Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё пасьля раку стане тэмай унікальнай міжнароднай канфэрэнцыі


Ірына Жыхар

Ірына Жыхар

Сацыяльна-асьветніцкая ўстанова «Цэнтар падтрымкі анкапацыентаў „У імя жыцьця“» ў чэрвені праводзіць першую ў Беларусі Міжнародную навукова-практычную канфэрэнцыю «Якасьць жыцьця анкапацыентаў: сыстэмны падыход да арганізацыі дапамогі ў пэрыяд аднаўленьня пасьля актыўнага лячэньня». Лідэрка арганізацыі Ірына Жыхар, якая таксама мае анкалягічнае захворваньне, паведаміла Свабодзе пра зьмест і сэнс канфэрэнцыі:

«Такой канфэрэнцыі яшчэ ніколі не было ў Беларусі і наогул у нашым блізкім суседзтве. Да нас едуць прадстаўнікі навуковых колаў і практыкі-анколягі зь Літвы, Латвіі, Польшчы і іншых краін. Прычым, гэта будуць ня толькі прадстаўнікі дзяржаўных сыстэмаў аховы здароўя, але і недзяржаўныя арганізацыі анкапацыетаў.

Мы будзем раглядаць вопыт нашых краін паводле якасьці жыцьця анкапацыетаў: ад дыягностыкі і выяўленьня хваробы да лекаваньня і рэабілітацыйнага пэрыяду — як складаецца далейшы лёс гэтага чалавека.

Да прыкладу, на гэты момат мы ня маем такой праграмы на дзяржаўным узроўні, якая дапамагала б чалавеку адаптавацца ў далейшым жыцьці. Гэты чалавек ужо ня хворы, але ён і не здаровы — ён ня ведае, як яму жыць далей, і ніхто ня ведае, што адбываецца з гэтымі людзьмі.

У іншых краінах такія праграмы ёсьць: фізкультура, харчаваньне і ўвогуле стыль жыцьця. Гэты вопыт нам вельмі цікавы і патрэбны, каб разам з мэдыкамі і сацыяльнымі службамі стварыць сваю праграму рэабілітацыі пасьля раку і гэткім чынам падтрымаць нашых хворых. Вось гэтым пытаньням і будзе прысьвечаная наша канфэрэнцыя. Мы будзем працаваць у групах разам з мэдыкамі, сацыяльнымі работнікамі і анкапацыенатмі, якія ўжо зьбіраюцца ў групах падтрымкі ў розных гарадах Беларусі.

Вельмі важна разумець, што ўдалося стварыць тое, чаго ў Беларусі яшчэ не было. Маю на ўвазе таксама дзейнасьць у арганізацыі Цэнтар падтрымкі анкапацыэнтаў «У імя жыцьця». Створаная супольнасьць людзей, якія пераадолелі страх таго, што яны ня маюць будучыні. Яны пачалі думаць, што будучыня ёсьць, але як яе знайсьці? Я сама прайшла гэты шлях і таксама ня мела адказаў на гэтыя пытаньні. Таму я і пачала ствараць гэтую супольнасьць з мэтай узаемадапамогі і падтрымкі, каб людзі не апускалі вочы долу, каб яны не былі разгубленыя перад паўстаньнем новых абставінаў свайго жыцьця. Калі ж мае каляжанкі ў супольнасьці прапанавалі мне выйсьці ў нашай дзейнасьці на дзяржаўны ўзровень, каб стварыць магчымасьць дапамогі найбольшай колькасьці людзей, то для мяне гэта было сапраўдным сьвятам душы.

Зараз у межах нашай арганізацыі мы праводзім у анкадыспансэрах лекцыі паводле тых тэмаў, які перадусім хвалююць хворых людзей. Праводзім групы падтрымкі, калі людзі абменьваюцца сваім досьведам. Гэтак мы дарасьлі да міжнароднай канфэрэнцыі. Гэткім чынам, людзі, якіх хвароба пераключыла на грамадзка-сацыяльную дзейнасьць, атрымалі такую магчымасьць. Лекары таксама цьвердзяць, што і яны маюць патрэбу ў звартнай сувязі. Таму гэтую міжнародную канфэрэнцыю мы арганізавалі з падтрымкай і ўдзелам нашых лекараў. Гэта наша супольная праца грамадзтва: анкахворых, лекараў, сацыяльных структур. І за гэта я ўсім вельмі ўдзячна. У гэтай справе хачу таксама выказаць вялікую падзяку за падтрымку і дапамогу журналістам«.

Падчас падрыхтоўкі да правядзеньня канфэрэнцыі сацыяльна-асьветніцкая ўстанова «Цэнтар падтрымкі анкапацыэнтаў „У імя жыцьця“» падвяла вынікі журналісцкага конкурсу «Хвароба, якая зьмяніла жыцьцё». Па выніках конкурсу журналісты Радыё Свабода атрымалі падзячны ліст за кнігу «Жыцьцё пасьля раку», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

XS
SM
MD
LG