], я ў мысьлях сваіх, у размовах за чаркай займаў апазыцыйную лінію да афіцыйнай ідэалёгіі, асабліва брэжнеўскага часу (...) Але ў сваёй дзейнасьці партыйнага прапагандыста — ня буду крывіць душой — я ўсё ж быў зашораным артадоксам, гэткім жа, як і Машэраў (...) У гэтым трагедыя не аднаго яго — мільёнаў. І мая. Я лічыў, што сваёй творчасьцю памагаю партыі ў выхаваньні новага чалавека. На жаль, мы яго ўяўлялі такім жа зашораным, гэтага чалавека».

На сустрэчы з прыхільнікамі
На сустрэчы з прыхільнікамі

20) Лічыў, што на магілах творцаў павінны стаяць не скульптурныя партрэты, а паэтычныя сымбалі:

«Па-мойму, на магілах павінны быць не постаці пісьменьнікаў, мастакоў, а сымбалі, якія выражалі б сутнасьць іх творчасьці. Скульптурныя партрэты могуць ставіць звычайным людзям, якія пакінулі толькі прадаўжэньне роду свайго».

Помнік Івану Шамякіну
Помнік Івану Шамякіну

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG