Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі пачалі добра жыць, як скончыліся грошы»


Што мяняе ў Беларусі прэзыдэнцкі ўказ аб прадстаўленьні безнаяўных жыльлёвых субсыдый? Гэтую тэму абмяркоўваюць аналітыкі Свабоды Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў і Юры Дракахруст.

Карбалевіч: 29 жніўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 322 «Аб прадстаўленьні безнаяўных жыльлёвых субсыдый». Ён прадугледжвае дзяржаўную кампэнсацыю бедным слаям насельніцтва часткі аплаты камунальных паслуг. Як на мой погляд, гэты ўказ азначае зьмену або значную карэкціроўку мадэлі сацыяльнай дзяржавы ў Беларусі.

Сацыяльная дзяржава — гэтая такая ідэалягема, якая ўзьнікла ў краінах Захаду. Яна азначае, што дзяржава кампэнсуе выдаткі дзікага капіталізму, падтрымлівае неабароненыя сацыяльныя пласты.

Тэзіс пра сацыяльную дзяржаву — гэта адзін з аснаватворных ідэалягічных канструктаў беларускага рэжыму. Маўляў, улады, у адрозьненьне ад суседніх краінаў, ня кінулі свой народ у дзікі рынак, а ўсяляк падтрымліваюць яго.

Але дасюль беларускі варыянт сацыяльнай дзяржавы быў больш падобны на патэрналісцкую савецкую сыстэму. То бок, дзяржава імкнулася падтрымліваць усіх. Нізкія камунальныя тарыфы, нізкі кошт праезду ў грамадзкім транспарце, утрыманьне за кошт бюджэту дзяржпрадпрыемстваў, каб пазьбегнуць беспрацоўя, — гэта спроба падтрымліваць усіх. І льготныя крэдыты на будаўніцтва жытла былі дастаткова масавымі.

Але, як кажуць, толькі пачалі добра жыць, як скончыліся грошы. Галоўная хіба эгалітарных сацыяльных мадэлей — эканамічная неэфэктыўнасьць. Яна прывяла да краху савецкую, сацыялістычную сыстэму. Яна разбурае і беларускую сацыяльную мадэль. Яна пачала развальвацца стыхійна, бо няма рэсурсаў падтрымліваць усё насельніцтва.

Галоўная хіба эгалітарных сацыяльных мадэлей — эканамічная неэфэктыўнасьць.

Пераход да адраснай падтрымкі асобных слаёў насельніцтва азначае пераход ад савецкай да заходняй мадэлі сацыяльнай дзяржавы. Гэты працэс адбываецца паступова. Увогуле інстытут адраснай сацыяльнай дапамогі быў уведзены ў Беларусі ў 2001 годзе. Але, каб атрымаць падтрымку, грамадзяніну трэба было даказаць сваю беднасьць, сабраць вялікую колькасьць даведак. То бок, гэтаму спадарожнічае складаная бюракратычная працэдура.

У 2007 годзе была адмененая значная частка сацыяльных льгот, якая ў той момант ахоплівала каля 2/3 насельніцтва. Адрасная дапамога была пашырана, але закранала прыкладна толькі 8% грамадзян.

І вось цяпер новы крок у гэтым кірунку. Камунальныя тарыфы падвышаюцца для ўсіх, але льготныя будуць тычыцца ня усіх. Паводле прэзыдэнцкага ўказу прадстаўленьне безнаяўных жыльлёвых субсыдыяў тычыцца толькі непрацуючых пэнсіянэраў і інвалідаў. Гэтым катэгорыям дапамога будзе аказана аўтаматычна, на падставе выяўляльнага прынцыпу. Адносна іншых бедных людзей будзе дзейнічаць заяўляльны прынцып, ім давядзецца даказваць, што яны бедныя.

Прадугледжана, што права на субсыдыі маюць сем’і, у якіх аплата камунальных плацяжоў перавышае 20% даходаў у горадзе і 15% — на вёсцы. Паводле папярэдніх падлікаў, дзяржаўнай дапамогай зможа скарыстацца каля 10% насельніцтва Беларусі.

Цыганкоў: Магчыма было б зарана казаць, што ідзе карэнная зьмена мадэлі сацыяльнай дзяржавы, але відавочна, што адзін за адным «званочкі» ў гэтым накірунку зьвіняць. Перш за ўсё нарастае розьніца ў даходах насельніцтва. Беларусь ганарылася ўсе гэтыя гады, што розьніца паміж самымі беднымі і самымі багатымі ў нас ці не найменшая ў Эўропе.

Асноўная прыкмета адыходу ад старой мадэлі — павышэньне беспрацоўя.

Асноўная прыкмета адыходу ад старой мадэлі — павышэньне беспрацоўя. Пры тым па-ранейшаму афіцыйна яно вельмі маленькае, хоць і вельмі актыўна расьце апошнія год-паўтара. Ідуць размовы пра тое, каб дапамога па беспрацоўі не была сымбалічная, якая яна ёсьць цяпер, а каб яна была павялічаная, і тады гэта будзе бліжэй да заходняга стаўленьня да беспрацоўных і больш людзей будуць рэгістравацца на рынку працы, будуць зафіксаваныя як беспрацоўныя, і мы ўбачым, якія сапраўдныя лічбы беспрацоўя.

Цяпер каля мільёну людзей нідзе не зафіксаваныя, то бок яны не займаюцца ніякай легальнай працай, але разам з тым не зафіксаваныя як беспрацоўныя. Зразумела, што яны працуюць альбо ў шэрым рынку альбо за мяжой. Тое, што дзяржава пераходзіць ад усеагульнай падтрымкі да больш адраснай, то бок выбірае самых бедных, ёсьць прызнаньнем, што ў Беларусі ёсьць такая катэгорыя насельніцтва. Гэта безумоўна пазытыўныя крокі, гэта тое, да чаго заклікалі і незалежныя эканамісты, і рынкава накіраваныя прадстаўнікі беларускага кіраўніцтва. Нэгатыў у тым, што гэта ўсё робіцца ў момант эканамічнага крызісу. Бо калі ўсё добра, то ў дзяржавы хапае на ўсіх. А так ідзе такое разьмеркаваньне.

Дракахруст: Я згодны з тым, што, відаць, ня варта адлічваць ад гэтага ўказу пераўтварэньне беларускай сацыяльнай сыстэмы савецкага кшталту ў сацыяльную сыстэму заходняга кшталту. Манэтарызацыя ільготаў 2007 году, якую вы, Валер, прыгадалі, па маштабах была цалкам сувымерная з тым, што мы назіраем цяпер.

Акрамя таго, цяперашняе рашэньне часткова ўтрымлівае ранейшы падыход, адносна дзьвюх катэгорыяў — непрацуючых пэнсіянэраў і інвалідаў — адпаведны прынцып ужываецца проста аўтаматычна.

Калі гэтае рашэньне будзе разрэклямаванае дзяржаўнымі СМІ (а ў гэтым можна не сумнявацца) гэта будзе псыхалягічным дэмпфэрам супраць падвышэньня камунальных тарыфаў, якое стала істотным ударам па дабрабыце беларусаў. Гэта і сапраўды пераход на больш сучасныя сацыяльныя тэхналёгіі. Суседняя Ўкраіна, якая ідзе на Захад і не дэкляруе сваю прыхільнасьць сацыяльнай дзяржаве, робіць тое самае. Там вельмі істотна падвышаюць камунальныя тарыфы, але таксама спрабуюць кампэнсаваць іх падвышэньне бедным слаям насельніцтва.

Калі субсыдыі закрануць толькі прыкладна кожнага дзясятага, то МВФ ня ўспрыме гэта як проста хітрык.

Другая частка гэтага рашэньня, а менавіта субсыдыі для бедных, якія павінны даказваць, што яны бедныя — гэта чарговая нагрузка і выпрабаваньне для беларускага бюракратычнага, уладнага апарату. Дзясяткі, а можа і сотні тысячаў людзей будуць хадзіць у нейкія ўправы, насіць туды паперкі, і як гэта ўсё будзе арганізавана, гэта канешне пытаньне.

Я думаю, што калі субсыдыі закрануць толькі прыкладна кожнага дзясятага, то МВФ ня ўспрыме гэта як проста хітрык, як перакладаньне грошай з адной кішэні ў другую. Бо рост паступленьня грошай ад падвышаных тарыфаў усё ж будзе значна большы, чым вось тая кампэнсацыя, якую будуць раздаваць паводле гэтага ўказу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG