Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарада ў Міністэрстве інфармацыі. Незалежным СМІ патлумачылі, як правільна асьвятляць фінансавы крызіс


У Міністэрстве інфармацыі прайшла нарада з удзелам галоўных рэдактараў незалежных СМІ.

На нараду былі запрошаныя прадстаўнікі незалежных выданьняў: Андрэй Дынько з «Нашай Нівы», Іосіф Сярэдзіч з «Народнай Волі», Вячаслаў Хадасоўскі з тыднёвіка «Белорусы и рынок», Ірына Леўшына ад агенцтва БелаПАН, Юры Зісер і Марына Залотава ад парталу «Тут-бай», а таксама кіраўнікі «Ежедневника», «Інтэрфакса», «Аргументов и фактов». Прысутнічаў таксама кіраўнік нядаўна створанага беларускага агенцтва «Россия сегодня» Андрэй Качура.

Андрэй Дынько паведаміў, што гэта была сустрэча зь міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч:

«Нас сабралі, каб растлумачыць сытуацыю ў фінансавай сфэры. Яна распавяла, як дзяржава бачыць гэтую сытуацыю, запэўніла, што на стужцы дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА будзе зьяўляцца вычарпальная інфармацыя пра сытуацыю ў фінансавай сфэры. Нас таксама запэўнілі, што мы будзем атрымліваць поўную інфармацыю ад прадстаўнікоў ураду, Нацыянальнага банку, Міністэрства фінансаў. У сваю чаргу, рэдактары СМІ паднялі розныя пытаньні, якія іх хвалююць. Адбыўся ажыўлены, а месцамі і востры абмен думкамі. Былі вострыя пытаньні, як дзейнічалі прэс-службы дзяржаўных органаў, афіцыйныя асобы ў пятніцу, калі краіна патрабавала інфармацыі.

Але былі таксама і вострыя пытаньні ў іншых сфэрах — адносна дачыненьняў Міністэрства інфармацыі, дзяржаўных структур зь незалежнымі СМІ. Я, у прыватнасьці, запытаўся пра сытуацыю з кнігарняй „Логвінаў“, але мне адказалі, што гэта пытаньне не да Міністэрства інфармацыі. Мінінфарм, маўляў, ня ў курсе гэтай сытуацыі».

Іосіф Сярэдзіч

Іосіф Сярэдзіч

Паводле галоўнага рэдактара «Народнай Волі» Іосіфа Сярэдзіча, гэта была звычайная нарада:

«На падобных я прысутнічаў яшчэ ў савецкі час, гэта было ну зусім як у сумна вядомага загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК КПБ Савелія Паўлава.

Лілія Ананіч папрасіла рэдактарскі корпус не распальваць жарсьці. Маўляў, „не ва ўсім вінаватыя нашы ўлады, паглядзіце, што адбываецца вакол нас — у Расеі і ва Ўкраіне“. Міністарка таксама папрасіла браць інфармацыю толькі з афіцыйных крыніцаў. На што прадстаўнікі незалежных СМІ абурыліся і апавялі, як паводзілі сябе прэс-службы і чыноўнікі 19 сьнежня, калі народ патрабаваў праўдзівай, аб’ектыўнай інфармацыі. Я лічу, што рэдактары — прафэсіяналы, і кожны з нас і так разумее, што ў дадзенай сытуацыі трэба ня лодку разгойдваць, а шукаць выйсьце».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG