Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Інстытуце філязофіі Нацыянальнай акадэміі навук адбыўся міжнародны круглы стол «Аятала Хамейні і дыялёг цывілізацыяў Захаду і Ўсходу».

У залі — прадстаўнічая дэлегацыя з Ірану, Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі Махамэд Рэза Сабуры, беларускія навукоўцы, дасьледчыкі.

У праграме быў заяўлены даклад амбасадара Махамэда Рэза Сабуры на тэму «Палітычныя аспэкты дзейнасьці імама Хамейні». Але ад заяўленай тэмы спадар амбасадар адышоў і гаварыў выключна пра ЗША. Вось некаторыя фрагмэнты зь ягонай прамовы:

«Ісламская рэвалюцыя стварыла незалежную рэспубліку на аснове ісламу, і гэта спрыяла сканчэньню ўплыву Амэрыкі ў Іране, а таксама, магчыма, паставіла пад пагрозу яе ўплыў і на іншыя рэгіёны сьвету. Таму ЗША кожны дзень знаходзяць новыя падставы для ціску на нас. Яны беспадстаўна заяўляюць пра тое, што ў Іране няма дэмакратыі, не выконваюцца правы чалавека і падтрымліваецца тэрарызм... Але на сёньняшні дзень дзяржава, якая насамрэч падтрымлівае тэрарызм, — гэта Злучаныя Штаты Амэрыкі. Гэта і дзеяньні на акупаванай тэрыторыі Палестыны, і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы іншых краінаў, і выкраданьне людзей, і зьнішчэньне праціўнікаў, і актыўныя дзеяньні ЦРУ ў розных краінах, і арганізацыя вайсковых пераваротаў...

Пасьля Другой усясьветнай вайны Амэрыка хацела прысабечыць рэсурсы ўсяго сьвету. Асабліва велізарныя тэрыторыі, такія, як Блізкі Ўсход, Пэрсыдзкая затока і Паўночная Афрыка, багатыя нафтавымі рэсурсамі, фактычна былі ў яе магутных кіпцюрах...

І пасьля Ісламскай рэвалюцыі не было ніводнага дня, каб Амэрыка ставілася да Ірану з добрымі намерамі».

Амбасадар Ірану ў Беларусі заўважыў, што ў сваім вітальным слове дырэктар Інстытуту філязофіі Акадэміі навук Анатоль Лазарэвіч зьвярнуў увагу на падабенства Беларусі і Ірану. Таму амбасадар Сабуры засьцярог і Беларусь:

«Я хачу зьвярнуць увагу, што гэта падабенства ў нашай зьнешняй палітыцы. І пакуль мы будзем захоўваць такую пазыцыю што да незалежнасьці, незалежнай дзяржавы, мы будзем знаходзіцца пад ціскам Захаду. І для таго каб процістаяць гэтай варожай зьнешняй палітыцы ў дачыненьні да нас, мы павінны ўмацоўваць нашу эканоміку, падтрымліваць стабільную сытуацыю ўнутры нашых краінаў».

Махамэд Рэза Сабуры і Анатоль Лазарэвіч паціскаюць адно адному рукі

Махамэд Рэза Сабуры і Анатоль Лазарэвіч паціскаюць адно адному рукі

У сваім дакладзе доктар гістарычных навук, прафэсар БДУ Ўладзімер Кошалеў адзначыў:

«Пасьля апэрацыі „Бура ў пустыні“, Кувэйцкага крызісу, ірана-ірацкай вайны, увосень 1990 году прэзыдэнт ЗША Буш-старэйшы заявіў пра стварэньне іншага парадку сьвету. І спадар Буш, і старшыня Рымскага клюбу Кінг выказалі меркаваньне, што ў наступныя 30–40 гадоў улада будзе належаць тым высокаразьвітым краінам, якія валодаюць энэргетычнымі рэсурсамі плянэты або кантралююць іх. Праз гэтую прызму трэба і разглядаць геапалітычную сытуацыю. Лякальныя канфлікты заўсёды адбываюцца там, дзе нафта. Там прысутнічаюць і вялікія дзяржавы. Так што Іран у даволі складаным становішчы,

Цяпер ва ўладзе ў Іране — духоўныя лідэры. У многіх паўставала пытаньне: ці змогуць яны падтрымліваць эканоміку? На дзіва, Іран выстаяў. Гэта выклікае зьдзіўленьне. Значыць, у ісламе есьць ня толькі словы».

Што да цікавасьці Беларусі да Ірану, прафэсар Уладзімер Кошалеў мяркуе, што «перш за ўсё эканамічны фактар штурхае нас на Ўсход — у Іран, Пакістан, Індыю».

Дацэнт катэдры гуманітарных навук Менскага філіялу Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту эканомікі, статыстыкі і інфарматыкі Андрэй Максімчук выступіў з дакладам «Палітыка-рэлігійны тэстамэнт Хамейні і яго значэньне ў сучасным сьвеце». Ён адзначыў, што «Тэстамэнт» аяталы Хамейні ў Расеі забаронены — унесены ў сьпіс «экстрэмісцкай літаратуры», які вядзе Фэдэральная рэгістрацыйная служба.

Жыва абмяркоўваліся іранска-расейскія і іранска-амэрыканскія стасункі, перамовы па іранскай ядзернай праграме, пэрспэктывы зьняцьця санкцыяў. Дырэктар Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў, асьпірант Інстытуту філязофіі Арсені Сівіцкі ў дакладзе «Іран і новы балянс сіл на Блізкім Усходзе» закрануў расейскі аспэкт:

«Што тычыцца перамоваў па іранскай ядзернай праграме за апошні год, то Расея таксама ўносіла сур’ёзныя бар’еры на шляху дасягненьня гэтай зьдзелкі. І зразумела, чаму. Паколькі Расея зьяўляецца дзяржавай, якая вырабляе энэргарэсурсы, а Расея і Іран канкуруюць на рынках збыту нафты і газу, то пэўным палітычным колам Расеі нецікава, каб з Ірану былі зьнятыя санкцыі. Бо гэта паўплывае на зьніжэньне коштаў нафты. Паводле ацэнак заходніх экспэртаў, калі з Ірану будзе зьнята нафтавае эмбарга, кошт барэля нафты апусьціцца да 40 даляраў. Гэта ўжо ня кажучы пра тое, што будзе з „Газпрамам“, калі іранскі газ выйдзе на эўрапейскі рынак. Так што ня ўсё тут адназначна. У горшым выпадку можа быць справакаваны дастаткова сур’ёзны ваенна-палітычны крызіс у рэгіёне — бо Саудаўская Арабія, Ізраіль, Пакістан, часткова Турцыя ўжо пачалі каардынаваць свае вайскова-палітычныя дзеяньні, каб не дапусьціць рэгіянальнага ўзмацненьня Ірану».

Што да Беларусі, то, на думку Арсенія Сівіцкага, зьняцьце з Ірану амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцыяў, санкцыяў ААН прывядзе да таго, што «многія праекты, якія былі замарожаныя, у тым ліку ў сфэры машынабудаваньня, асваеньня, здабычы энэргарэсурсаў, будуць адноўленыя. І можна чакаць узмацненьня беларуска-іранскіх адносінаў»

Анатоль Лазарэвіч прамаўляе падчас круглага стала

Анатоль Лазарэвіч прамаўляе падчас круглага стала

.

І ўсё ж чаму ў Беларусі такая цікавасьць да Ірану? Чым яна абумоўленая менавіта цяпер? На пытаньне Радыё Свабода дырэктар Інстытуту філязофіі Нацыянальнай акадэміі навук, прафэсар, мадэратар круглага стала Анатоль Лазарэвіч адказаў так:

«Інтарэс просты і банальны ў гэтым складаным і глябальным сьвеце: кожны спрабуе выжываць па-свойму ў эканамічным, палітычным пляне, і нават у культурна-цывілізацыйным. Таму само жыцьцё проста абавязвае да супрацоўніцтва ня толькі рэгіянальнага, але і трансрэгіянальнага. Нягледзячы на тое, што Іран далей, чым краіны Балтыі, Расея ці Польшча, ён уваходзіць у нашы стратэгічныя, палітычныя і эканамічныя інтарэсы. Тут нічога ганебнага няма, на мой погляд, гэта нармальная тэндэнцыя разьвіцьця ў сучасным сьвеце. І самазахаваньне ў гэтым сьвеце — самае галоўнае».

— Сёньня на круглым стале з грунтоўнымі дакладамі выступалі ў асноўным маладыя навукоўцы. У Беларусі шмат дасьледчыкаў займаецца праблемамі Блізкага Ўсходу і Ірану ў прыватнасьці?

— Даклады сапраўды грунтоўныя, я сам быў зьдзіўлены — многія супрацоўнікі выступалі з нашага інстытуту. І моладзь прадэманстравала такую цікавую палітычную філязофію! Яны ў трэндзе — палітычным, я б нават сказаў — у палітыка-каньюнктурным. Яны адсочваюць падзеі, тэндэнцыі, добра арыентуюцца. І гэта вельмі карысна для разьвіцьця сучаснай філязофіі. Дарэчы, навукоўцы выказвалі розныя пункты гледжаньня, у тым ліку і праамэрыканскія.

— Але выступ амбасадара, што да крытыкі Злучаных Штатаў, быў даволі рэзкі.

— Так, я і сам не чакаў. Як мне здаецца, амэрыканска-іранскія стасункі цяпер наладжваюцца. Гэта ў яго нейкія рэцыдывы. Але нічога, мы яго пераканаем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG