Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакістан: 2 афіцыйныя мовы, 2 сэпаратысцкія рухі, 2 віды жанчын і беларускія трактары


Вайсковы патруль падчас муніцыпальных выбараў, Карачы, 25.04.2015
Вайсковы патруль падчас муніцыпальных выбараў, Карачы, 25.04.2015

Беларусы наогул няшмат ведаюць пра Пакістан, так як, дарэчы, і пакістанцы пра Беларусь. Мы папрасілі Аміна Мудакіка, дырэктара пакістанскай службы нашага радыё, наблізіць крыху гэтую краіну нашым слухачам і чытачам.

У Вікіпэдыі можна прачытаць, што афіцыйнымі мовамі Пакістану зьяўляюцца ангельская і урду. Якую ролю гэтыя мовы адыгрываюць у публічным жыцьці і ў адукацыйнай сыстэме Пакістану?

Увесь адукацыйны сэктар працуе якраз на гэтых дзьвюх мовах. І ўся афіцыйная карэспандэнцыя, ва ўрадзе і ў дзяржаўнай адміністрацыі, вядзецца на гэтых мовах. Але ў Пакістане мы маем чатыры іншыя важныя мовы: панджабі, якая крыху падобная да урду; сіндхі, на якой гавораць у правінцыі Сінд; бэлуджская ў правінцыі Бэлуджыстан; і пушту ў правінцыі Хайбэр-Пахтунхва. Ёсьць яшчэ і іншыя мовы, зь меншай колькасьцю носьбітаў, але гэтыя чатыры, што я назваў — найважнейшыя, на якіх размаўляюць у Пакістане, у дадатак да ангельскай.

Ці людзі, якія размаўляюць на гэтых розных мовах, усе думаюць пра сябе як пра пакістанцаў, ці, можа, некаторыя адчуваюць сябе іншымі па нацыянальнасьці?

Усе яны маюць пакістанскія пашпарты ці пасьведчаньні асобы, і ўсе яны наогул зьяўляюцца ляяльнымі грамадзянамі краіны. Але ёсьць таксама і пэўныя сэпаратысцкія рухі. Напрыклад, у Бэлуджыстане здаўна існуе сэпаратысцкі рух, які актыўны і сёньня — некаторыя там змагаюцца за асобную дзяржаву. У правінцыі Сінд таксама існуе сэпаратысцкі рух, хоць не такі моцны, як у Бэлуджыстане. У Бэлуджыстане насамрэч ідзе ўзброенае змаганьне.

А ці ёсьць у Пакістане адукацыя на гэтых іншых, неафіцыйных мовах?

На пачатковым узроўні — так. Але на вышэйшых узроўнях — толькі на ангельскай і урду.

Іслам зьяўляецца афіцыйнай рэлігіяй Пакістану. Што гэта азначае на практыцы — іншыя рэлігіі там забароненыя, ці як?

Тэрмін «афіцыйная рэлігія» азначае, што іслам мае дамінуючую ролю ў публічным жыцьці — у заканадаўстве, у судах, у адукацыйнай сыстэме. Нельга, напрыклад, прымаць законы, якія супярэчылі б ісламу. Дарэчы, афіцыйная назва краіны гучыць: Ісламская рэспубліка Пакістан. Але, сказаўшы гэта, трэба падкрэсьліць, што ў Пакістане выступаюць і іншыя рэлігіі — індуізм, прыкладам, або хрысьціянства — і вернікі іншых рэлігій могуць іх свабодна вызнаваць. Рэлігійныя меншасьці маюць сваіх прадстаўнікоў у парлямэнце, могуць выхоўваць дзяцей у сваёй рэлігіі і маюць такія правы, як і іншыя грамадзяне.

Які дзяржаўны лад у Пакістане? То бок, хто там найважнейшы — урад, парлямэнт, прэзыдэнт?

Пакістан — гэта фэдэратыўная парлямэнтарная рэспубліка. Асноўная выканаўчая ўлада спачывае ў руках прэм’ер-міністра, якога абірае парлямэнт. Прэм’ер-міністар зьяўляецца дэпутатам парлямэнту, а парлямэнт абіраюць усе грамадзяне на агульных выбарах. У прэзыдэнта ёсьць пэўная выканаўчая ўлада — ён, напрыклад, можа ўвесьці ваеннае становішча, адправіць урад у адстаўку або адхіліць закон — але наогул ягоныя паўнамоцтвы маюць цырыманіяльны характар.

Вы сказалі, што Пакістан — фэдэратыўная рэспубліка. Што складае гэтую фэдэрацыю?

Гэта фэдэрацыя чатырох правінцый, у якіх ёсьць свая аўтаномія, свае заканадаўчыя органы і свае кабінэты міністраў. Але такія справы, як замежная палітыка або абарона, належаць да кампэтэнцыі фэдэральнага ўраду.

Калі я папрашу вас ацаніць узровень дэмакратыі ў Пакістане на шкале ад нуля (няма дэмакратыі) да дзесяці (ідэальная дэмакратыя), то якую ацэнку вы дасьце?

Тройку. Пакістанскай дэмакратыі ўжо ня менш чым 60 гадоў — яе ўсталявалі ў 1948 годзе — але большасьць гэтага часу краінай кіравала армія. Летась упершыню ў гісторыі Пакістану здарылася сытуацыя, калі выбраны ўрад праіснаваў 5 гадоў, то бок адпрацаваў свой поўны тэрмін. Раней мы мелі ўрады, якім удавалася кіраваць краінай два гады або тры, а потым армія іх скідала.

Якая роля жанчын у публічным і палітычным жыцьці Пакістану? Шмат хто ў сьвеце чуў, што ў свой час прэм’ер-міністрам Пакістану была Бэназір Бхута, якую забілі...

У Пакістане, так як у Афганістане і ў суседніх рэгіёнах, ёсьць два віды жанчын і два віды ролі жанчын: гарадзкія жанчыны і вясковыя жанчыны. У гарадзкіх жанчын правы амаль роўныя з мужчынамі. Яны могуць атрымліваць адукацыю, паступаць ва ўнівэрсытэты, і гэтак далей, хоць, трэба прызнаць, ёсьць пэўная дыскрымінацыя, і жыцьцёвы выбар у жанчыны абмежаваны ў параўнаньні з выбарам мужчыны. Што тычыцца вясковых жанчын, дык яны пазбаўленыя амаль усіх правоў. Жанчыны, якія жывуць на вёсцы, наогул ня могуць пайсьці ў пачатковую школу, ня кажучы пра сярэднюю ці вышэйшую. Адзіны спосаб, каб здабыць сабе больш правоў — гэта вырвацца зь вёскі ў горад. Са свайго досьведу скажу пра такую дэталь: адзіная жанчына-карэспандэнт нашай службы ў Пакістане паходзіць зь вёскі каля Пэшавару, але ёй трэба было пераехаць зь вёскі ў сталіцу краіны, Ісламабад, каб магчы працаваць на гэтай пасадзе.

Калі паглядзець на Пакістан у рэгіянальным і геапалітычным кантэксьце, то якія ў яго палітычныя саюзьнікі?

З гістарычнага гледзішча глябальным саюзьнікам зьяўляюцца Злучаныя Штаты. Рэгіянальных саюзьнікаў, на жаль, Пакістан да гэтага часу не займеў. Але цяпер Кітай спакваля становіцца такім рэгіянальным і адначасова глябальным саюзьнікам Пакістану. У мінулым месяцы кіраўнік Кітаю наведаў Пакістан і паабяцаў пакет дапамогі і інвэстыцый, асабліва ў энэргетычным сэктары, вартасьцю 46 мільярдаў даляраў. А так наогул адносіны Пакістану з краінамі рэгіёну — Індыяй, Афганістанам і Іранам — даволі напружаныя.

Некаторыя беларускія СМІ пішуць, што пакістанскія спэцыялісты могуць дапамагчы беларусам у разьведцы радовішчаў нафты і газу. Якія мінэральныя багацьці здабываюцца Пакістанам?

Пакістан мае шмат мінэральных багацьцяў: газ, нафту, жалеза, вугаль. Але найбольш плённа супрацоўніцтва паміж Пакістанам і Беларусьсю разьвіваецца ў сельскагаспадарчай сфэры...

Пакістанцы ведаюць беларускія трактары?

А як жа! У Пакістане шмат гэтых трактароў, як, дарэчы, і ў Афганістане.

Некаторыя кажуць, што Пакістан можа быць зацікаўлены ў пастаўках беларускага ўзбраеньня. Што вы пра гэта думаеце?

Мы ня маем афіцыйнага пацьверджаньня такіх зьвестак ці чутак. З другога боку, наколькі мне вядома, пакістанская армія карыстаецца амаль выключна амэрыканскім і брытанскім узбраеньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG