Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзіхоўскі: У Лукашэнкі з Пуціным глыбокая і ўпартая ўзаемная антыпатыя


Леанід Радзіхоўскі

Леанід Радзіхоўскі

Хто выйграў, а хто прайграў у выніку 20 гадоў беларуска-расейскай інтэграцыі? Ці сапраўды ў пэўны момант Аляксандар Лукашэнка меў шанцы стаць гаспадаром Крамля? Што сёньня думаюць у Крамлі наконт таго, што рабіць зь Беларусьсю? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі.

«Расейскі патрыёт — гэта чалавек, які доўга лае Расею і доўга хваліць Лукашэнку»

— Па-вашаму, якія мэты перасьледавалі абодва бакі, пачынаючы працэс «інтэграцыі» ў 1996 годзе?

— У кожнага зь іх былі свае. Ельцын спрабаваў у вачах расейскага грамадзтва зьмякчыць свой «першародны грэх», што менавіта ён «забіў» Савецкі Саюз у Белавескай пушчы, як лічылі камуністы і большасьць народу. Ну, а Лукашэнка меў больш простыя мэты — абаперціся эканамічна на Расею, «прадаць» абяцаньне адзінай дзяржавы і «купіць» за гэта нейкія рэальныя эканамічныя выгады.

— У Беларусі прынята лічыць, што даволі доўгі час Лукашэнка марыў здабыць шапку Манамаха, стаць кіраўніком дзяржавы ў Маскве. Наколькі сур’ёзна гэта ўспрымалася тады ў Расеі?

— Пра гэта казалі пераважна расейскія ўра-патрыёты — Праханаў, Зюганаў. Бо што такое «расейскі патрыёт? Гэта чалавек, які доўга лае Расею і доўга хваліць Беларусь і канкрэтна Лукашэнку.

Але для мяне было відавочна, што ніколі ў жыцьці гэты нумар ня пройдзе. Па-першае, расейскія эліты касьцьмі лягуць, але не дапусьцяць Лукашэнку да прэзыдэнцтва. Па-другое, для большасьці жыхароў Расеі было б дзіўна, што кіраўнік іншай дзяржавы (няхай сабе самай роднаснай, «паўзамежнай») узначаліць Расею. Часы, калі клікалі замежных прынцаў на расейскі прастол — прайшлі. Мне здавалася відавочным, што нікога, акрамя грамадзяніна Расеі, у Расеі ня выберуць.

— Ці сапраўды ў пэўны момант «інтэграцыі» ўзьнікла рэальная пагроза незалежнасьці Беларусі, ці гэта была пужалка і ілюзія, а гістарычная заканамернасьць не дапускала такога варыянту?

— Я ня думаю, што Расея магла паглынуць Беларусь. Гэта пустыя словы. Як гэта тэхнічна магло выглядаць? Першы варыянт — ніякай Беларусі няма, яе вобласьці ўваходзяць у склад Расеі. Я ня думаю, што на гэта пагадзіўся б Лукашэнка, ён хутчэй бы пакончыў з сабой. Але нават калі б яго нейкім чынам абышлі — я ня думаю, што на гэта пагадзілася б беларуская палітычная, эканамічная і культурная эліта. Дый большасьць насельніцтва Беларусі, я думаю, цэніць тое, што гэта асобная краіна.

Другі варыянт, што Беларусь як краіна ўваходзіць у склад Расеі, — гэта тэарэтычна было магчыма, але практычна нерэальна. Бо што гэта значыць? На якіх падставах? Атрымаць такія правы, як Татарстан? Наўрад ці Беларусь на гэта пагадзілася б, патрабавала б большыя правы. А калі Беларусь атрымлівае большыя правы, то чаму Татарстан будзе мець меншыя правы? Атрымліваецца ці то канфэдэрацыя, ці то фэдэрацыя. Атрымліваецца прававы хаос, які нікому ў Расеі ня быў патрэбны. Да таго ж гэта напэўна б выклікала досыць вялікае нездавальненьне і супраціў у сьвеце.

Ну, і сам Лукашэнка шмат разоў казаў, што ён хутчэй памрэ, чым ахвяруе хоць ётай сувэрэнітэту Беларусі. Усё гэта цудоўна спалучалася з тым, што пры гэтым ён радасна падпісваў шматлікія дамовы аб інтэграцыі з Расеяй.

За гэтыя 20 гадоў людзі ў Расеі адчулі, што ніякага «аднаўленьня адзінай дзяржавы» ня можа быць у прынцыпе

— Хто больш выйграў, а хто прайграў у выніку 20 гадоў «інтэграцыі»?

— Выйграў сто працэнтаў Лукашэнка. Ён атрымаў вялікія эканамічныя прэфэрэнцыі. Падлічыць гэта немагчыма. Бо як толькі справа даходзіць да падлікаў, то Лукашэнка пераходзіць на асаблівую форму беларускай мовы і даказвае, што гэта Беларусь корміць Расею. Тады зразумець яго вельмі цяжка — думаю, маскоўскія чыноўнікі яго не разумеюць.

Расея эканамічна ня выйграла ўвогуле нічога. Дый палітычна нічога. Тлумілі галаву насельніцтву нейкі час незразумелымі казкамі пра незразумелы саюз, намёкамі невядома на што. Думаю, цяпер у Расеі ніхто ня памятае пра існаваньне гэтага «саюзу», гэтай «адзінай дзяржавы». За дваццаць год сапраўды «памерла дык памерла». І за гэтыя 20 гадоў людзі ў Расеі адчулі, што ніякага «аднаўленьня адзінай дзяржавы» ня можа быць у прынцыпе. Нават з самым блізкім і бесканфліктным суседам — Беларусьсю.

«Варыянт, што ў Беларусі адбудзецца каляровая рэвалюцыя, скінуць Лукашэнку — у Маскве гэта ўсур’ёз не разглядаецца»

— Але Беларусь ахвяравала сваёй эўрапейскай пэрспэктывай на гэтыя гады інтэграцыі з Расеяй. Па-вашаму, ці здолее Беларусь пасьля эпапэі з інтэграцыяй павярнуцца да Эўропы?

— Гэта залежыць ад стану фізычнага і псыхічнага здароўя спадара Лукашэнкі. Бо ён абсалютны дыктатар у Беларусі — таму як ён пажадае, так і будзе. Калі ён здолее заснаваць манархію, як Аліеў, — не канстытуцыйную, а самадзяржаўную — то ні пра якую інтэграцыю з Эўропай размовы ісьці ня будзе. Ну, а калі ён раптам пад заслону штуку вытварыць, пойдзе на зьмякчэньне рэжыму — тады чаму не? Нейкая паступовая інтэграцыю ў Эўропу магчымая.

Наколькі да яе гатовае беларускае насельніцтва? Я не вялікі экспэрт тут, але, як мне здаецца, пэнсіянэры ня вельмі гатовыя, але моладзь у значнай ступені адчувае сябе эўрапейцамі, а не жыхарамі нейкай мітычнай «саюзнай дзяржавы».

— Што цяпер у Крамлі думаюць на тэму «што рабіць зь Беларусьсю»? Ці ёсьць у іх нейкая стратэгія?

— Я ня думаю, што Пуцін робіць нейкую стаўку на Беларусь. Па-першае, у іх паганыя асабістыя адносіны з Лукашэнкам, глыбокая і ўпартая ўзаемная антыпатыя. Нават цяжка сказаць, з чыйго боку большая.

Але справа нават ня толькі ў асабістых адносінах — хоць калі размова ідзе пра такія краіны, то асабістыя адносіны маюць гіганцкае значэньне. Проста Пуцін як разумны чалавек разумее, што максымум, што ён можа, — і надалей падтрымліваць гэтую адну з самых дарагіх ілюзіяў у сьвеце, пра наяўнасьць нейкай супольнай дзяржавы. Разумее, што ні пра якае ўключэньне Беларусі ў Расею размова не ідзе, дый Расеі гэта ня трэба.

Варыянт, што ў Беларусі адбудзецца каляровая рэвалюцыя, скінуць Лукашэнку — у Маскве гэта ўсур’ёз не разглядаецца. Там разумеюць, што гэтая справа на сёньня цалкам утапічная. Таму цяперашняя сытуацыя ўяўляецца Маскве дастаткова стабільнай і надзейнай — ці ня самай стабільнай з усіх замежнапалітычных сытуацыяў, зь якімі сутыкаецца Расея.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG