Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жана Пцічкіна пра справу аб сьмерці сына: Мяне папракнулі, што перад яго адпраўкай у «Валадарку» не ўзяла мэдычную даведку


Ігар Пцічкін
Ігар Пцічкін

Маці памерлага ў ізалятары на Валадарскага Ігара Пцічкіна пасьля азнаямленьня зь першым томам справы аб сьмерці сына кажа пра несупадзеньне высноваў сьледзтва з тым, што казалі сьведкі.

9 сакавіка Жана Пцічкіна ў Сьледчым камітэце пачала азнаямленьне са справай аб прычынах сьмерці сына. Ён памёр, як вырашылі сьледчыя, з-за спыненьня сэрца. Чаму гэта адбылося?

«Нібыта не прыняў наркотыка, а ў яго разьвіўся сындром, яму стала блага, і сэрца спынілася. Але ў гэта я ня веру», — кажа маці нябожчыка і згадвае, што на целе сына перад пахаваньнем бачыла на свае вочы шмат сінякоў і кровападцёкаў. Як гэта тлумачаць сьледчыя?

«У справе прыведзеныя дадзеныя экспэртызы, зь якіх вынікае, што тыя сінякі былі даўнасьці ад 7 да 10 дзён. То бок атрымліваецца, што Ігар прыйшоў адбываць пакараньне ў ізалятар ужо зь сінякамі. Але чамусьці гэтыя сінякі ў яго ніяк не зафіксаваныя ахоўнікамі, калі яго прымалі ў ізалятар. Такога ня можа быць. Сына бачылі шматлікія сябры, знаёмыя. Хадзіў ён тады ў шортах і майцы, бо стаяла сьпякота 30 градусаў, але ніхто ня памятае на ягоным целе сінякоў, у тым ліку на нагах, што было б заўважна, калі б высновы сьледчых былі праўдай. Мне падчас сьледзтва міліцыянты казалі, што трэба было перад тым, як адпраўляць сына ў ізалятар на адседку, узяць у паліклініцы даведку, што ён здаровы. Уявіце!» — абураецца Жана Пцічкіна.

Сёньня жанчына бачыла ў матэрыялах справы паказаньні вязьняў, якія сядзелі ў камэрах «Валадаркі» разам зь яе сынам. «Усе кажуць, што прыйшоў ён у нармальным стане і паводзіў сябе спакойна, ні з кім з сукамэрнікаў не канфліктаваў. Сінякоў на ім ня памятаюць», — дадае Жана Пцічкіна. Паводле яе словаў, у справе фігуруюць паказаньні яшчэ дзясяткаў супрацоўнікаў сьледчага ізалятара, якіх таксама апыталі сьледчыя. Падрабязна з гэтымі паказаньнямі Жана Пцічкіна яшчэ не знаёмілася, таму ня стала пра іх гаварыць. Пры гэтым яна нагадала, што на час сьледзтва нікога з супрацоўнікаў «Валадаркі» ад працы не адхілялі і ўрэшце нікому не паставілі ў віну датычнасьць да сьмерці вязьня. Гэта ёй дакладна вядома ад сьледчых. У тым ліку і тое, што першапачатковыя падазрэньні ў неаказаньні дапамогі з фэльчара ізалятара ў выніку былі зьнятыя.

Мянчук Ігар Пцічкін у жніўні 2013 году памёр празь некалькі дзён адседкі на «Валадарцы», дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў. Сваякі Пцічкіна дагэтуль мяркуюць, што ён быў забіты ахоўнікамі ў выніку канфлікту і памёр ад зьбіцьця. Таксама сьледзтва прыйшло да высновы, што Ігар Пцічкін быў наркаманам і распаўсюднікам наркотыкаў, што маці аспрэчвае.

Паводле Жаны Пцічкінай, у справе аб сьмерці яе сына 21 том. Са справай яна будзе знаёміцца штодзённа цягам месяца. «Сьледчы Вадзім Грыц дазволіў мне рабіць выпіску ў сшытак, а здымаць аркушы справы на фота забараніў. Праўда, паабяцаў дазволіць зрабіць здымкі тых здымкаў Ігара, якія ёсьць у справе. У тым ліку здымкаў, дзе ён жывы і дзе мёртвы. Я шчыра сказала, што мне гэта патрэбна, каб падрыхтаваць скаргу на вынікі сьледзтва. Буду абскарджваць іх вынікі ў пракуратуры і ў судзе», — паведаміла карэспандэнту Свабоды Жана Пцічкіна.

У верасьні 2013 году справа Ігара Пцічкіна атрымала дадатковы рэзананс пасьля таго, як менская міліцыя затрымала сваякоў і сяброў нябожчыка, якія зьбіраліся ўскласьці кветкі да муроў ізалятара на Валадарскага, каб ушанаваць ягоную памяць. Таксама затрымалі журналістаў і праваабаронцаў. Некалькі ўдзельнікаў акцыі памяці былі пакараныя арыштамі і грашовымі штрафамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG