Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Засімовіч: Найперш у Менску я паставіў бы помнік канцлеру Сапегу


Ігар Засімовіч і Вячаслаў Ракіцкі у студыі Радыё Свабода

Ігар Засімовіч і Вячаслаў Ракіцкі у студыі Радыё Свабода

Ігар Засімовіч — беларускі скульптар. Працуе пераважна ў жанрах манумэнтальнай і паркавай скульптуры. Сярод іншага — аўтар надмагільных помнікаў знакамітым беларусам.

Вячаслаў Ракіцкі: Дзьве падзеі сталі апэратыўнаю падставаю запрасіць вас на Свабоду. Першая — усталяваньне помніка вашага аўтарства на магілу Рыгора Барадуліна. І другая — трывога за лёс вашага знакамітага помніка паўстанцам 1863 году на Астравеччыне. Але ня толькі пра гэта пойдзе наша гутарка. Зь якіх адчуваньняў, зь якіх асэнсаваньняў паўстала ваша рашэньне помніка Рыгору Барадуліну?

Ігар Засімовіч: Помнік зроблены на падставе апошняй волі, тэстамэнту дзядзькі Рыгора. Гэта павінны былі быць валун і крыж. Я люблю працаваць з валунамі. Я працую зь імі ад самага пачатку сваёй творчасьці, можна сказаць, каля 25 гадоў. І прыдумалася ўсё спакойна, як бы само па сабе. Вялікі цёмны валун, зь якога я буду выбіраць нейкія часткі, і з валуна будзе праступаць крыж.

Помнік Рыгору Барадуліну

Помнік Рыгору Барадуліну

Ракіцкі: Калі працуеце над надмагільным помнікам, вы прыслухоўваецеся да пажаданьняў замоўцы? Выконваеце перадусім іхнюю ідэю — ці прапаноўваеце сваю, пераконваеце іх? Як гэта было, напрыклад, у выпадку з надмагільнымі помнікамі нашаму сябру, калегу, журналісту Свабоды і мовазнаўцу Юрасю Бушлякову і палітыку, таксама сябру Свабоды Віктару Івашкевічу?

Помнікі Віктару Івашкевічу і Юрасю Бушлякову

Помнікі Віктару Івашкевічу і Юрасю Бушлякову

Засімовіч: Калі я бяруся за твор мэмарыяльны, сакральны, я адразу ж пачынаю разважаць, для каго я гэта раблю, які быў гэты чалавек, чым адметны, каб увасобіць у помніку асобу. Менавіта так было і з помнікамі і Юрасю Бушлякову, і Віктару Івашкевічу.

Ракіцкі: Паводле майго разуменьня, у бальшыні вашых і мэмарыяльных, і манумэнтальных скульптураў крыж —дамінанта. Гэта так? Чаму?

Засімовіч: Крыж заўсёды быў для Беларусі цягам ужо тысячагодзьдзя найважнейшай сьвятыняй. Гэта сакральны сымбаль для беларусаў. І калі ёсьць магчымасьць, я менавіта прапаную крыж.

Ракіцкі: Што можна сказаць пра беларускія нэкропалі? Якая іх адметнасьць? Ці гэта пераважна пастаўленыя на паток стандартныя помнічкі?

Ігар Засімовіч у працы

Ігар Засімовіч у працы

Засімовіч: Калі гэта, напрыклад, як у Менску, Вайсковыя могілкі — гэта адна справа. Калі ж гэта могілкі ў Калодзішчах — гэта штосьці іншае. Натуральна, што і тыя, хто замаўляе, і тыя, хто выконвае замову, спадзяюцца зрабіць нешта адметнае, каб быў знак памяці. Але які будзе нэкропаль, вельмі часта залежыць і ад моды, і ад сродкаў. Беларусы таксама залежныя ад моды. Гэта больш тычыцца звычайных помнікаў, якія мы бачым масава на могілках у Беларусі.

Ракіцкі: Прычына зьнікненьня адметнасьці — мо і тое, што зьніклі з могілак традыцыйныя крыжы?

Засімовіч: І гэта таксама. Проста ў нас ёсьць перапынак ва ўспрыманьні крыжоў, якія ставіліся на могілках. За савецкім часам спэцыяльна не рабілі крыжоў, каб ня мець непрыемнасьцяў на працы. Калі гэта быў вайсковец, дык ставілі абэліск. Праўда, абэліск таксама мае старажытную сакральную гісторыю. Калі ж гэта магілы звычайных людзей, дык на іх сама меней за тры-чатыры апошнія дзесяцігодзьдзі нават маленькіх крыжыкаў ня ўбачыш. Была іншая ідэалёгія. А сёньня тэма крыжоў зноў вяртаецца. Праўда, часам у вельмі дзівосным стане, з памылкамі, напрыклад, калі ставяць крыж праваслаўны.

Помнік паўстанцам 1863 году

Помнік паўстанцам 1863 году

Ракіцкі: На вашым знакамітым помніку паўстанцам 1863 году ў вёсцы Слабодка Астравецкага раёну зьліліся ў адно цэлае і крыж, і меч. Няма тут супярэчнасьці?

Засімовіч: У гэтым і была ідэя. Па-першае, тут крыж як памятны знак паўстаньню — трагічнай, але вельмі яркай падзеі. А меч — гэта стары сымбаль, які мае два прачытаньні. Калі ён узьняты — гэта кліч да барацьбы, дзеяньня. Калі ж ён уторкнуты ў зямлю — гэта сымбаль таго, што бітва скончаная, засталося падлічыць страты, пахаваць памерлых і памятаць пра іх.

Ракіцкі: Такім чынам, ваш помнік мае вельмі мірны сэнс. Дык чаму і каму ён замінае сёньня?

Засімовіч: Усё ідзе ад даўняй трактоўкі паўстаньня Каліноўскага як народна-вызвольнага руху супраць Расеі. А цяпер пытаньне зноў абвастрылася ў зьвязку з тым, што расейцы зьбіраюцца аднавіць сваю імпэрыю.

Ракіцкі: Вельмі хутка ўсё зьмянілася? Помнік быў пастаўлены толькі два гады таму...

Засімовіч: Ня тое што зьмянілася. Проста помнік быў пастаўлены на прыватнай тэрыторыі. Калі б мы папрасілі дазволу, нам бы яго не далі. І мы вырашылі спачатку зрабіць, паставіць помнік, а потым сказаць, што ў нас ёсьць годны помнік важнай для нацыі гістарычнай падзеі, і давайце зьберажэм яго. Цяпер мы зьбіраем дакумэнты, каб нам паводле закону дазволілі захаваць помнік. А нам кажуць, каб мы спачатку зруйнавалі яго, а пасьля ўзялі дазвол. Але гэта для нас немагчыма.

Ракіцкі: А ўвогуле, ці магчыма паставіць у Беларусі помнік без дазволу, без удзелу дзяржавы?

Засімовіч: Усё залежыць ад таго, якая тэма помніка. Калі гэта помніку зубру, які паставіў завод ля берасьцейскай шашы, тады можна і без дазволу, або з дазволам задняй датай.

Ракіцкі: Усё залежыць ад ідэалёгіі?

Засімовіч: Так. Натуральна, калі не нармаваць гэтую справу, то, самі ведаеце, панастаўляюць абы-чаго. Але ўсё ж у сучаснай Беларусі ўсё ўпіраецца ў ідэалёгію, і калі што ня ўпісваецца ў яе, дзяржава вельмі жорстка стараецца забараніць.

Шлем, Горадня

Шлем, Горадня

Выкраданьне Эўропы, мястэчка Судэрвэ каля Вільні, Літва

Выкраданьне Эўропы, мястэчка Судэрвэ каля Вільні, Літва

Ракіцкі: А можа, прасьцей ставіць паркава-гарадзкую скульптуру кшталту тых, што стаяць ля Камароўкі? Дый у вас ёсьць скульптура «Дзядзька Антось», і таксама стаіць ля кірмашу. Праўда, яна ўсё ж прывязаная да літаратурнага героя Якуба Коласа.

Дзядзька Антось, Менск

Дзядзька Антось, Менск

Засімовіч: Так, у нас была замова на нейкую цікавую скульптуру, якая б упрыгожыла ўваход у Заходні кірмаш у Менску і каб яна была ня горшая за Бабку Камароўку. Мы з Кацярынай Зантарыяй прыдумалі чалавечка з парсючком і падумалі: а чаму б не ўдакладніць яго як беларускую тэму? Дзе ўрэшце, як не ў Беларусі, гэта рабіць? Я раблю працы і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Нямеччыне. Але я стараюся, каб і аўтарскімі былі мае скульптуры, і каб у іх пазнавалася аўтарства беларускае.

Ракіцкі: Вы паставілі ў Польшчы некалькі фантанаў. А чаму ў Беларусі іх ня ставіце?

Засімовіч: Быў шчасьлівы выпадак, калі мне прапанавалі паставіць фантан у Польшчы. Гэта было на вечарыне ў часе закрыцьця выставы ў маёнтку прафэсара Анджэя Струмілы на Сувальшчыне. Там быў чалавек зь Велькапольскага ваяводзтва, ён і сказаў, што ў іх бракуе гарадзкіх фантанаў і ці не магу я зрабіць гэта? Я падумаў: а чаму б і не? Так я зрабіў свой першы фантан у невялікім гарадку Козьміне Велькапольскім. Пасьля папрасілі, і я зрабіў яшчэ адзін, гэтым разам большы, фантан у Кратошыне. І гэты фантан быў прызнаны лепшым у Велькапольскім ваяводзтве за 2008 год. Я прапаноўваў зрабіць фантан і для Менску, але далей зацікаўленьня справа ня рушыла.

Фантан у Козьміне, Польшча

Фантан у Козьміне, Польшча

Фантан у Кратошыне, Польшча

Фантан у Кратошыне, Польшча

Ракіцкі: Калі ў 2013 годзе адкрывалі помнік паўстанцам 1863 году, аптымістычна казалі, пісалі, што будзе ля помніка стварацца інфраструктура, што вёска Слабодка неўзабаве будзе вітаць замежных турыстаў. Прывіталі... А што паказваюць у Беларусі замежным турыстам? Што варта паказваць са скульптуры?

Засімовіч: У нас ёсьць традыцыйныя маршруты, па якіх турыстаў і возяць. Перадусім гэтыя мясьціны зьвязаныя з Другой сусьветнай вайной. Гэта — Хатынь, Курган Славы, Берасьцейская крэпасьць. Дэманструюць колісь зробленае — манумэнтальнае, велічнае. Што з новага паказваюць? Напэўна, перадусім паркавую скульптуру Ўладзімера Жбанава, якую ён сам жартаўліва называў «сквэрнай». Ён зьняў скульптуру з пастамэнтаў і наблізіў яе да чалавека, каб яна кантактавала зь людзьмі, каб на яе можна было нават узьлезьці і зрабіць здымак. На генэрала ж ня ўзьлезеш. Жбанаў паказаў, што скульптура — гэта ня толькі манумэнты правадырам, якія размахваюць рукамі, а што яна можа быць і людзкай.

Ракіцкі: Ці мясцовы скульптурны ляндшафт, калі так можна выказацца, адпаведны Беларусі — яе гісторыі, мэнтальнасьці народу, яго вераваньням, сьветагляду? Ці можна зразумець па ім, што гэта і ёсьць Беларусь?

Засімовіч: Цяжкае пытаньне. І я магу сказаць — пакуль што не зусім. Беларускі ляндшафт у скульптуры яшчэ мала распрацаваны. У Менску праводзіліся тры пленэры, два зь якіх былі нават міжнародныя. Але горад паглынуў выкананыя працы. Засталіся хіба што працы 1988–89 гадоў у парку імя Янкі Купалы, дый то некаторыя зь іх пашкоджаныя вандаламі. Вялікі горад, а паказаць паркавую скульптуру немагчыма.

Ракіцкі: Хто вінаваты?

Засімовіч: Пытаньне трэба адрасаваць праектантам і ўладам, якія гоняцца за спартовымі аб’ектамі і кветкавымі клюмбамі як у вэртыкальных, так і ў дыяганальных вымярэньнях. А пра скульптуру яны, напэўна, і ня думаюць. Прыкладам, у 2006 годзе на пленэры, мадэратарам якога я быў, 20 чалавек зрабілі 20 скульптураў. Іх раскідалі па ўсім горадзе, хоць ідэя была — паставіць іх у адным парку. Але гэта аказалася непатрэбным, бо, маўляў, зь бюджэту, каб тут стаялі скульптуры, мала заплацілі. А праз год гэтыя скульптуры раскідалі па горадзе. Увогуле, найцяжэй правесьці пленэр у Менску, таму што тут шмат людзей, якія займаюцца рашэньнямі, узгадненьнямі. Лягчэй правесьці ў невялікім горадзе. Добра праводзіліся пленэры ў Магілёве, Горадні, Смаргоні, Астраўцы, Пінску. Гарады істотна зьмянілі сваё аблічча. Туды ўжо можна вазіць турыстаў.

Арфа, Астравец. • Неба і зямля, Смаргонь. • Музыка вады, Паланга

Арфа, Астравец. • Неба і зямля, Смаргонь. • Музыка вады, Паланга

Ракіцкі: Як можна памяняць скульптурны ляндшафт Менску? Якія помнікі варта было б зьнесьці, каму, з вашага гледзішча, трэба было б паставіць? За які б вы найперш самі ўзяліся?

Засімовіч: Кожная эпоха выносіць на паверхню свае помнікі. Я пачынаў вучыцца, калі яшчэ быў Савецкі Саюз, і нас страшылі, што на пятым курсе ў нас будзе ленініяна. Але, на шчасьце, Саюз сканаў, і без ваяньня камуністычных правадыроў мы скончылі Акадэмію мастацтваў. Якія помнікі зьнесьці? Напэўна, найперш Калініну, які ні паводле асобы гэтага чалавека, ні паводле мастацкай вартасьці не патрэбны беларускай сталіцы. Але для гэтага патрэбны час, каб улада ўсьвядоміла, хто ёсьць кім для беларускай гісторыі. Што тычыцца мяне, найперш я зрабіў бы помнік Льву Сапегу. І хай бы ён быў на кані, гэта было б цікава. Калі чалавек на кані, гэта пэўны зварот да людзей. Ён герой, ён ляціць, ён на вяршыні трыюмфу. І калі гэта асоба гістарычная, дзяржаўная, вайсковая, палітычная, ёй месца на кані. Калі ж на кані сядзіць асоба не гераічная, прыкладам, пісьменьнік, тады трэба крылы дадаваць.

Ракіцкі: А малыя формы скульптуры — выставачныя, інтэр’ерныя — якое месца займаюць у вашай творчасьці?

Засімовіч: Мне гэта вельмі цікава. Мой пэдагог — манумэнталіст Анатоль Арцімовіч — вучыў нас, што ў маленькай працы павінна бачыцца праца манумэнтальная. Найчасьцей у мяне так атрымліваецца, што малыя формы становяцца накідамі прац манумэнтальных. А ёсьць такія, якія і павінны застацца малымі. Гэта дыскурс таго, што мастак, асоба хоча сказаць. Ёсьць месца і формам малым, якія не патрабуюць вялікай прасторы.

Чаша. • Анёл. • Парастак папараці

Чаша. • Анёл. • Парастак папараці

Ракіцкі: Вы працуеце з каменем, бронзай, гранітам. Які матэрыял найбольш падатны вашым рукам? Які зь іх самы жывы?

Засімовіч: Я зь дзяцінства люблю каменьне. Можа, мастаком я і стаў яшчэ ў раньнім дзяцінстве, калі ўсе дзеці гойдаліся на арэлях, а мне цікава было глядзець на камень, які ляжаў ля плота. Увесну зь яго зьбягалі ручаінкі вады. Я адчуваю асаблівы кантакт з каменем. Ён паддаецца мне. Мо адчувае, што я не сапсую яго?

Зьмяя

Зьмяя

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG