Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расспажыўнагляд праверыць чырвоную ікру зь Беларусі


Рассельгаснагляд плянуе ў пятніцу накіраваць ліст у Расспажыўнагляд з просьбай праверыць у гандлі чырвоную ікру зь Беларусі.

«Заўтра накіруем у Расспажыўнагляд прапанову праверыць якасьць чырвонай ікры, якая пастаўлена зь Беларусі. Мы не выключаем, што сярод яе можа быць фальсыфікаваная», — цытуе «Інтэрфакс» кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта.

Падставай для заклапочанасьці Рассельгаснагляду стала тое, што пры праверцы ўзору зярністай ікры стронгі зь беларускага прадпрыемства ААТ «Белрыба» было выявіўлена яе штучнае паходжаньне. «Пры малекулярна-генэтычным аналізе адабранага ў парадку плянавага кантролю і назіраньня ўзору ікры ласасёвай зярністай (стронга) вытворчасьці ААТ „Белрыба“ ў дасьледаваным узоры ДНК відаў рыб сямейства ласасёвых ня выяўлена, што сьведчыць пра штучнае паходжаньне прадукцыі», — гаворыцца ў паведамленьні Рассельгаснагляду.

«Пасьля вяртаньня першай машыны з трохлітровымі слоікамі ікры прыйшла другая, і парушэньне паўтарылася», — апавёў кіраўнік Рассельгаснагляду.

Як адзначыў Сяргей Данкверт, гаворка ідзе і пра фальсыфікацыі прадукцыі, і пра фальсыфікацыі суправаджальных дакумэнтаў. «Мы прапануем калегам з Расспажыўнагляду пры выяўленьні фальшывай ікры канфіскаваць яе з гандлю», — сказаў ён.

Кіраўнік Рассельгаснагляду лічыць, што гэтыя пытаньні павінны стаць прадметам абмеркаваньня на адным з паседжаньняў дзяржкамісіі па процідзеяньні незаконнаму абароту прамысловай прадукцыі, сябрамі якой зьяўляюцца і ён, і кіраўніца Расспажыўнагляду Ганна Папова. «Захады, якія прымаюцца да парушальнікаў, павінны быць вельмі суровымі, аж да знішчэньня фальсыфікаванай прадукцыі і выключэньня прадпрыемстваў-парушальнікаў з рэестру пастаўшчыкоў», — адзначыў ён.

Данкверт таксама паведаміў, што Рассельгаснагляд унёс прапановы ў КаАП па ўзмацненьні адказнасьці за пастаўкі фальсыфікаванай прадукцыі. Ён лічыць, што неабходна ўносіць і адпаведныя зьмены ў заканадаўства ЭАЭС. «Трэба тэрмінова прымаць гэтыя дакумэнты з тым, каб спыніць фальсыфікатараў», — падкрэсьліў ён.

XS
SM
MD
LG