Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірак зацікаўлены ў беларускіх баявых самалётах, — Алесін


Беларусь ды Ірак дамовіліся пра «пабудову падмурку» двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Пра гэта паведамляе прэсавая служба кіраўніка Беларусі па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі зь міністрам замежных спраў Іраку Ібрагімам аль-Джафары.

Лукашэнка адзначыў, што беларуска-ірацкае супрацоўніцтва мае немалую гісторыю.

«Зразумела адно — мы павінны выйсьці на новы ўзровень супрацоўніцтва. Трэба выбудаваць сапраўдны падмурак адносінаў. Гэтым падмуркам можа быць гандлёва-эканамічнае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Мы гатовыя да выбудоўваньня адносін па гэтых напрамках», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама закрануў тэму стабільнасьці сытуацыі ў Іраку. «Галоўны наш інтарэс у Іраку — гэта стабільны Ірак. Мы хочам, каб ірацкі народ жыў стабільна ў дзяржаве, каб людзі адчувалі, што жывуць у сапраўднай багатай дзяржаве, і гэтыя багацьці — здабытак ірацкага народу», — адзначыў Лукашэнка.

Што да супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сфэры, то паводле вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, гаворка можа ісьці пра продаж зброі:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Можна меркаваць, што Ірак зацікаўлены ў баявых самалётах, якія Беларусь здымае з узбраеньня. Гэта найперш некалькі дзясяткаў франтавых бамбардавальнікаў Су-24, якія выведзены з эксплюатацыі ў сувязі з тым, што іх тэхнічны стан выклікае засьцярогі. Але ў Іраку ідзе вайна, і ірацкаму ўраду наогул не да такіх засьцярогаў, тым больш, што гэтыя самалёты ня мелі катастрофаў у Беларусі. Гэтыя самалёты ў НАТО называлі „грузавікамі з бомбамі“, яны маглі несьці 8 тон бомбаў. І ў цяперашняй схватцы з ісламістамі, якія ўмацавалі свае пазыцыі, выкарыстаньне такіх бамбардавальнікаў было б дарэчы. І ўсё астатняе — боезапасы, авіябомбы, снарады і так далей, а таксама паслугі Беларусі па рамонце авіятэхнікі, якую мае Ірак. Беларусь якраз тая краіна, якая ня ставіць нейкіх асаблівых умоваў, і нашы расцэнкі даволі прымальныя.

Па-другое, у нас ёсьць значная колькасьць на кансэрвацыі ў рэзэрве артылерыйскіх установак тыпу „Гвазьдзіка“, а таксама буксіруемыя сыстэмы, і я думаю, нейкую частку гэтых артсыстэмаў можна было б прадаць. Там ідзе такая вайна, што нават старыя савецкія пушкі спаўна могуць згуляць там сваю ролю. Ну і паслугі беларускіх прадпрыемстваў па рамонце бранятанкавай тэхнікі, тэхнікі СПА. Таксама мы маглі б разам з Расяей удзельнічаць у пастаўках сродкаў СПА.

То бок супрацоўніцтва можа быць самым разнастайным. Я ўжо не кажу пра наяўнасьць у Беларусі запасаў вайсковай вопраткі, армейскай маёмасьці, стралковай зброі, боезапасаў. З улікам таго, што ўсясьветная супольнасьць цяпер падтрымлівае Ірак, гэта ўсё можа быць прададзена і ў кароткія тэрміны дастаўлена ў Ірак, каб там пераламіць сытуацыю».

Алесь Дашчынскі

XS
SM
MD
LG