Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Ліхавы: Праекты Мінкульту Ўкраіны зь Беларусьсю будуць прыярытэтам


Ігар Ліхавы
Ігар Ліхавы

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы прызначаны намесьнікам міністра культуры Ўкраіны. Ён будзе займацца пытаньнямі культурнай спадчыны, праблемамі музэяў і запаведнікаў. У інтэрвію Радыё Свабода спадар Ліхавы распавёў пра важнасьць культурніцкай супрацы зь Беларусьсю, а таксама пра тое, як ваенныя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны карэктуюць пляны міністэрства на 2015 год.

— Спадар Ігар, віншуем вас з Новым годам і з новай пасадай — намесьніка міністра культуры.

— Дзякуй. Але пасада гэтая для мяне адначасова і новая, і старая. Я ж ужо працаваў міністрам культуры Ўкраіны.

— Як бачыце сваю дзейнасьць у новым годзе на пасадзе намесьніка міністра культуры?

— Ведаеце, калі я пакідаў Менск, дзе мне вельмі падабалася жыць і камунікаваць зь людзьмі, то ў мяне журналісты пыталіся, што я буду рабіць. Я адказаў: тое самае, што рабіў і раней, — абараняць украінскую культуру, толькі, мабыць, без заработнай платы. Так і сталася. Таму і цяпер — буду абараняць украінскую культуру. Ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, ідзе вельмі жорсткая інфармацыйная вайна, скіраваная на размываньне нацыянальнай ідэнтычнасьці. У гэтай вайне, якая насамрэч ужо перастала быць толькі інфармацыйнай, а стала канкрэтнымі трагічнымі падзеямі, нам неабходна аб’яднаць украінскую нацыю, дапамагчы тым, хто шукае арыенціры ў жыцьці. Толькі разам мы зможам пабудаваць справядлівае грамадзтва. Цяпер мы праводзім шэраг нарадаў і сустрэчаў з адной мэтай — выпрацоўка стратэгіі разьвіцьця ўкраінскай культуры.

— Што ўваходзіць у ваша разуменьня разьвіцьця ўкраінскай культуры?

— Два складнікі: зьберажэньне традыцыяў і нацыянальнай спадчыны, а таксама стварэньне ўмоваў для разьвіцьця новай украінскай культуры. У гэтых межах мы і працуем.

І пытаньне вельмі празаічнае: бюджэт. Два дні таму ён быў зацьверджаны, але на культуру выдзеленыя зусім ня тыя сумы, на якія мы разьлічвалі. Разам з тым перамогай міністэрства можна лічыць тое, што мы адстаялі разы ў чатыры больш, чым тое, што было прапісана ў праекце бюджэту яшчэ два тыдні таму.

— На што пойдуць грошы?

Плянуем больш фінансаваць ня дзейнасьць інстытуцыяў, а выраб і пашырэньне культурнага прадукту

— Мы хочам захаваць інстытуцыі ў сфэры культуры, якія пасьпяхова дзейнічаюць. Але плянуем больш фінансаваць ня дзейнасьць інстытуцыяў, а выраб і пашырэньне культурнага прадукту. Будзем больш арыентавацца на грамадзкасьць, больш кантактаваць з творцамі. Нам важна ня толькі фінансаваць структуры, але і атрымліваць пазытыўныя вынікі на конкурснай аснове.

— Як вайна на ўсходзе ўплывае на дзейнасьць міністэрства?

— Ох, гэта мой пэрсанальны клопат — тое, што зьвязана з зонай АТА. І тут вельмі шмат праблемаў, зьвязаных зь неабходнасьцю пераезду навучальных установаў і музэяў з тэрыторыяў, якая кантралююцца тэрарыстамі. Напрыклад, Данецкая музычная акадэмія імя Сяргея Пракоф’ева і Луганская акадэмія культуры і мастацтва. Мы ставім за мэту максымальна захаваць прафэсарска-выкладчыцкі склад, студэнтаў, дапамагчы адаптавацца ў профільных ВНУ ў Кіеве, Адэсе, Харкаве, Львове. Найпрасьцей было б, вядома, расфармаваць гэтыя ўстановы, але мы будзем захоўваць і ўстановы, і рэктарат. Тое самае з музэямі, там увогуле разарвана па жывым: Данецкі мастацкі музэй застаўся ў Данецку, а некалькі яго філіялаў — на тэрыторыі, падкантрольнай украінскай уладзе. Мы турбуемся, каб захаваць ад разрабаваньня калекцыю, а таксама сувязь і кантакты паміж ім і філіяламі. Тут вельмі небясьпечна, таму што падчас міжнацыянальных ці інсцэніраваных пад міжнацыянальныя канфліктаў адзін бок імкнецца зьнішчаць усе, што зьвязана зь іншым.

— У 2014 годзе ва Ўкраіне шырока адзначылі 500-годзьдзе бітвы пад Воршай. У той час як беларускія ўлады забаранілі масавае сьвяткаваньне, Міністэрства культуры Ўкраіны спрыяла грамадзкім арганізацыям. Ці будуць яшчэ нейкія падзеі, зьвязаныя з нашай супольнай гісторыяй?

Цяпер супраца зь Беларусьсю мае пэрспэктыву, бо мы будуем новую эўрапейскую супольнасьць і нам цікава пабачыць, як тое самае адбывалася і ў рамках Вялікага Княства Літоўскага

— Абавязкова. Я вялікі прыхільнік культурнага праекту «Вялікае Княства Літоўскае». Да нядаўняга часу да гэтага праекту ставіліся ва Ўкраіне ня так, як гэта таго патрабуе, як бы хацелася мне. Я нядаўна сустракаўся з калегамі з Інстытуту гісторыі і сказаў ім, што ва Ўкраіне і Грунвальдзкую бітву, і бітву пад Сінімі водамі не адзначалі належным чынам. На жаль, ва Ўкраіне маштаб гэтых гістарычных падзеяў не знайшоў належнага адлюстраваньня. Але для гэтага былі пэўныя падставы: папярэдні ўрад і папярэдняе Міністэрства культуры былі скіраваныя на праекты, ляяльныя да Расеі. Цяпер супраца зь Беларусьсю мае пэрспэктыву, бо мы будуем новую эўрапейскую супольнасьць і нам цікава пабачыць, як тое самае адбывалася і ў рамках Вялікага Княства Літоўскага. Гэта будзе адным з прыярытэтаў Міністэрства культуры.

— Ці будзе гэта цікава беларусам?

— Даруйце, але я лічу, што беларускае грамадзтва на раздарожжы, супольнасьць не настолькі кансалідаваная, каб адрозьніць псэўдаарыенціры ад арыенціраў сапраўдных. Такое ёсьць і ва Ўкраіне. А без супольнага бачаньня нацыяй мінулага яна ня зможа пабачыць і супольную будучыню. Я сваімі калегамі ў Беларусі лічу хутчэй ня ваша Міністэрства культуры, а грамадзкія арганізацыі, якія займаюцца прасоўваньнем культуры, на супрацу зь імі я разьлічваю. Будзем працаваць разам, а дэвізам гэтай супрацы няхай будзе: чужога ня возьмем, але сваё бараніць будзем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG