Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іна Кулей: 70% каліноўцаў вяртаюцца, але ня ўсе знаходзяць працу


Іна Кулей, архіўнае фота

Іна Кулей, архіўнае фота

Навучальнай праграме імя Кастуся Каліноўскага — 10 год. За гэты час сотні рэпрэсаваных у Беларусі студэнтаў з дапамогай польскага ўраду змаглі атрымаць дыплём за мяжой — найперш, у польскіх ВНУ.

Былі і тыя, хто ня змог адаптавацца да чужой краіны або не «пацягнуў» узровень патрабаваньняў — і вярнуўся ў Беларусі бяз «коркі».

Пра гэта Свабода пагутарыла са старшынёй Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць» Інай Кулей, якая 10 год курыруе праграму імя Кастуся Каліноўскага, заснаваную 30 сакавіка 2006 году.

— Спадарыня Іна, пахваліцеся вынікамі працы праграмы. Што дасягнута?

— За 10 год існаваньня праграмы празь яе прайшло амаль 900 чалавек. Зь іх каля 200 маюць магістэрскую ступень, каля двух дзясяткаў — прайшлі праз дактарантуру. Яшчэ 20 чалавек прайшлі праз праграму Postgraduation і набылі дадатковыя адукацыі ці спэцыялізацыі. Нашы студэнты ахапілі больш як 190 розных спэцыяльнасьцяў — вось такая разнастайнасьць.

Таксама хачу адзначыць, што Праваабарончая рада Праграмы імя Кастуся Каліноўскага, якая складаецца зь лідэраў вядомых праваабарончых арганізацыяў, пацьвярджае, што ў праграму трапляюць толькі тыя, хто або сам рэпрэсаваны, або паходзіць зь сямʼі пацярпелых ад рэжыму.

— Праграма ўзьнікла стыхійна. На Плошчы ў 2006 годзе Аляксандар Мілінкевіч паабяцаў падтрымку затрыманым студэнтам, якім пагражала адлічэньне, і ўжо 30 сакавіка ўсё было зацьверджана. Ня ўсё гладка ішло адразу?

— Сёньня вельмі цікава ўзгадваць першы год праграмы Каліноўскага і першы яе набор, які быў вельмі вялікі, таму што былі маштабныя рэпрэсіі супраць студэнтаў. Так, нешта рабілася даволі спантанна, праграма пачалася фактычна без крытэраў, без асаблівага плянаваньня. Вельмі хутка падпісалі дамову 9 першых рэктараў польскіх ВНУ.

Былі і недарэчныя моманты, былі і сьмешныя, і цікавыя. Напрыклад, магу ўзгадаць такі выпадак. Студэнты, якіх павінны былі разьмеркаваць па розных польскіх унівэрсытэтах, натхнёныя стаяньнем на Плошчы ў Менску, арганізавалі мітынг пад вокнамі дырэктара праграмы Яна Маліцкага, патрабуючы, каб усіх іх пакінулі ў Варшаве. Гэта было даволі сьмешна. Ну зразумела, што мы тлумачылі, што кожны польскі ўнівэрсытэт прэстыжны і да таго ж спэцыялізуецца на нечым сваім.

— Тыя студэнты не хацелі ехаць у правінцыю?

— І дарма. У Польшчы ўвогуле няма паняцьця правінцыйнага ці занядбанага ўнівэрсытэту — кожны ўнівэрсытэт вельмі клапоціцца пра свой аўтарытэт і стараецца не адставаць ад іншых. Да таго ж была прынцыповая пазыцыя дырэктара праграмы, які лічыў, што варта ўсёй Польшчы паказаць, што такое Беларусь і якая цікавая беларуская моладзь — найперш, каб павысіць інтарэс да Беларусі. Пазьней у некаторых гарадах, куды трапілі нашы студэнты, ладзіліся беларускія тыдні, беларускія выставы і іншыя імпрэзы. Таму я лічу, што польскі бок абраў вельмі правільную палітыку.

— Тыя, хто крытыкуе Праграму Каліноўскага, закідаюць, што студэнты, атрымаўшы адукацыю ў Польшчы, не вяртаюцца назад у Беларусь. Што вы можаце сказаць на гэта?

Ніхто не павінен расьпісвацца крывёй за тое, што ён будзе знаходзіцца ў Беларусі ўсё сваё жыцьцё

— Баронячы каліноўцаў і ўсіх маладых беларусаў, хачу сказаць, што ніхто не павінен расьпісвацца крывёй за тое, што ён будзе знаходзіцца ў Беларусі ўсё сваё жыцьцё. Сьвет адкрыты, і як праваабаронца я хачу зьвярнуць увагу на свабоду перамяшчэньня і магчымасьць вандраваць па сьвеце, набываць новыя навыкі. Зразумела, у кагосьці падчас вучобы за мяжой можа скласьціся асабістае жыцьцё і ён вырашыць не вяртацца на радзіму. Ёсьць і іншыя прыклады. Пасьля таго як у Польшчы абрынуўся камунізм, 80% палякаў, якія выехалі жыць за мяжу, вярнуліся на радзіму і прывезьлі свае фінансы, веды, досьвед. Калі казаць непасрэдна пра каліноўцаў, то каля 70% вяртаюцца пасьля заканчэньня адукацыі. Іншая справа, што ня ўсе яны могуць знайсьці тут працу і ўладкавацца ў адпаведнасьці са сваёй спэцыяльнасьцю. Некаторыя вырашаюць працягваць вучобу за мяжой, а шмат хто атрымлівае ў замежжы працу, зьвязаную зь Беларусьсю.

— Але ж былі і такія, хто быў прыняты на праграму, але вярнуўся без дыплёма. У чым прычыны?

— Для таго каб прыняць рашэньне вярнуцца ў Беларусь, ня скончыўшы навучаньня за мяжой, можа быць некалькі прычын. Чужая мова і культура. Вельмі высокія патрабаваньні ў ВНУ. Напрыклад, некаторыя з тых, хто спачатку плянаваў вучыцца на эканаміста ці матэматыка, ня справіліся і пераводзіліся на прасьцейшыя спэцыялізацыі. Таксама грае ролю адарванасьць ад радзімы. Ня кожны можа адаптавацца, гэта залежыць проста ад характару чалавека. Бывае і такое, што, ня справіўшыся з вучобай, малады чалавек ідзе працаваць, а пасьля ўзнаўляецца ў праграме. Увогуле, каліновец — гэта званьне назаўсёды, а ня толькі на гады, на якія выдаткоўваецца спэцыяльная стыпэндыя польскага ўраду.

— Якая будучыня праграмы Каліноўскага? Ці актуальная яна цяпер?

Адданасьць радзіме, жаданьне пераменаў у беларускай моладзі ёсьць і будзе заўсёды — адсюль і рэпрэсіі

— Сёньня мы ня можам сказаць, што ў краіне дэмакратыя і няма рэпрэсіяў у дачыненьні, напрыклад, да моладзі. Таму пакуль зачыняць ці цалкам трансфармаваць праграму нельга. Да прыкладу, зусім нядаўна былі студэнцкія пратэсты, у выніку якіх некалькі студэнтаў былі выключаныя. Я думаю, што адданасьць радзіме, жаданьне пераменаў у беларускай моладзі ёсьць і будзе заўсёды — адсюль і рэпрэсіі. Таму пакуль што праграма павінна існаваць у тым выглядзе, у якім яна была ўсе гэтыя 10 год. Яе мэта — падтрымліваць самую актыўную, самую гатовую да пратэсту моладзь, якая выступае супраць недэмакратычнага ладу Беларусі. Зь іншага боку, хацелася б, каб праграма стала больш сучаснай, трансфармавалася, каб пачала ахопліваць ня толькі рэпрэсаваную, але і проста таленавітую моладзь, якая магла б прынесьці карысьць Беларусі, атрымаўшы эўрапейскую адукацыю ў самых розных галінах, у тым ліку ў тых, якія не выкладаюцца ў Беларусі.

— А такія ёсьць?

— Так. Напрыклад, рэстаўрацыя будынкаў, якая выкладаецца ў нас толькі на сярэдне-спэцыяльным узроўні, але не на ўзроўні ВНУ. У той жа час нам ёсьць што аднаўляць — і можна зрабіць гэта сваімі сіламі, са сваімі адмыслоўцамі.

— Ці аказваеце вы дапамогу тым, хто скончыў адукацыю па праграме і хоча ўладкавацца ў Беларусі?

— Такія ініцыятывы ёсьць. Напрыклад, у красавіку адбудзецца прэзэнтацыя адмысловай праграмы «Тваё заўтра», якая будзе скіраваная на выпускнікоў эўрапейскіх і амэрыканскіх ВНУ, у тым ліку і на каліноўцаў. Гэта праграма, каб дапамагчы знайсьці працоўнае месца ў Беларусі. Такія працоўныя месцы могуць быць у сумесных прадпрыемствах, або пры заснаваньні асабістай справы, або ў трэцім сэктары.

Фільм «Белсата» пра праграму — «Унівэрсытэт Каліноўскага»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG