Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Шклярэўcкі: Хачу назаўжды вярнуцца ў Беларусь


Ігар Шклярэўскі. Масква, 2016 год

Ігар Шклярэўскі. Масква, 2016 год

Знакаміты расейскі паэт Ігар Шклярэўскі мае намер настала перабрацца з Масквы ў Беларусь. У свой час сваім коштам ён пасадзіў лес у Петрыкаўскім раёне і ахвяраваў вялікія сродкі на пабудову цэлай вёскі для чарнобыльскіх перасяленцаў. А ці дапаможа беларуская дзяржава жылплошчай знакамітаму земляку? Госьцем перадачы — Ігар Шклярэўскі.

— Ігар Іванавіч, я застаў вас за працай — вы закончылі ўкладаць кнігу пра Беларусь пад назвай «Пацеркі сушаных грыбоў». Што яна зь сябе ўяўляе?

— У кнізе некалькі разьдзелаў. Першы разьдзел — найлепшыя вершы расейскіх паэтаў пра Беларусь. Гадоў трыццаць таму падобная анталёгія ўжо выходзіла. Там было шмат вядомых аўтараў, але яшчэ больш рытарычных радкоў на зададзеную тэму. А ў паэзіі важна не «пра што», а «як». Паэтычнай кнігі пра Беларусь, ад якой патрабавальны чытач атрымаў бы асалоду, да гэтай пары не было. І я яе склаў. Туды вельмі шмат вядомых паэтаў не ўвайшло, бо іх вершы былі проста данінай часу. А вось некаторыя малавядомыя ці зусім забытыя аўтары там ёсьць. Скажам, Уладзімер Варно, які жыў у Менску. У яго ёсьць выдатныя вершы. Напрыклад, адзін зь іх пачынаецца: «Здорово, леса!» А ў адказ: «Мы лясы!» Дзівосны верш! У кнігу таксама ўвайшлі вершы Яўгенія Еўтушэнкі, Андрэя Вазьнясенскага, Аляксандра Межырава, Яўгенія Вінакурава, Навума Кісьліка, Пятра Кошаля... Адбор быў вельмі строгі. Але калі я заўважыў, што ў выніку кніга атрымліваецца танкаватай, то вырашыў адкінуць убок празьмерную сьціпласьць, дадаўшы сваіх вершаў і эсэ — з таго, што прайшло выпрабаваньне часам.

— У вашу анталёгію ўвайшлі і ўрыўкі «Слова пра паход Ігара». Чым вы кіраваліся, зьвяртаючы ўвагу чытача і на гэты славуты помнік старажытнага пісьменства?

Акадэміку Дзьмітрыю Ліхачову я ўручыў пацеркі з сушаных грыбоў і да званьняў ганаровага доктара Оксфарду і Кэмбрыджу дадаў званьне Ганаровы грыбнік беларускага лесу

— Мне хацелася даць у кнізе беларускую геаграфію «Слова пра паход Ігара». Чаму? Бо я цалкам упэўнены, што аўтар «Слова» родам зь Беларусі. Хоць тады гэта былі проста княствы — Полацкае, Гарадзенскае, Тураўскае, Менскае. І само імя аўтара «Слова...» — Хадына — сьведчыць, што ён з гэтых земляў. У анталёгіі я падаю тры фрагмэнты паэмы. Першы — пра полацкага князя Ўсяслава Чарадзея: «Усяслаў князь людзям чыніў суды, радзіў князям гарады. Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана званы сьвятое Сафіі, а ён той звон чуе ў Кіеве». Другі фрагмэнт — пра Нямігу, што і сёньня цячэ ў Менску: «На Нямізе галовы сьцелюць снапамі, харалужнымі малоцяць цапамі, жыцьцё кладуць на таку зьлюцела, веюць душу ад цела». І трэці фрагмэнт — пра князя Ізяслава, дзе «трубы трубяць гарадзенскія». Незразумела, што маецца на ўвазе — сучасная Горадня ці Гарадня на верхняй Бярэзіне. Але як геніяльна сказана: «І Дзьвіна ўчарнела цячэ, толькі Ізяслаў, сын Васількаў сваім вострым мечам пазваніў аб шаломы літоўскія. Прыбіў ён славу дзеда свайго Ўсяслава, а сам пад шчытамі чырвонымі лёг на траве крывавай і ўчуў голас вешчы: „Дружыну тваю княжа, птушкі крыламі апранулі...“». Гэта значыць — птушкі на забітых воях сядзяць — які вобраз! Ёсьць у кнізе і некалькі маіх эсэ. Адно зь іх — «Пацеркі з сушаных грыбоў», пра тое, як акадэміку Дзьмітрыю Ліхачову я ўручыў пацеркі з сушаных грыбоў і да званьняў ганаровага доктара Оксфарду і Кембрыджу дадаў званьне Ганаровы грыбнік беларускага лесу. Дзьмітрый Сяргеевіч з паклонам прыняў мой дар.

— Нядаўна ў вашай кнізе «Паэзія — ільвіца з грывай» я вычытаў нечаканае для мяне прызнаньне, што ваш улюбёны празаік — Васіль Быкаў. Здавалася б, яго аскетычная мова і ваш паэтычны сьвет — два розныя сьветы.

— Што вы! У Быкава дзівосная мова! Ён надзвычай дакладна ўмеў расказаць пра чалавека, які, паранены і адзінокі, ідзе па полі, закопваецца ў сьцірту з саломай, дрыжыць, саграваецца. Суровыя рэаліі яго аповесьцяў пранізаныя такім пачуцьцём, гэта так пераканальна, адчувальна! Усе пачуцьці — нюх, дотык, зрок — працуюць, калі чытаеш яго прозу. Там няма ніводнага лішняга слова, усе словы намёртва прыляпіліся да прадметаў і зьяваў. Што вы! А быкаўскі зімовы ці асеньні лес, празь які праходзіць нейкі яго герой... Ці ён над ракой на абрыве жыве адзін, сьпякота, і ён паставіў намёт. Гэта так моцна напісана, што проста фізычна ўсё адчуваеш.

— Я ня ведаю, як у Расеі, у Маскве, але ў Беларусі ўлада проста не заўважае выдатных пісьменьнікаў, якія ёй не слугуюць. Чыноўнікі — ад сталіцы да раёну — іх проста ігнаруюць, як быццам тых на сьвеце няма.

— Тое самае і ў Расеі, і Маскве. Адбылося адчужэньне маладых чыноўнікаў ад культуры ўвогуле. Прычым, у пачатку 1990-х такога не назіралася. Магчыма, у іх іншая культурная прастора ў сьвядомасьці? Хто ведае. Вось у майго брата Алега Шклярэўскага, быў нядаўна юбілей. А ён, між іншым, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, узнагароджаны «Бронзавым віцязем» за свае цудоўныя фільмы («Пранясі, Божа, хмару» і інш.). Мог бы міністар культуры проста даслаць яму фармальнае віншаваньне з 70-годзьдзем. Алег па статусе сваім павінен быў атрымаць такое віншаваньне! Але — ніякай увагі. А чаму? Ці то памяць у міністра такая кароткая, ці ён не разумее, як важна захоўваць традыцыі. Таму што на традыцыях усё трымаецца! Разбурэньне традыцый — гэта разбурэньне ўсяго, і культуры, і маралі. Традыцыі трэба берагчы. А хутчэй за ўсё, міністар проста ня бачыў Алегавых фільмаў, ён ня ведае, якое гэта выдатнае беларускае кіно. Значыць, ён ня ведае таго багацьця, якое яму належыць. Ці — другі выпадак. Хавалі Валерыя Раеўскага, шматгадовага галоўнага рэжысэра Купалаўскага тэатру. Прысутны там міністар культуры не падышоў да мяне і не запытаўся: «Ігар Іванавіч, можа, вы слова скажаце — тут, або на могілках? Можа, у вас ёсьць нейкія думкі ці пажаданьні?». Што, я павінен да міністра падыходзіць? Ня я, а ён павінен! Я ўсё ж сёе-тое зрабіў для Беларусі.

Што, я павінен да міністра падыходзіць? Ня я, а ён павінен! Я ўсё ж сёе-тое зрабіў для Беларусі.

— Дырэктар беларускай службы «Свабоды» Аляксандар Лукашук нядаўна знайшоў у архіве данясеньне Галоўліту ў ЦК КПБ адносна вашай першай кнігі «Я іду!». Цэнзар знайшоў у ёй антысавеччыну і запатрабаваў вярнуць рукапіс на дапрацоўку. Гэта 1961 год. Вы помніце той выпадак?

— Вядома ж, памятаю. Цэнзар проста ня змог зразумець мае вершы. Верш, дзе былі радкі «зарадка пачалася, фальшывяць маршы» быў навеяны няшчырасьцю каханай, і гэта яе няшчырасьць так мяне ўзрушыла, што мне ўсё навокал здалося фальшывым. Але рукапіс мне не вярнулі. Навум Кісьлік пайшоў зь ім да Петруся Броўкі, які на той час быў вельмі ўплывовы і зрабіў вельмі шмат добрых справаў. Броўка пайшоў у выдавецтва і сказаў: Шклярэўскага — выдаць, а адказным рэдактарам будзе Пімен Панчанка. І кнігу выдалі, і яна імгненна зьнікла з кнігарняў. Каштавала яна, па-мойму, 12 капеек, а ў двары за крамай яе прадавалі па 3 рублі.

— Вы неяк расказвалі, што свае антысавецкія вершы хавалі ў тэлескапічнае вудзільна. Вы баяліся перасьледу?

— Я не баяўся. Проста асьцерагаўся, што тыя вершы недзе ня ў час вынырнуць. Справа ў тым, што я належу да катэгорыі людзей, якія ня могуць жыць на чужыне. Мне Аляксандар Межыраў неяк сказаў: «Ігар, калі б вы надрукавалі сваю кнігу „Чартапалох“, да вас прыйшла б сусьветная слава». Гэта былі 70-я гады. Я спытаўся: «Ну добра, я надрукую. І што далей — выгнаньне?» — «А вы яго баіцеся?» — «Ды я проста яго ня вынесу. Я так выхаваны».

Віктар Казько, Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў і Ігар Шклярэўскі ў Петрыкаўскім лясгасе. 1988 г.

Віктар Казько, Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў і Ігар Шклярэўскі ў Петрыкаўскім лясгасе. 1988 г.

— Вы ўжо больш за паўстагодзьдзя ў Маскве. А на радзіму не цягне? Ня толькі ў госьці...

— Я хачу перабрацца ў Беларусь назаўжды і завершыць так, як у Лермантава ў паэме «Баярын Орша»: «Дай возвратиться мне к Днепру — здесь я родился, здесь умру». Гэтыя радкі таксама ёсьць у маёй кнізе. Вяртаньне — гэта закон круга. Птушкі з найдалёкага выраю вяртаюцца, ласосі касякамі, агінаючы Кольскі паўвостраў, вяртаюцца. Ласосі зь невялікай рэчкі Умбы вернуцца толькі ў Умбу! Проста дзіву даесься, як яны за тысячы кілямэтраў вызначаюць пах і смак роднай вады.

— Вы сваім коштам (за Дзяржаўную прэмію) пасадзілі лес на Прыпяці ў Петрыкаўскім раёне. Вы сабралі грошы і пабудавалі для чарнобыльскіх перасяленцаў цэлую вёску. Было б справядліва, калі б беларускія ўлады на знак удзячнасьці падаравалі вам дом у Беларусі.

— Гэта было б нават занадта... У мяне няма амбіцый наконт гэтага, і я рабіў дабро для Беларусі без разьліку на чыюсьці ўдзячнасьць. Усё, што мы робім, мы робім шчыра, а ня дзеля чагосьці. Вядома ж, калі б мне дапамаглі, я быў бы дужа ўдзячны. А калі няма такой магчымасьці, то буду старацца сам, прадаўшы сваю маскоўскую кватэру. Але я ўсё роўна вярнуся туды, дзе яднаюцца канец і пачатак, — на родную Магілёўшчыну ці ў Менск. Я вельмі хачу вярнуцца.

— Зь Менску вы папрасілі прывезьці сала з Камароўкі. Яно вам так смакуе?

— «Ем сырую зайчыну і люблю Айчыну», як пісаў Рыгор Барадулін. Калі я пісаў кнігу «Залатая блешня», то ў мяне там неаднойчы ўзьнікала падталае сала, падсохлы чорны хлеб і памідоры — ну чым жа яшчэ сілкуецца рыбак? Помню, пішу, а ў вачах — тураўскія памідоры, у іх такі моцны, такі цудоўны пах! Пісаў, і самому есьці хацелася. Такое са мной ужо было — над старонкамі паэмы «Пір», дзе князь Ігар прымае хана Гзу. Яны піруюць, і далей я пішу: «І мяне ўжо самога голад даймае». Так і ў выпадку з камароўскім салам.

Ігар Шклярэўскі і Рыгор Барадулін. Фота Ўладзімера Крука. 1960-я гг.

Ігар Шклярэўскі і Рыгор Барадулін. Фота Ўладзімера Крука. 1960-я гг.

— Вы падкрэсьлена вымаўляеце «Беларусь», а вось расейскія СМІ ўпарта працягваюць — «Белоруссия». Вас гэта не раздражняе?

— Як ні скажы — Беларусь цудоўная. «Белоруссия» — ну, так раней гаварылі і пісалі, гэта інэрцыя, звычка. Але калі зацьверджана назва дзяржавы, трэба яе паважаць: Беларусь — значыць Беларусь. Нават калі ў цябе ў памяці ёсьць нейкая матрыца, штамп, павага павінна ўзяць верх.

— У адной маскоўскай рэдакцыі мне расказалі, як Ігар Шклярэўскі дорыць на дні народзінаў сябрам свае савецкія ордэны. Гэта праўда?

— Гэта адбылося толькі аднойчы. Адзін чалавек (ня буду называць яго імя) у пэўны пэрыяд свайго жыцьця быў настолькі высакародны, што я сапраўды ўзнагародзіў яго сваім Ордэнам дружбы народаў. Тады я перачытваў улюбёнага Дзюма, Віктора Гюго. У іх часы гэта было прынята. Помніце, у рамане Гюго «Дзевяноста трэці год» маркіз дэ Лянтэнак на караблі зьняў з грудзей капітана ордэн і ўзнагародзіў ім кананіра. І я дазволіў сабе такі ўчынак. Ён быў шчыры і чыстасардэчны, навеяны ўлюбёнымі кнігамі.

— Калі я чытаў вашу «Залатую блешню» («Знамя», 2016, № 1), то мне здавалася, што вам яе дапамагалі пісаць рэкі, што цякуць па Магілёўшчыне, у Карэліі, у Архангельскай вобласьці. А якія беларускія рэкі можна лічыць вашымі суаўтарамі?

— Перш за ўсё гэта Дняпро каля Баркалабава. Потым маленькія рэкі — Лахва, Вабіч, Раста, Проня, Сож — дзівосная рака, вясёлая, сьветлая, чыстая, з крэйдавымі абрывамі. Потым — Прыпяць недалёка ад Турава. Там гарэлі мае вогнішчы, ад якіх і цяпер засталіся «радзімкі» на зямлі. Я там быў такі шчасьлівы, што адмовіўся ад некалькіх замежных паездак. На «ракеце» даплыў да Турава, прыдумаў нейкую прычыну і не паехаў за мяжу. І яшчэ — Бярэзіна, дзе я апошнім часам бываю ў доме брата, дзе я таксама шчасьлівы. І вось жа, паслухайце, я зрабіў адно адкрыцьцё. У думках я заўсёды хаджу па берагах рэк, дзе калісьці пабываў. Даўно вядома, што ў рэкаў, якія цякуць на поўдзень, правы бераг — высокі, а левы — нізкі, а ў тых, якія цякуць на поўнач, — наадварот. Сояна, якая ўпадае ў Кулой (Кулой — у Белае мора), Мягра, якая цячэ па Архангельскай вобласьці і ўпадае ў Белае мора, Залоціца, якая таксама ўпадае ў Белае мора, — у іх ва ўсіх высокі бераг — левы. Далей я злучыў іх — Сояну і Сож, Мягру зь Бярэзінай і г.д. і зразумеў, што ў іх адзін высокі бераг — заходні, а ўсходні — нізкі. Дзіўна, як гэта атрымалася? Можа быць, у старадаўнія часы гэта былі рэкі аднаго напрамку? Я расказаў пра сваё адкрыцьцё спэцыялістам, і яны таксама былі ўражаныя, абяцалі ўсё прааналізаваць.

«Недзе каля Магілёва майго шчасьця падкова...». Ігар Шклярэўскі і Міхась Скобла. Менск, 2011 г.

«Недзе каля Магілёва майго шчасьця падкова...». Ігар Шклярэўскі і Міхась Скобла. Менск, 2011 г.

— Некаторыя расейскія дзеячы культуры (рэжысэр Аляксандар Сакураў) дапускаюць усталяваньне ў Расеі дыктатуры. Маўляў, сам народ патрабуе цьвёрдага кулака. А вы такое жаданьне народу адчуваеце?

— Божа збаў! Кулак нам яшчэ патрэбны?! Мала нам было кулакоў? Пра што вы гаворыце! Гэтая тэма для мяне настолькі абсурдная, што і гаварыць ня хочацца. Мяне больш трывожыць іншае — у сучаснай Расеі бедны стаў яшчэ бяднейшым, а багаты — яшчэ багацейшым. І з кожным годам гэтая розьніца ўсё ўзрастае. Так што, калі і трэба нешта неадкладна рабіць, то — памяншаць гэтую розьніцу. А дыктатура ці патрэбная... Божа збаў! Я не ўяўляю, што ўсё гэта можа вярнуцца. Божа збаў нас усіх ад гэтага!

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG