Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вене аднавіліся перамовы па ядзернай дамове зь Іранам


Вядучыя дыпляматы Ірану, Злучаных Штатаў, Расеі, Кітаю, Вялікабрытаніі, Францыі і Нямеччыны сабраліся, каб завяршыць апошнія дэталі пагадненьня. Гэтая дамова павінная абмежаваць ядзерную праграму Ірану грамадзянскімі праектамі ў абмен на зьняцьце міжнародных санкцый.

Міністар замежных спраў Ірану Махамад Джавад Зарыф заявіў журналістам 6 ліпеня, што захоўваюцца «некаторыя адрозьненьні» паміж двума бакамі.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў у нядзелю, што дасягнуты сапраўдны прагрэс на перамовах, але «некаторыя з найбольш складаных пытаньняў» застаюцца нявырашанымі.

Пагадненьне зь Іранам выклікае вялікую занепакоенасьць Ізраіля. У Ерусаліме прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу ў панядзелак рэзка раскрытыкаваў хаду перамоваў у Вене.

«Кожны дзень робіцца ўсё больш саступак і кожны дзень пагадненьне становіцца ўсё горшым і горшым», — заявіў ён.

«Магу сказаць: тое, што мы бачым у Вене, — не прарыў, а правал», — заявіў Нэтаньягу.

«Гэта пагадненьне адкрые шлях Ірану да ядзернага арсэналу, дасьць яму куш у сотні мільярдаў даляраў, зь якога ён працягне фінансаваць сваю агрэсію і тэрор, агрэсію ў рэгіёне, тэрор па ўсім сьвеце», — заявіў ён.

XS
SM
MD
LG