Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рада не ўпаўнаважана разглядаць, што каму падабаецца»: аўтара Man with no name абавяжуць даказаць, што работа мае быць


Гіганцкі малюнак Man with no name у Менску рэкамэндавана зьмяніць ці зафарбаваць, калі толькі аўтар не пераканае раду па манумэнтальным мастацтве ў вартасьці сваёй працы.

Малюнак Man with no name грэцкага мастака iNo на сьцяне дома па вуліцы Варанянскага, 13/1, рэкамэндавана зьмяніць ці зафарбаваць пасьля скаргі аднаго з жыхароў суседняга дома. Графіці было зроблена ў межах фэстывалю Urban Myths. Менгарвыканкам, які дазволіў правядзеньне фэстывалю, спаслаўся на тое, што праца не была ўзгодненая зь Менскай гарадзкой мастацка-экспэртнай радай па манумэнтальным і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве.

Арганізатар фэстывалю Urban Myths яшчэ да скаргаў на Man with no name казаў, што гарадзкія ўлады не патрабавалі эскізаў загадзя. У радзе ж Свабодзе апавялі, што Менгарвыканкам нічога такога не ўзгадняў:

«Калі трэба намаляваць нейкі вялікі малюнак, трэба ўзгадняць яго на манумэнтальнай радзе. Гэтую працу ніхто не глядзеў. Сам праект Urban Myths узгоднены ў Менгарвыканкаме, але кожная праца не ўзгаднялася. Мы яе ўбачылі разам з жыхарамі. І, улічваючы, што вельмі шмат лістоў паступіла наконт гэтай працы і іншых працаў, мы паглядзелі яе. Такі вынік, што або нам пакажыце — і мы ўзгоднім ці ня ўзгоднім, або зафарбуйце, бо яна ўсталяваная незаконна.

У асноўным добрыя меркаваньні, людзям падабаецца, што ня шэры дом, а нейкія ці самалёцікі, ці нешта яшчэ. Але па гэтай працы ёсьць спрэчкі».

Супраць Man with no name выступіла жыхарка суседняга дому Настасься Ерамеева, якая сьцьвярджала, што малюнак нагадвае ёй «анёла сьмерці». Яе пэтыцыю падпісалі 223 чалавекі, а пэтыцыю за тое, каб зафарбаваць саму Ерамееву, падпісалі ў 10 разоў больш людзей. Але да прапановы гэтых другіх у радзе прыслухоўвацца не зьбіраюцца:

«Рада не ўпаўнаважаная разглядаць, што каму падабаецца, а што каму не падабаецца. На тое яна і рада. Яна створана са знакамітых дзеячаў культуры, мастакоў у асноўным, якія выказваюць сваё меркаваньне. Паколькі гэтая праца не была паказаная ў эскізным праекце, як таго патрабуе заканадаўства, было такое рашэньне.

Калі гэтую працу аўтар пакажа і дакажа, што гэтая праца мае быць, рада, мабыць, узгодніць яе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG