Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзякуючы Менскім пагадненьням за год вызвалена 80 украінцаў. За вызваленьне 107 змагаемся», — Ірына Герашчанка


Ірына Герашчанка ў Менску
Ірына Герашчанка ў Менску

Паводле інфармацыі Службы бясьпекі Ўкраіны, у сьпісе людзей, якія незаконна ўтрымліваюцца на акупаваных тэрыторыях Украіны, — 107 вайскоўцаў і цывільных асобаў. Яшчэ 9 чалавек утрымліваюцца ў турмах Расейскай Фэдэрацыі. Усяго ў сьпісе зьніклых бязь вестак — каля 500 чалавек.

Такія лічбы прывяла ў Менску на прэсавай канфэрэнцыі ў «Прэзыдэнт-гатэлі» першы віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны, прадстаўніца ўкраінскага боку ў падгрупе па гуманітарных пытаньнях трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе Ірына Герашчанка.

Падгрупа па гуманітарных пытаньнях патрабуе выкананьня дзьвюх галоўных задач: вызваленьня ўсіх закладнікаў, якія незаконна ўтрымліваюцца ў турмах на акупаванай тэрыторыі, а таксама ў турмах у РФ; бесьперашкоднага доступу гуманітарных міжнародных місіяў — АБСЭ, Міжнароднага Чырвонага Крыжа ды іншых — на ўсю тэрыторыю канфлікту.

Гэтыя два важныя моманты адзначыла першы віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка. Бо на сёньняшні дзень менскія дамоўленасьці ў поўнай ступені не выконваюцца. Штодзень рэжым спыненьня агню парушаецца да 40–60 разоў:

«Як адзначаецца ў апошняй справаздачы адмысловай маніторынгавай місіі АБСЭ, больш за 80% усіх парушэньняў учыняюць прарасейскія баевікі, якія вельмі добра фінансуюцца, забясьпечваюцца найноўшай зброяй. Але важна, што місія АБСЭ фіксуе ня толькі колькасьць парушэньняў, але ў сваіх справаздачах падкрэсьлівае, хто ж парушальнік.

У апошняй справаздачы адмысловая маніторынгавая місія пазначана, што больш за 80% усіх парушэньняў учыняюць прарасейскія баевікі, якія вельмі добра фінансуюцца, забясьпечваюцца найноўшай зброяй», — паведаміла Ірына Герашчанка.

Але пазыцыя ўкраінскага боку застаецца нязьменнай: безумоўнае спыненьне агню напярэдадні 1 верасьня, бо пакутуе ў першую чаргу цывільнае насельніцтва. У Луганскай вобласьці на лініі сутыку — 126 навучальных устаноў, садкоў і школ. У Данецкай вобласьці таксама шмат навучальных устаноў у небясьпечнай зоне. У населеных пунктах Марʼінка, Зайцава дзеці ўвесь мінулы год не маглі хадзіць у школу. Такога больш не павінна быць, сказала Ірына Герашчанка.

«Галоўныя праблемы, зь якімі мы сутыкаемся ў працы гуманітарнай падгрупы, — гэта даведацца пра месцазнаходжаньне гэтых людзей, бо тады лягчэй змагацца за вызваленьне. 107 чалавек — гэта вайскоўцы і цывільныя грамадзяне на акупаваных тэрыторыях Украіны, і 9 чалавек — тыя, хто ўтрымліваецца ў турмах Расейскай Фэдэрацыі. Іх неабходна вызваліць. Сярод закладнікаў ёсьць вельмі драматычныя гісторыі. Напрыклад, Уладзімер Жамчугоў — чалавек без абедзьвюх рук, без вачэй. Мы год змагаемся за яго вызваленьне. Таму ў гэтым кантэксьце мы гатовыя да кампрамісаў», — кажа Ірына Герашчанка.

На ўдакладняльнае пытаньне, якія могуць быць кампрамісы, да якой ступені тут можна саступаць, першы віцэ-сьпікер украінскага парлямэнту падкрэсьліла, што Ўкраіна стаіць на цьвёрдай пазыцыі, што шлях урэгуляваньня сытуацыі павінен быць палітыка-дыпляматычны, і прывяла такія прыклады і лічбы:

«Улічваючы, што гэта канфлікт, у тых выпадках, дзе закон гэта дазваляе, мы ідзем на тое, каб шукаць прававыя мэханізмы — як зьмяніць меру стрыманьня, на якіх умовах перадаць людзей. Да прыкладу, прапанавалі за 25 нашых украінскіх хлопцаў перадаць другому боку 50 чалавек. Пакуль не атрымалі адказу. Але мы гэтую барацьбу працягваем.

І хоць многія крытыкуюць Менскія пагадненьні, аднак дзякуючы вось гэтым штотыднёвым сустрэчам, вельмі цяжкім і няпростым, нам за год удалося вызваліць каля 80 украінцаў. Трое зь іх вызваленыя з расейскіх турмаў. Гэта вельмі важная лічба для кожнай з гэтых семʼяў».

Другі важны аспэкт — допуск міжнародных місіяў: АБСЭ, Чырвонага Крыжа ды іншых, каб яны далучыліся да вызваленьня людзей і іх пошуку. Зараз у сьпісе зьніклых бязь вестак — каля 500 чалавек. Важна далучыць нэўтральныя, апалітычныя структуры, якія будуць гэтым займацца.

Таксама адно з ключавых для Ўкраіны — пытаньне мяжы, таму што без закрыцьця 400 км мяжы немагчыма сябе абараняць, лічыць Ірына Герашчанка:

«Пытаньне мяжы для нас прынцыповае. І таму так сурʼёзна ўвесь гэты год мы змагаемся за тое, каб у межах менскіх перамоваў была створана пятая падгрупа па пытаньні вяртаньня і кантролю над мяжой, і таксама па допуску АБСЭ да некантраляванай тэрыторыі ўкраінска-расейскай мяжы. Каб нэўтральная арганізацыя магла кантраляваць, што там адбываецца».

Віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады спадарыня Герашчанка таксама зьвярнулася да суседзяў-беларусаў, да ўсіх міжнародных партнэраў з просьбай не прымаць запрашэньні Расейскай Фэдэрацыі паехаць назіральнікамі на выбары ў расейскую Дзяржаўную Думу на акупаваных, анэксаваных украінскіх тэрыторыях у Крыме. «Бо Ўкраіна не прызнае гэтых выбараў, якія адбываюцца на адкушанай, скрадзенай ва Ўкраіны тэрыторыі», — сказала Ірына Герашчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG