Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі кожны ўкраінскі горад хавае загінулых, то гэта вайна, — рэжысэр з Харкава Ігар Ладэнка


Рэжысэр і мастацкі кіраўнік «Тэатру 19» Ігар Ладэнка
Рэжысэр і мастацкі кіраўнік «Тэатру 19» Ігар Ладэнка

Спэктаклем «Наш Гамлет» харкаўскага недзяржаўнага тэатру «Тэатар 19» завяршыўся ў Магілёве міжнародны тэатральны форум «Март-кантакт».

Перад спэктаклем рэжысэр і мастацкі кіраўнік тэатру Ігар Ладэнка адказаў на пытаньні беларускай Свабоды пра сытуацыю ў памежнай з Расеяй вобласьці Ўкраіны, пра настроі, якія пануюць там.

— Паводле адмыслоўцаў, «Тэатар 19» адзін з самых запатрабавальных сучасных тэатраў Харкава і Ўкраіны. Гэта справядліва?

— Калі так пішуць, то гэта прыемна. Хацелася, каб так і было. Нам грэх скардзіцца на адсутнасьць увагі і інтарэсу, а таксама зваротнай сувязі з гледачамі. Ты разумееш, што недарэмна ўсё адбываецца.

— Людзі ў гэты няпросты для Ўкраіны час наведваюць тэатар?

— На шчасьце, так. Я таксама думаў, што людзям цяпер не да тэатру, але высьветлілася, што гэта ня так. Цяпер наагул у Харкаве перапоўненыя залі і адчуваецца, што людзям дужа патрэбны тэатар. Толькі тэатар праўдзівы, чэсны, шчыры. Людзям патрэбная падтрымка, а яе тэатар можа даць як ніхто іншы. Калі жывы чалавек на сцэне, калі ён адчувае, задумваецца і спрабуе знайсьці нейкае выйсьце, то гэта патрэбна гледачу.

У нас цяпер існуе меркаваньне, што ў цяжкі час народ варта весяліць, каб ён прыходзіў у тэатар забаўляцца. Я з гэтым катэгарычна ня згодны. Я наагул не разумею, калі ў краіне адбываюцца такія трагічныя падзеі, як можна «выключыць» галаву і рагатаць над нейкімі прымітыўнымі рэчамі.

Фрагмэнт спэктаклю «Наш Гамлет»
Фрагмэнт спэктаклю «Наш Гамлет»

— Цяпер у самім Харкаве атмасфэра напружаная, дэпрэсіўная?

— Я гэтак не сказаў бы. Безумоўна, ёсьць адчуваньне няўстойлівасьці, неспакою ды нестабільнасьці. Пры гэтым горад жыве сваім жыцьцём, на шчасьце, мірным. Адносна мірным. Час ад часу адбываюцца тэрарыстычныя акты.

Пагаджуся, што сам сабе супярэчу, бо назваць такое жыцьцё мірным нельга. За год у нас адбылося некалькі тэрактаў. І сярод пацярпелых вялізная колькасьць знаёмых. Гэта ўсё ня проста адбываецца — гэта адбываецца зусім побач зь людзьмі, якіх ты добра ведаеш у паўтарамільённым горадзе.

— Людзі пасьля такіх тэрактаў яднаюцца альбо становіцца больш страху?

— Мне цяжка адказваць за ўсіх, але ўсе гэтыя тэракты і разьлічаныя на тое, каб разгойтваць сытуацыю. Справакаваць на нешта. Аднак гэтага, на шчасьце, не адбываецца.

Я нядаўна быў на канцэрце ў адным з культавых месцаў нашага гораду, рок-пабе «Сьцяна», дзе ўлетку адбыўся выбух і пацярпела многа людзей. Гэта месца, дзе зьбіраюцца людзі прагрэсыўных поглядаў. Гэты рок-паб аднавілі на народныя грошы. На адкрыцьці было многа людзей. Ён працягвае жыць сваім жыцьцём, а людзей зьбіраецца яшчэ болей. І вось, на канцэрце ніхто не хацеў думаць пра тое, што там адбылося.

Мы не паддаёмся. Не закапваем галаву ў пясок. Неразумна, вядома ж, рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, аднак мы ўпэўненыя ў тым, што ўсё будзе добра.

Фрагмэнт спэктаклю «Наш Гамлет»
Фрагмэнт спэктаклю «Наш Гамлет»

— Ці плянуеце гастролі ў Расеі, ці ёсьць адтуль запрашэньні?

— Мы і раней не асабліва гастралявалі там, а цяпер, разумееце, артыстычнае брацтва падзялілася дужа моцна. Некаторыя працягваюць існаваць, нібыта нічога не адбываецца. Насамрэч момант выбару і ўласнай адказнасьці многіх спыняе. Цяпер проста займацца мастацтвам, робячы выгляд, што нічога не адбываецца, што ня гінуць людзі, немагчыма.

Цяпер важна сваіх падтрымліваць, а ня проста зарабляць грошы. Ваенны час ад мірнага ўсё ж адрозьніваецца.

— Для Ўкраіны цяперашні час — ваенны?

— Бясспрэчна. Я ня ведаю, якія яшчэ пры канцы сакавіка 2015 году могуць быць альтэрнатыўныя назвы тым падзеям, якія адбываюцца. Ужо ўсе карты раскрыты.

Я не палітык, але маю сваё меркаваньне. У нас няма дастатковай інфармацыі, каб ацэньваць падзеі, якія адбываюцца. Аднак пакуль ішлі ваенныя дзеяньні і кожны ўкраінскі горад хаваў з пашанаю загінулых. Дык яны ж і загінулі на вайне.

Фрагмэнт спэктаклю «Наш Гамлет»
Фрагмэнт спэктаклю «Наш Гамлет»

— Чаго чакаеце ад Беларусі, ад беларусаў?

— Мы прывезьлі спэктакаль «Наш Гамлет», якому шосты год. Пакуль ішлі рэпэтыцыі, мы гаварылі з артыстамі пра тое, якая страшная энэргія помсты і нянавісьці, якая прыводзіць да таго, што застаецца ад яе толькі выпаленае поле, заваленае трупамі. І далей «толькі цішыня», як гаворыцца ў апошняй рэпліцы гэтай п’есы.

Вось шэксьпіраўскі тэкст у перакладзе Пастэрнака, і здавалася б, якое дачыненьне ён мае да нас? А наўпроставае. Тэмы і матывы варажнечы, нянавісьці, помсты і вайны ўрэшце — загучалі па-новаму. Мы нічога не мянялі ў спэктаклі, але ён гучыць інакш.

Мы не маглі паверыць яшчэ некаторы час, што ў 2015 годзе краіны могуць уступаць у ваенныя дзеяньні. Што краіны ў Эўропе, могуць ваяваць за далучэньне чужых тэрыторыяў. Гэта немагчыма было сабе ўявіць.

Здавалася, мы выйшлі на зусім іншы цывілізацыйны ўзровень, калі ў нас зусім іншыя каштоўнасьці і разуменьні. Разуменьне таго, што няма нічога больш каштоўнага за чалавечыя жыцьці. А асоба чалавека — самы вялікі набытак. А вось высьвятляецца, што ўсё можа ў адзін дзень зьмяніцца.І цяпер, у тым ліку і спэктаклем, мы гаворым пра сваю мару, каб усё спынілася, каб мы ўсьвядомілі, што мы жывём у 21-м стагодзьдзі.

Магілёўскі фэстываль «Март-кантакт» — адзін з найлепшых фэстываляў, на якім нам даводзілася быць. Добра, што на ім адбываецца камунікацыя між калегамі. Калі падыходзіш да тэатра, бачыш сьцягі дзесяці краінаў. Мы, вядома ж, канкуруем. Мы паказваем свае пастаноўкі, каб стаць лепшымі. Але гэта здаровая канкурэнцыя. Такім чынам тэатральная супольнасьць паказвае грамадзтву здаровую мадэль суіснаваньня. Але ў рэальным жыцьці, як высьвятляецца, да гэтага далёка.

«Тэатар 19» стварылі студэнты Харкаўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Катлярскага ў 2000 годзе. Ягоныя пастаноўкі адзначаліся на розных тэатральных фэстывалях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG