Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івашын: Будзем яшчэ мацней выпальваць інфармацыйным напалмам


Belarus - website https://by..org/pra-nas/ 28Jun2015

Belarus - website https://by..org/pra-nas/ 28Jun2015

Адзін з расейскіх чарнасоценскіх сайтаў зьмясьціў у адным з артыкулаў прыватныя зьвесткі пра рэдактара беларускай службы рэсурсу InformNapalm гарадзенца Дзяніса Івашына.

Пададзеныя ня толькі нумары тэлефонаў і хатнія адрасы, але і нумары машын, і нават год шлюбу маці.

Дзяніс Івашын распавёў пра сваю працу ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды.

— Я зьяўляюся валянтэрам міжнароднай супольнасьці „InformNapalm“. Мы займаемся выяўленьнем расейскіх падразьдзяленьняў на тэрыторыі Данбасу, знаходзім факталягічную базу і яе публікуем праз мэтоду OSINT, то бок, гэта выведка на падставе адкрытых крыніцаў. Гэта мы робім сваімі сіламі, у нас ёсьць валянтэры, якія вядуць менавіта гэтую дзейнасьць. Ёсьць валянтэры, якія перакладаюць нашу інфармацыю на ўсе асноўныя мовы. Гэта ўсё адбываецца ў інтэрнэце, он-лайн, Пошукавай базай для гэтай мэтодыкі OSINT зьяўляюцца перадусім розныя сацыяльныя сеткі, перадусім расейскія, разнастайныя форумы, дзе між сабой размаўляюць вайскоўцы ці іх маці, сайты розных сілавых ведамстваў. То бок, гэта ўся тая інфармацыя, якую можна атрымаць пры дапамозе ўсіх гэтых адкрытых крыніцаў».

— Якая мэта вашай працы?

— Самая першасная мэта — гэта стварэньне базы дадзеных, фіксацыя ўдзелу расейскіх падразьдзяленьняў у вайсковай агрэсіі супраць Украіны. Апроч гэтага мы цяпер выяўляем непасрэдныя вайсковыя злачынствы збройных сілаў Расеі менавіта ў Сырыі. То бок, публікуем імёны, прозьвішчы расейскіх пілётаў, якія бамбуюць мірнае сырыйскае насельніцтва, жылыя кварталы гарадоў. Усё гэта робіцца дзеля будучага міжнароднага трыбуналу, які абавязкова будзе. І дзеля гэтага мы прыкладаем максымум сваіх намаганьняў.

— Вы робіце важную справу, калі на вашую працу так рэагуюць, я маю на ўвазе артыкул на чарнасоценскім сайце...

— Так. Гэта рэакцыя нашых інфармацыйных ворагаў сьведчыць толькі пра тое, што мы знаходзімся на правільным шляху. Да таго ж мы ведаем, што адміністратарам гэтага рэсурсу, на якім зьявіўся паклёп, пасквіль на мяне, зьяўляецца Вячаслаў Раўжын. Ён зьяўляецца журналістам LifeNews і каардынатарам «Антымайдану». Прынамсі, гэта пазначана ў ягоным профілі. То бок, гэта робіцца цэнтралізавана, непасрэдна з Масквы, таксама празь іх стаўленікаў у Беларусі. Такая рэакцыя сьведчыць пра толькі пра тое, што мы знаходзімся на правільным шляху. І мы будзем толькі ўзмацняць нашыя захады і будзем яшчэ больш мацней выпальваць іх нашым інфармацыйным напалмам. Праца наша ня толькі працягнецца, але і ўзмацніцца. Апошнім часам у нас значна павялічылася валянтэрскае кола, вельмі многа інфармацыі зьяўляецца, да нас амаль штодня далучаюцца новыя людзі. Наша інфармацыйнае ўзьдзеяньне на нашага ворага толькі абвострыцца і ўзмацніцца.

— Ці можаце вы акрэсьліць, колькі расейскіх вайскоўцаў вам ужо ўдалося выкрыць?

— На сёньняшні момант у нашай базе дадзеных на сайце можна знайсьці звыш 120 падразьдзяленьняў узброеных сілаў Расеі. Там пазначаныя гэтыя падразьдзяленьні, месца і час іх фіксацыі. Гэта інфармацыя ўвесь час актуалізуецца.

— Гэта ўпершыню так адрэагавалі з Расеі на вашу працу, ці адчуваеце вы нейкія пагрозы?

— Спробы ачарненьня былі і раней. Але непараўнальна з гэтым разам. Аднак гэты рэсурс, на якім зьявіўся гэты паклёпніцкі артыкул, маргінальны, не пашыраны ў сеціве, яго ніхто не камэнтуе. Магчыма, яны вырашылі дзякуючы маёй пэрсоне пашырыць сваю аўдыторыю.

— У артыкуле чарнасоценскага сайту гаворыцца пра тое, што яны, маўляў, падалі вашыя асабістыя зьвесткі ў адкрытым сеціве, каб ураўнаважыць тое, што вы робіце адносна расейскіх вайскоўцаў...

Для нашых інфармацыйных ворагаў няма ніякіх межаў, няма ніякіх маральных крытэраў у шальмаваньні свайго праціўніка

— Мы ніколі не парушаем этыку паводзінаў у сеціве. То бок, калі мы фіксуем вайсковых злачынцаў у сеціве, мы ніколі не падаем інфармацыю пра іх сваякоў, дзе яны жывуць, якая ў іх маёмасьць, пра нумары іх тэлефонаў. Гэта нашае правіла паводзінаў у інтэрнэце. А для нашых інфармацыйных ворагаў няма ніякіх межаў, няма ніякіх маральных крытэраў у шальмаваньні свайго праціўніка. У іх ніколі не было ніякай мяжы, і падзеі, якія адбыліся з Украінай, пра гэта яскрава сьведчаць.

— Як маглі трапіць да іх вашы прыватныя дадзеныя?

— Некаторую інфармацыю можна знайсьці у фэйсбуку ў маім профілі, я яе ніколі не хаваў ад чужых вачэй. Але іншай інфармацыі, якую яны апублікавалі, у адкрытым доступе няма. Таму тут пытаньне, што ёсьць патэнцыйныя агенты расейскага ўплыву менавіта ў сілавых ведамствах Беларусі, якія далі гэтыя дадзеныя са сваёй базы.

— А як рэагуюць на вашу дзейнасьць самі выкрытыя расейскія вайскоўцы?

— Вельмі проста. Калі мы фіксуем пэўныя падразьдзяленьні праз профілі гэтых вайсковых злачынцаў у сацыяльных сетках, яны цягам дня-двух цалкам выдаляюць свае профілі. Або выдаляюць фотаздымкі, на якіх была прывязка да мясцовасьці ў Данбасе. Яны самі выдаляюць альбо прымушае іх камандаваньне. Па гэтай рэакцыі мы бачым, што наша інфармацыя абсалютна дакладная і ёсьць насамрэч факталягічнай базай.

—А з боку ўладаў Беларусі вы адчуваеце нейкія перашкоды?

— Тая інфармацыя, якую мы падаем, вельмі цікавая і для ўладаў Беларусі. Бо паводле маштабу гэтай вайсковай агрэсіі РФ супраць Украіны, беларускія ўлады разумеюць, што намеры Расеі вельмі сур’ёзныя, што часы зьмяніліся і цяпер трэба пільнаваць сваю незалежнасьць. Бо калі яны дадуць нейкую слабіну, то сцэнар Крымскай анэксіі вельмі верагодны ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG