Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экспэрты Беларускага інстытуту рэформы і трансфармацыі публічнага адміністраваньня (BIPART) вывелі ўнікальны індэкс «ЧаркаСкваркі» (ЧС). Няхітры «джэнтэльменскі набор», некалі падкінуты грамадзтву зь лёгкай рукі Аляксандра Лукашэнкі, закліканы стаць нацыянальным заменьнікам знакамітага індэксу «БігМак» і ў прывязцы да мясцовых рэаліяў вызначыць узровень пакупніцкай здольнасьці беларусаў.

Як расказаў кіраўнік адмысловага праекту «Кошт ураду» Ўладзімер Кавалкін, індэкс «ЧаркаСкваркі» — гэта кошт 100 грамаў гарэлкі і 100 грамаў сьвініны. Зь яго дапамогай можна даведацца, ці справядлівая цяперашняя вартасьць беларускага рубля, наколькі яна завышаная ці заніжаная. Таксама можна паглядзець, ці абясцэнілася грашовая адзінка Беларусі, параўнаць заробкі ў Беларусі і ў геаграфічных суседзяў і вызначыць рэальную падатковую нагрузку. Такім чынам, пераконвае эканаміст, «ЧаркаСкварка» — самая цьвёрдая і зразумелая валюта на тле рубля, які пастаянна абясцэньваецца.

Аўтар дасьледаваньня Ўладзімер Кавалкін бярэ за пункт адліку падзеі на валютным рынку Беларусі ў сьнежні-студзені, акурат на сумежжы 2014–2015 гадоў. Паколькі асноўны рынак збыту для беларускай прадукцыі — гэта Расея, дыспарытэт коштаў паставіў пад пагрозу экспарт і валютную выручку. Як прыклад: летась у сьнежні беларуская «ЧаркаСкварка» каштавала 22 603 рублі супраць расейскай за 17 844 рублі. У выніку дэвальвацыі беларускай валюты і далейшага абясцэньваньня расейскага рубля ў студзені знайшлі новае раўнаважнае значэньне: кошт «ЧаркаСкваркі» ў Беларусі склаў 22 451 рубель, у Расеі — 20 502 рублі.

Самымі заможнымі пад канец мінулага году сярод суседзяў Беларусі былі палякі, якія за адзін сярэдні заробак маглі сабе дазволіць 626 «чаркаскварак». На другім месцы — Латвія (487), Літва (472), Расея (464). Беларусы з паказьнікам у 301 «чаркаскварку» занялі перадапошнюю пазыцыю, апярэдзіўшы толькі Ўкраіну, якой цяпер шыкаваць не выпадае аб’ектыўна.

На тле паглыбленьня крызісных тэндэнцыяў на пачатку 2015 году прыбыткі расейцаў і беларусаў у пераліку на «ЧаркаСкваркі» яшчэ больш зьнізіліся: у расейцаў яны абваліліся да 343 пунктаў, а ў беларусаў — да 268.

Сярэдні заробак у студзені 2015 году ў чарках-скварках. Слупкі зьлева направа: Польшча, Латвія, Літва, Расея, Беларусь, Украіна

Сярэдні заробак у студзені 2015 году ў чарках-скварках. Слупкі зьлева направа: Польшча, Латвія, Літва, Расея, Беларусь, Украіна

Што тычыцца падатковага складніку, то, як адзначае Ўладзімер Кавалкін, пры чыстым заробку беларуса на рукі ў 268 «чаркаскварак», затраты на яго з боку працадаўца складаюць 420 ЧС. Калі б кожны беларус траціў сярэдні заробак выключна на спажываньне «ЧаркаСкварак», то дзяржаве ён аддаваў бы 256 ЧС у выглядзе падаткаў за паслугі. У такім выпадку цягам 8-гадзіннага працоўнага дня беларус працаваў бы на сябе 3 гадзіны 7 хвілін, а на аплату паслугаў дзяржавы — 4 гадзіны 53 хвіліны.

Агульныя падаткі беларуса — 145 «ЧаркаСкварак», зь якіх:

  • Падаходны — 41 ЧС
  • Акцызы — 60 ЧС
  • ПДВ — 44 ЧС

Сацыяльныя адлічэньні — 111 «ЧаркаСкварак», зь якіх:

  • Пэнсійны фонд — 3 ЧС
  • Фонд сацыяльнай абароны — 108 ЧС

За апошнія 7 гадоў інфляцыя «ЧаркаСкваркі» ў нацыянальнай валюце склала 675%. Разам з тым у адносінах да даляра і эўра курс ЧС умацаваўся ўдвая. Сярод асноўных фактараў — штучнае завышэньне рубля Нацбанкам і ўрадам.

Курс чаркі і скваркі да эўра (верхні радок) і даляра

Курс чаркі і скваркі да эўра (верхні радок) і даляра

Сярэдні заробак за гэты пэрыяд меў значныя ваганьні, выкліканыя эканамічнымі і фінансавымі крызісамі. За апошнія 9 месяцаў інфляцыя ЧС у нацыянальнай валюце была ў межах 8%.

Заробак у чарках-скварках

Заробак у чарках-скварках

У сувязі з дэвальвацыяй беларускага рубля курс «ЧаркаСкваркі» абваліўся да даляра і эўра — на 25% і 32% адпаведна.

Сярэдні заробак беларусаў у «чаркаскварках» за апошнія 9 месяцаў таксама зьнізіўся і па-ранейшаму застаецца адным з самых невысокіх у параўнаньні з краінамі-суседзямі.

Кіраўнік праекту «Кошт ураду» (BIPART), аўтар дасьледаваньня «ЧаркаСкварка» Ўладзімер Кавалкін:

«З дасьледаваньня можна зрабіць дзьве высновы. Па-першае, кошт нашай „ЧаркаСкваркі“ не абцяжараны рэзкімі ваганьнямі з-за зьмены курсу беларускага рубля. Гэта азначае, што доля імпарту ў яе вытворчасьці нязначная. Па-другое, гэты кошт усё яшчэ завышаны ў адносінах да рынку збыту — Расеі. Адпаведна, дэвальвацыйныя тэндэнцыі ўсё яшчэ захоўваюцца, і наперадзе нас чакаюць няпростыя часы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG