Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне шасьцёх паліцэйскіх прыйшлося ратаваць ад самасуду: людзі ўпэўненыя, што тыя забілі затрыманага


У вёсцы Крывое Возера Мікалаеўскай вобласьці каля сотні мясцовых жыхароў спрабавалі зьдзейсьніць самасуд над шасьцю паліцыянтамі. Іх абвінавачваюць у забойстве 31-гадовага мужчыны.

Траіх паліцэйскіх афіцыйна падазраюць у забойстве. Галоўным падазраваным у справе лічыцца кіроўца, сяржант паліцыі Д. Ляхвіцкі. Як паведамляе мясцовы партал навінаў «Навіны N», ён страляў у забітага з траўматычнага пісталета. Ён нібыта прызнаўся ў зьдзяйсьненьні злачынства і паказаў, куды выкінуў пісталет.

Міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў напісаў у Фэйсбуку, што райаддзел паліцыі будзе расфармаваны і цалкам абноўлены. Акрамя таго, ужо сёньня будзе прызначаны новы начальнік абласной паліцыі.

«Усе, хто замяшаны ў злачынных і супрацьпраўных дзеяньнях — пойдуць пад суд і ніякай спробы абяліць „гонар мундзіра“ ня будзе», — дадаў ён.

Вэрсія мясцовых СМІ

У ноч на 24 жніўня жыхар вёскі Аляксандар Цукерман пасварыўся з жонкай, выйшаў з хаты і лёг спаць у аўтамабілі.

Па выкліку жонкі да дома прыехалі трое паліцэйскіх, якія выцягнулі мужчыну з аўтамабіля і надзелі яму кайданкі, скруціўшы рукі за сьпіной. На месца здарэньня прыехалі яшчэ трое паліцэйскіх.


«Навіны N» паведамляюць, што мужчыну пачалі зьбіваць на вачах у маці, жонкі і 13-гадовага сына. Калі Цукерману стала дрэнна, яму выклікалі хуткую дапамогу, аднак мэдыкі, якія прыбылі, змаглі толькі канстатаваць сьмерць мужчыны.

Маці забітага сьцьвярджае, што ў нейкі момант яе сын прасіў: «Ня біце мяне, вы ж бачыце, я ўжо крывёю харкаю!»

Па словах суседзяў, сямʼя Цукерманаў была пасьпяховай, самога загінулага ніколі не абвінавачвалі ў пʼянстве або буйных паводзінах.

Вэрсія паліцыі

Паводле афіцыйнай вэрсіі паліцыі ў Мікалаеўскай вобласьці, праваахоўныя органы прыехалі ў дом Цукерманаў адразу па двух выкліках: адзін паступіў ад яго жонкі, другі — ад мясцовага таксіста. 46-гадовы мужчына заявіў, што прыехаў на выклік у дом Цукермана, але той яго зьбіў і адабраў сумку з 500 грыўнямі.

Пасьля прыезду паліцэйскіх Цукерман нібыта супраціўляўся, і «ўлічваючы ступень грамадзкай небясьпекі і з мэтай забесьпячэньня грамадзкай бясьпекі, паліцэйскія ўжылі меры фізычнага ўзьдзеяньня і кайданкі», гаворыцца ў паведамленьні паліцыі.

Выканаўца абавязкаў начальніка Крываазёрскага аддзяленьня паліцыі Аляксандар Топчый распавёў выданьню «Преступности.НЕТ», што Цукерман «выйшаў з лапатай і накінуўся на паліцыянтаў — бег за імі каля 30-40 мэтраў. Пасьля чаго яны ўжылі сілу, выкарыстоўваючы, у тым ліку, і спэцсродкі».

Рэакцыя афіцыйных асоб

Усіх шасьцярых паліцэйскіх падазраюць у забойстве, іх затрымалі.

Расьсьледаваньнем забойства зоймецца камісія цэнтральнага апарату нацыянальнай паліцыі.

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка напісаў у Фэйсбуку, што 25 жніўня пытаньне арышту паліцэйскіх будзе вырашаць суд.

«Экспэртыза ўстанавіла, што акрамя зьбіцьця, паліцэйскі страляў па закутым у кайданкі з траўматычнага пісталета», — дадаў Луцэнка.

Кіраўнік нацыянальнай паліцыі Хатыя Дэканаідзэ паведаміла, што выехала на месца здарэньня. Аддзяленьне паліцыі ў Крывым Возеры будзе расфармавана.

Рэакцыя аднавяскоўцаў забітага

Мясцовыя жыхары пачалі зьбірацца каля дома загінулага з раніцы — да 11 гадзін іх было ўжо некалькі сотняў. Паліцыянты з гораду Першамайск хацелі забраць цела на экспэртызу, але аднавяскоўцы не далі магчымасьці. Яны заявілі, што першамайская паліцыя «прадажная», і патрабавалі адвезьці цела забітага ў Нікалаеў, паведамляюць «Навіны N».

Калі іх патрабаваньне было выканана, мясцовыя жыхары пачалі зьбірацца ля раённай пракуратуры, дзе знаходзіліся ўсе шасьцёра затрыманых паліцэйскіх. Аднавяскоўцы патрабавалі самасуду.

Затрыманых павінны былі перавезьці ў СІЗА Мікалаева. Аднак, калі іх вялі да аўтазака, натоўп накінуўся і на затрыманых, і на паліцэйскіх, якія суправаджалі іх — у іх плявалі і білі. Калі ўсе шасьцёра падазраваных ужо сядзелі ў аўтазаку, натоўп пачаў разгойдваць машыну і ледзь было яе ня перакуліў.

Сытуацыю ўдалося разрадзіць намесьніку абласнога пракурора Сьцяпану Бажылу і намесьніку начальніка абласнога ўпраўленьня паліцыі Артуру Гаспараву, якія пагаварылі зь мясцовымі жыхарамі і паабяцалі ім абʼектыўнае расьсьледаваньне таго, што здарылася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG