Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Aмбасады Ізраіля ў Беларусі і Беларусі ў Ізраілі пакуль працуюць у звычайным рэжыме


Пасольства Беларусі ў Ізраілі
Пасольства Беларусі ў Ізраілі

«Амбасада Ізраіля ў Беларусі сёньня, як і раней, працуе ў штатным рэжыме, — паведаміла 11 студзеня Свабодзе памочніца кіраўніка дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Менску Вера Дземідзенка. — Зразумела, мы ведаем пра рашэньне ізраільскага ўраду аб закрыцьці амбасады ў Беларусі ў 2016 годзе. Але калі дакладна гэта адбудзецца, нам пакуль не паведамлялі».

А ў размове з парталам tut.by намесьніца кіраўніка дыпмісіі Юлія Рачынскі-Сьпівакоў удакладніла, што на гэтым тыдні ў Міністэрстве замежных спраў Ізраіля створаць спэцыяльную працоўную групу. На яе пасяджэньнях і абмяркуюць канкрэтную дату закрыцьця амбасады. Гэтая група вырашыць таксама, амбасада якой краіны будзе надалей прадстаўляць інтарэсы Ізраіля ў Беларусі.

Рашэньне скасаваць сваё дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Беларусі ізраільскі ўрад, які абралі ў 2015 годзе, тлумачыць выключна фінансавымі праблемамі. Акрамя Беларусі, Ізраіль зачыняе сваю амбасаду ў Сальвадоры, а таксама некалькі кансулятаў у ЗША і Францыі.

Авігдор Лібэрман
Авігдор Лібэрман

Аднак адзін зь лідэраў апазыцыі, кіраўнік партыі «Наш дом Ізраіль» Авігдор Лібэрман, які ў свой час ачольваў Міністэрства замежных спраў Ізраіля, назваў рашэньне цяперашняга прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаніягу «дэманстрацыяй адкрытай пагарды ў дачыненьні да расейскамоўнай супольнасьці». Ён дадаў, што «амбасада ў Менску абыходзіцца дзяржаве прыкладна ў 4 мільёны шэкеляў на год. У 2015 годзе прыбыткі бюджэту склалі 22–23 мільярды шэкеляў. На гэтым тле гаварыць пра эканомію чатырох мільёнаў на год проста амаральна».

Лібэрман адзначыў таксама, што ў Ізраілі жыве 130 тысяч выхадцаў зь Беларусі:

«Для іх закрыцьцё амбасады створыць сур’ёзныя цяжкасьці, як і для беларускіх габрэяў, якія хочуць рэпатрыявацца ў Ізраіль ці маюць патрэбу ў консульскіх паслугах».

«Наша амбасада ў Ізраілі па-ранейшаму адчынена і выконвае ўвесь комплекс сваіх функцыяў. Але амбасаду цягам 2016 году нам давядзецца зачыніць», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Ён патлумачыў, чаму беларускі бок вымушаны пайсьці на такі крок:

Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

«Звычайная дыпляматычная практыка такая, што на закрыцьцё амбасады адказваюць аналягічна. З жалем вымушаны пацьвердзіць, што ў сувязі з рашэньнем Ізраіля аб закрыцьці амбасады ў Менску Беларусь, кіруючыся прынцыпам узаемнасьці, таксама вымушана зрабіць комплекс захадаў па завяршэньні дзейнасьці сваёй дыпляматычнай місіі ў Тэль-Авіве.

Лічым, што ізраільскі бок робіць памылку, ігнаруючы той факт, што нас зьвязваюць лёсы дзясяткаў тысяч людзей, для якіх Ізраіль і Беларусь зьяўляюцца блізкімі і роднымі краінамі, а таксама ў цэлым пазытыўную дынаміку двухбаковых адносін у розных сфэрах.

Падобны няправільны крок ужо рабіўся нашымі ізраільскімі партнэрамі ў 2003 годзе, і менш як праз год ім давялося яго выпраўляць.

Упэўнены, што падтрыманьне дачыненьняў паміж Беларусьсю і Ізраілем на ўзроўні амбасадаў — аб’ектыўная неабходнасьць, а аднаўленьне іх дзейнасьці — толькі пытаньне часу».

Спадар Мірончык дадаў, што ў выпадку закрыцьця амбасады ў Тэль-Авіве, натуральна, узьнікне пытаньне, дыпмісія якой краіны будзе абараняць там інтарэсы грамадзянаў Беларусі:

«І мы будзем прымаць адпаведнае рашэньне».

На сёньняшні дзень амбасадай Беларусі ў Ізраілі кіруе Ўладзімер Скварцоў.

Апошнім амбасадарам Ізраіля ў Беларусі быў Ёсіф Шагал. Ягоная кадэнцыя скончылася 31 жніўня 2015 году, і новы амбасадар прызначаны ня быў.Ад 26 лістапада 2015 году пачало дзейнічаць пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Ізраіля аб адмене ўязных візаў для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG