Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Дубянецкая: «Адукаваная шчырасьць Абламейкі ўражвае»


Ірына Дубянецкая

Ірына Дубянецкая

Сяржук Абламейка прамаўляе рэчы, якія павінны быць прамоўленымі і ўсьвядомленымі, але якія звычайна ўнікаюць азначэньняў. Бо гэта рэчы, важныя для нашай цяперашняй недасфармаванай нацыянальнай тоеснасьці, рэчы, якія не гаворацца лёгка і таму найчасьцей не гаворацца зусім.

Надзённасьць патрабуе асэнсаваньня, а асэнсаваньне патрабуе веды. Сяржук Абламейка прапаноўвае і адно, і другое. Няпростую нашу надзённасьць тлумачыць гісторыяй і паказвае, як незасвоеная гісторыя пражываецца ў нашым цяпер. Кніга «Мой Картаген» змушае нас ізноў вярнуцца да даўно ўжо пакінутае, але так і ня скончанае гаворкі пра беларускую нацыянальную ідэю, дае добрую нагоду падумаць пра гэта наноў, з пазыцыі сёньняшняга мысьленьня, і пасумовіцца зь яе аўтарам, які стварае цудоўную атмасфэру для сумоўя.

Ён нікому нічога не даводзіць, ні ў чым не пераконвае, але проста гаворыць тое, што ведае, тое, у што верыць. Нібыта па-іншаму й немагчыма. Гаворыць безабаронна і шчыра. Але гэта не дзіцячая шчырасьць, у ёй няма наіўнасьці, няма радасьці першаадкрывальніка. Гэта шчырасьць адукаваная. І таму яна ўражвае. У ёй ёсьць боль мінулых нацыянальных траўмаў, сум нерэалізаваных магчымасьцяў, гонар за моц і веліч нашых мысьляроў і змагароў усіх часоў. Аўтару немагчыма не давяраць, нават калі ня прымеш ягоны пункт гледжаньня. З кнігаю немагчыма не лічыцца, нават калі не пагаджаесься. Яе варта чытаць, перачытваць і абмяркоўваць. Можа, што й скранецца.

Прэзэнтацыя новай кнігі бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода, якую склалі эсэ Сяргея Абламейкі «Мой Картаген», адбудзецца 7 ліпеня ў сталічнай кнігарні «Логвінаў». Пачатак а 19.

XS
SM
MD
LG