Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Дзьмітрыеў: Ці Майдан, ці рэфэрэндум — хай выбіраюць


Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота

Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота

Ініцыятары «Народнага рэфэрэндуму» патрабуюць тэрміновага скліканьня пазачарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў і ўключэньня ў парадак дня пытаньня аб правядзеньні рэфэрэндуму. За рэфэрэндум падпісаліся больш за 70 тысяч грамадзянаў з 65 гарадоў краіны. З працягам тэмы — Іна Студзінская.

У 2014 годзе «Народны рэфэрэндум» стаў галоўнай дэмакратычнай ініцыятывай, кажа адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзьмітрыеў:

«Мы разумеем, што мы робім. Мы разумеем шлях, якім мы ідзем. Мы лічым, што ўсе гэтыя падзеі, якія пачалі адбывацца, насамрэч спрыяюць таму, што ініцыятыва «Народны рэфэрэндум» стане яшчэ мацнейшай. Бо людзі яшчэ больш зразумеюць, наколькі важныя мірныя перамены, і што нельга «адседзецца».

Само грамадзтва ўсё больш і больш разумее, што калі стабільнасьць — гэта тры дэвальвацыі за 4 гады, то, можа, лепш нестабільнасьць? І, можа, лепш усё ж такі разьвіцьцё? Мы лічым, што «Народны рэфэрэндум зрабіў шмат ў гэтым годзе, і ў нас ёсьць пляны на будучыню».

Ініцыятары «Народнага рэфэрэндуму» са жніўня па сьнежань сабралі 75 тысяч подпісаў у 65 гарадах, 50 тысяч — перадалі ў Палату прадстаўнікоў. У 15 гарадах краіны адбылося 18 грамадзкіх слуханьняў, агулам іх наведалі каля 500 чалавек. Прадстаўнікі кампаніі сустрэліся з 46 дэпутатамі і двума намесьнікамі міністраў, перадалі ім свае рэкамэндацыі што да рэформаў у галіне адукацыі і аховы здароўя. Неўзабаве — сустрэча з прадстаўнікамі Рады бясьпекі. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард кажа:

Ірына Вештард

Ірына Вештард

«Мы верым, што, калі працаваць з насельніцтвам, яно ўсё ж будзе схіляцца да нашай ініцыятывы, і мы ўпэўненыя, што абавязкова будзе пачатак мірных пераменаў у нашай дзяржаве».

Цяпер ініцыятары кампаніі прапануюць усім жадаючым зьвярнуцца да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі з просьбай да канца лютага склікаць пазачарговую сэсію парлямэнта і ўсё ж абмеркаваць на ёй магчымасьць правядзеньня рэфэрэндуму. Першы намесьнік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч тлумачыць:

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Дэпутаты так і не знайшлі ў сабе сьмеласьці ня тое што прызначыць рэфэрэндум, а нават уключыць гэта пытаньне ў парадак дня сэсіі. Дэпутаты павінны ўсё ж сабрацца на пазачарговую сэсію і даць адказ сваім выбарцам. Таму сёньня мы ініцыюем скліканьне пазачарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў, якая можа адбыцца да канца лютага наступнага году. Паводле заканадаўства, прэзыдэнт мае паўнамоцтвы на скліканьне пазачарговай сэсіі, на якую павінна быць вынесена ўсё ж такі пытаньне аб рэфэрэндуме з шасьцю пытаньнямі».

Калі будзе нарастаць незадаволенасьць насельніцтва — тут колькасьць варыянтаў для ўлады таксама вельмі абмежаваная. Альбо такі варыянт, як ва Ўкраіне — стыхійная плошча, калі людзі выйдуць і будуць патрабаваць адстаўкі гэтага рэжыму, альбо другі варыянт, кажа Юры Губарэвіч:

«Другі варыянт — гэта прадэманстраваць гатоўнасьць ісьці на перамены, чаго патрабуюць людзі. Яны стаміліся ад сытуацыі стабільнасьці як на могілках, яны стаміліся ад таго, што дзяржава ім хлусіць, яны стаміліся ад таго, што ня маюць доступу да свабоднай інфармацыі, што ўлада не рэагуе на іх патрабаваньні. А сёньня адзіная ініцыятыва, пад якой падпісалася значная колькасьць людзей, — гэта супольная кансалідаваная ініцыятыва „Народны рэфэрэндум“».

Пры наяўнасьці гэтых двух варыянтаў правядзеньне рэфэрэндуму для ўлады будзе меншым злом. Адзін зь лідэраў «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў падсумаваў:

«Таму — ці Майдан, ці рэфэрэндум — няхай выбіраюць».

Цяпер ініцыятары кампаніі прапануюць усім ахвотным зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай да канца лютага склікаць пазачарговую сэсію парлямэнту і абмеркаваць на ёй магчымасьць рэфэрэндуму. Яны плянуюць сабраць больш за 1 тысячу асабістых зваротаў з гэтым патрабаваньнем праз электронную пошту на сайце адміністрацыі прэзыдэнта і пісьмова, праз звычайную пошту.

Пытаньні Народнага Рэфэрэндуму

1. Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?

2. Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласьцей павінны абірацца прамым галасаваньнем грамадзян?

3. Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэньне бязьвізавай прасторы з Эўрапейскім Зьвязам?

4. Ці згодныя вы, што дзеля забесьпячэньня нэўтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена разьмяшчэньне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы ня мусяць несьці службу за мяжой?

5. Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны?

6. Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад заплянаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсьці на кампэнсацыю ўкладаў, згубленых пад час дэвальвацыі-2011, і стварэньне працоўных месцаў?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG