Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Кірчук: Фальклёр нашай краіне не патрэбны


Іван Кірчук, архіўнае фота
Іван Кірчук, архіўнае фота

Лідэр этна-гурту «Троіца» Іван Кірчук з наступнага навучальнага году больш ня будзе выкладаць у пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка.

Як паведаміў Іван Кірчук Свабодзе, у новыя праграмы не ўключаюць прадмет, які ён выкладаў у ВНУ цягам 19 гадоў, — гэта «Практыкум па фальклёры».

Цяпер музыка ўладкоўваецца ў Інстытут культуры Беларусі — там яму прапанавалі стаўку, гадзіны і пакой, куды ўжо пераехалі музычныя інструмэнты і архіў з 2000 кампакт-дыскаў.

— Спадар Іван, пэдунівэрсытэт не працягвае вам кантракт ці вас звальняюць?

— Мяне яшчэ ня звольнілі. Але з наступнага навучальнага году не працягнуць кантракт. Застаецца адна група завочнікаў-пяцікурсьнікаў, якіх я буду давучваць да выпуску. Гэта чвэрць стаўкі. З улікам таго, што гэта завочнікі, правяду два-тры заняткі.

— Чаму вам не даюць гадзіны?

— Праблема ў тым, што зьмяніліся праграмы, і няма больш майго прадмету «Практыкум па фальклёры». У стацыянар не набіраюць студэнтаў, якія маглі б яго вучыць. Такім чынам, можна сказаць, што ў пэдагагічным унівэрсытэце навучаньне беларускаму фальклёру скончанае.

— Што вывучалася ў межах вашага прадмету?

— Музычныя інструмэнты, народны тэатар, рэканструкцыя абрадаў і сьвятаў. Усё гэта ўваходзіла ў адзін прадмет. Мне здаецца, што падобныя скарачэньні плянаў, праграмаў і тэмаў адбываюцца паўсюль. Таму ня дзіўна, што для мяне не знайшлі гадзінаў, каб запоўніць хаця б паўстаўкі.

— Ці плянуеце вы працягваць выкладчыцкую дзейнасьць?

— Так. Інстытут культуры Беларусі ўжо запрасіў мяне на працу, прапанаваў кабінэт для музычных інструмэнтаў. Мы разам з «Троіцай» перавезьлі туды ўсе нашы інструмэнты, а таксама вялізны архіў зь дзьвюх тысяч кампакт-дыскаў. Ужо хутка пачынаем афармляць новае памяшканьне. Таму нічога страшнага не адбылося.

— Ваш кабінэт у пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка называлі «музэем», але кіраўніцтва ВНУ ўжо даўно забрала яго. Ці былі іншыя зьмены ў стаўленьні да вашага прадмету ці да вас асабіста?

Напрыклад: на пастаноўку голасу раней выдзялялася гадзіна, цяпер — 20 хвілін. А што можна зрабіць за 20 хвілін, як можна навучыць сьпяваць за гэты час?

— Усё мянялася паступова — цягам апошніх 8 гадоў. Тады рэктар ведаў, што ў мяне 10 груп займаюцца ў аўдыторыі, дзе былі музычныя інструмэнты і архівы. Але рэктар вырашыў, што патрэбна спартовае памяшканьне — пакой пераабсталявалі, паставілі трэнажоры. Такім чынам, кабінэту ў мяне няма ўжо восем гадоў. З году ў год мяняліся і пляны навучаньня. Напрыклад: на пастаноўку голасу раней выдзялялася гадзіна, цяпер — 20 хвілін. А што можна зрабіць за 20 хвілін, як можна навучыць сьпяваць за гэты час? Патроху рэзалі і рэзалі плян. Думаю, што гэта ідзе зь міністэрства. Але не разумею, чаму фальклёр не патрэбны. Мы ж кажам пра адраджэньне, а гадзін на фальклёр няма. Тое, што мы рабілі, было выдатна. Пра нас зрабілі шэраг перадач для радыё і тэлебачаньня. Мне здавалася, што ўсё добра, але зь цягам часу ўсё мяняецца.

— Як вы лічыце, чаму ВНУ адмаўляецца ад вывучэньня фальклёру?

— Мне складана патлумачыць, чаму гэта адбываецца. Я ўвогуле лічу, што прывучаць да народнай творчасьці трэба яшчэ зь дзіцячага садку, са школы — каб у ВНУ студэнты прыходзілі ўжо адукаваныя ў фальклёры. Але цяпер атрымліваецца, што ўсё наадварот. Мне слухачы, якія прыяжджаюць да мяне, расказваюць, што яны не разумеюць сэнсу абрадаў, якія ім даводзіцца праводзіць паводле сваёй працы.

— Што вы будзеце выкладаць у Інстытуце культуры?

— Я буду мець стаўку. Мой прадмет называецца «Традыцыйная народная культура». Там збольшага будуць не студэнты, а слухачы, якія прыяжджаюць на курсы павышэньня кваліфікацыі. Заняткі цягнуцца тыдзень-два. Зразумела, што там я ня буду мець магчымасьці зрабіць тое, што мы рабілі са студэнтамі, якія вучыліся па пяць гадоў у мяне. Але добра, што ёсьць і такая магчымасьць. Людзі мне ўдзячныя пасьля лекцыяў, я маю велізарны архіў відэа і аўдыё, музычныя інструмэнты, якія магу паказаць і навучыць на іх граць. Ёсьць і станоўчыя моманты — тут людзі, якія ўжо дасьведчаныя ў арганізацыі абрадаў, напрыклад, рэжысэры сьвятаў, цымбалісты, скрыпачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG