Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія ўлады пра збор грошай для «цудоўнай Наваросіі»: гэта «адукацыйны працэс»


Удзельнікі клюбу «Спарта» і яго кіраўнік
Удзельнікі клюбу «Спарта» і яго кіраўнік

Віцебскі актывіст руху «За Свабоду» Хрыстафор Жаляпаў атрымаў адказы на патрабаваньне даць ацэнку дзейнасьці клюбу «Спарта», які месьціцца ў раённым горадзе Сяньне, у Цэнтры дзяцей і моладзі. Кіраўнік «Спарты», маёр у адстаўцы Алег Шумкоў, сёлета арганізаваў сярод сваіх выхаванцаў збор грошай для «цудоўнай Наваросіі» і тых, хто «мочыць укропаў як мае быць».

Алег Шумкоў (фота з сацыяльнай сеткі «ВКонтакте)
Алег Шумкоў (фота з сацыяльнай сеткі «ВКонтакте)

Пра гэта спадар Шумкоў сам кажа у відэароліку, які няцяжка знайсьці ў інтэрнэце. Аднак у лісьце, атрыманым зь Віцебскага аблвыканкаму, чорным па белым гаворыцца, што «сабраныя добраахвотныя ахвяраваньні былі накіраваны мірнаму цывільнаму насельніцтву», кажа Хрыстафор Жаляпаў:

«Дзіўны ліст прыйшоў за подпісам начальніка ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і ў справах моладзі спадара Ягорава. Выглядае, што аблвыканкам пераслаў ліст у Сеньненскі райвыканкам, бо ўся інфармацыя пра „Спарту“ і Алега Шумкова цытуецца — у прыватнасьці, аб праверцы на мясцовым роўні, якая не выявіла парушэньняў статуту клюбу. Там, сьцьвярджаюць чыноўнікі, адукацыйны працэс ідзе ў поўнай адпаведнасьці зь дзяржаўнымі праграмамі патрыятычнага выхаваньня. Тым ня менш згадана, што кіраўніку „Спарты“ „паказана на ... недапушчэньне пазастатутнай дзейнасьці“ і на тое, што патрыятычнае выхаваньне трэба праводзіць „у духу самастойнай і міралюбівай зьнешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь“. Праўда, у лісьце з аблвыканкаму гэта выкладзена са стылістычнымі памылкамі — так, што можна зразумець і наадварот: што выхоўваць падлеткаў „у духу самастойнай і міралюбівай зьнешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь“ — недапушчальна»...

Фрагмэнт адказу з ідэалягічнай управы аблвыканкаму
Фрагмэнт адказу з ідэалягічнай управы аблвыканкаму

Хрыстафор Жаляпаў
Хрыстафор Жаляпаў

На думку спадара Жаляпава, улады ўсё ж папярэдзілі кіраўніка клюбу Алега Шумкова, які — паводле нашыўкі на рукаве — лічыць сябе прадстаўніком Расейскіх узброеных сіл. Невыпадкова ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» адбыліся зьмены — старонку клюбу «Спарта» пачысьцілі ад некаторых фотаздымкаў, а потым яна ўвогуле памяняла адрас.

Фрагмэнты адказу з ідэалягічнай управы аблвыканкаму
Фрагмэнты адказу з ідэалягічнай управы аблвыканкаму

Згодна зь пералікам формаў статутнай дзейнасьці, выхаванцы «Спарты» рыхтуюцца да службы ў войску, удзельнічаюць у ганаровых вартах, дапамагаюць вэтэранам, займаюцца ўсходнімі адзінаборствамі. Мяркуючы па фотаздымках у сацыяльных сетках, падлеткі ахвотна фатаграфуюцца са зброяй і з «георгіеўскімі» стужкамі.

Удзельнікі клюбу «Спарта»
Удзельнікі клюбу «Спарта»

Удзельнікі клюбу «Спарта» і яго кіраўнік
Удзельнікі клюбу «Спарта» і яго кіраўнік

Паводле адказу спадару Жаляпаву з абласной міліцэйскай управы, «факту прыналежнасьці Алега Шумкова да ўзброеных фармаваньняў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Ўкраіны, не выяўлена. А «палітычная ацэнка суб’екта не ўваходзіць у кола кампэтэнцый органаў МУС». Адпаведна, выхаваўчы ўплыў палітычных перакананьняў кіраўніка клюбу на сеньненскіх падлеткаў так ніхто й не ўлічвае, канстатуе Хрыстафор Жаляпаў:

«Атрымліваецца, дастаткова праверыць, каб намінальна не парушаўся статут. А што ў дзяржаўнай ўстанове працуе і выхоўвае дзяцей чалавек з экстрэмісцкімі поглядамі — гэта не істотна? І тое, што віцебскія ВНУ сёлета прымалі імпрэзу, у якой меўся браць удзел дыякан Павал Шульжонак, „абаронца Наваросіі“ — гэта таксама неістотна? Сярод ВНУ, якіх цягнуць у „рускі мір“, і дзяржаўны ўнівэрсытэт, дзе рыхтуюць настаўнікаў для беларускіх школ! Дык хіба грамадзян сувэрэннай Беларусі можна выхаваць такім чынам?»

Фрагмэнт адказу з абласной міліцэйскай управы
Фрагмэнт адказу з абласной міліцэйскай управы

Хрыстафор Жаляпаў згадвае і раздачу расейскіх сьцяжкоў, за якую ў Віцебску не караюць, і сваю ўласную адміністрацыйную справу: 14-га сьнежня яго будуць судзіць за тое, што прыйшоў зь бел-чырвона-белым сьцягам да помніка Караткевіча на 86-я ўгодкі пісьменьніка...

«Рускі мір» бесьперашкодна наступае на Віцебшчыну з маўклівай згоды тутэйшых чыноўнікаў, лічыць кіраўнік гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Валеры Паўлоцкі:

«Я таксама падпісваў звароты ў КДБ, міліцыю, ідэалягічны аддзел. І таксама не задаволены сэнсам адказаў. Нібыта нікому няма справы да таго, што ў Віцебску пануе сымболіка іншай дзяржавы — вунь, расейскія сьцяжкі выстаўлены на продаж у кожнай кнігарні! Нікому няма справы, у якім духу выхоўваюць дзяцей, падлеткаў, маладых настаўнікаў... Усё гэта можа „выбухнуць“ у любы момант, калі не спыніць ідэалягічны наступ „русского міра“. Бо яны правакуюць да радыкалізму і экстрэмізму, прычым усіх: як прыхільнікаў, так і апанэнтаў».

Валеры Паўлоцкі
Валеры Паўлоцкі

У гэтым рэчышчы віцебскія актывісты згадалі, што 12 сьнежня ў Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачнуцца слуханьні па крымінальнай справе віцябляніна Станіслава Ганчарова, у мінулым — кулямётчыка батальёну «Азоў». Сьледчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачаньне ў «злосным хуліганстве», якое было зьдзейсьнена ў лістападзе 2013 году супраць непаўналетніх. Як адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы МУС, Ганчароў разам з футбольнымі фанатамі пад пагрозай гвалту прымусіў дваіх 13-гадовых падлеткаў адрачыся ад антыфашысцкага руху і прадэманстраваць нацысцкае прывітаньне. Увесь працэс быў зьняты на відэакамэру і выкладзены ў інтэрнэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG