Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідзе жыцьцё!» — героі праекту Радыё Свабода «ПеРАКможам» распавядаюць, як яны жывуць цяпер


«ПеРАКможам» аб’яднаў гісторыі вельмі розных людзей, якія перамаглі анкалягічнае захворваньне. Зроблены пад кіраўніцтвам Ганны Соўсь праект зь нізкі гісторыяў ператварыўся ў папяровую кнігу, а затым і ў маштабную кампанію падтрымкі тых, хто змагаецца з падступнай хваробай. Праз два гады пасьля пачатку праекту мы папрасілі некаторых герояў распавесьці, што адбываецца ў іхнім жыцьці.

Ігар Крэбс: «Я шчасьлівы»

Гісторыю Ігара Крэбса мы распавялі ў верасьні 2014 году. Сёньня Ігар кажа, што ў яго ўсё добра.

«Я амаль не хварэю. Ужо год не ляжаў у лякарні. Гэта новы стан для мяне, і мне гэта вельмі падабаецца. Я займаюся тым, што мне падабаецца. Магчыма, да хваробы ў мяне такога было менш.

Працы ў мяне больш ня стала, на жаль, і яна ня стала больш пасьпяховай. Але значную ролю цяпер граюць хобі. Я зь дзяцінства марыў перакладаць нямецкую літаратуру, і патроху раблюся перакладчыкам і маю ў гэтым нейкія посьпехі. Мне гэта вельмі падабаецца.

Ігар Крэбс

Ігар Крэбс

Па-ранейшаму шмат займаюся рыбалкай. Маю шмат сяброў, якія са мной займаюцца і перакладам, і рыбалкай. Гэта цудоўны паварот у маім жыцьці.

Нейкі цяжар абавязковасьці зьнік, Я разумею, што жыцьцё можа скончыцца ў любы момант, нягледзячы на тое, што са здароўем у мяне ўсё больш-менш. Разумею, што трэба рабіць тое, што табе падабаецца і што цябе кліча. Таму я жыву так, нібыта гэта апошні ці перадапошні дзень жыцьця. Гэта робіць мяне шчасьлівым. І я шчасьлівы».

Натальля Саматыя: «Перажываю за сыход Дэвіда Боўі»

Натальля Саматыя

Натальля Саматыя

З Натальляй мы сустрэліся ў лістападзе 2014 году. За гэты час яе пасьпелі звольніць з працы, Натальля гадуе ўнука, актыўна займаецца грамадзкай дзейнасьцю і па-ранейшаму шмат слухае музыку.

«Я знайшла сябе. Заўжды была грамадзкай актывісткай, цяпер я ў руху салідарнасьці „Разам“. Удзельнічаю ў арганізацыі акцыяў. Нядаўна езьдзілі на магілу Міхася Жызьнеўскага.

Мяне цікавяць палітычныя і сацыяльныя пытаньні. Я за кансалідацыю і аб’яднаньне, бо ўсё даецца зь цяжкасьцю, а мэта ва ўсіх адна.

Унуку майму тры гады. Дзеці жывуць добра.

Апошнім часам не была на канцэртах. Але дома я ўвесь час гляджу канцэрты тых групаў, якія мне падабаюцца. Вельмі перажываю за сыход Дэвіда Боўі. Ён адзін з маіх любімых музыкантаў. Заўжды казала, што лічыла яго Сальвадорам Далі ў музыцы.

Цікаўлюся ўсім беларускім. Была нядаўна на імпрэзе Славаміра Адамовіча, ён прэзэнтаваў сваю кнігу.

Што да здароўя, то нібыта ўсё някепска. Я стараюся пра гэта ня думаць, падтрымліваць добры настрой, камунікаваць зь людзьмі. Мне гэта падабаецца».

Сяргей Бахун: «Ідзе жыцьцё!»

Сяржук Бахун разам з дачкой на Чарнобыльскім шляху — 2015

Сяржук Бахун разам з дачкой на Чарнобыльскім шляху — 2015

Білборды з выявай Сяргея Бахуна і слоганам «Каханьне мацнейшае за лекі» былі часткай кампаніі Радыё Свабода і віселі па ўсім Менску. Сяргей поўны аптымізму і кажа, што жыве паўнавартасным жыцьцём:

«Час хутка бяжыць! Прагледзеў сёньня відэа нашага інтэрвію. Здаецца, нядаўна было, а столькі часу прайшло. Падарожнічаем. Летась езьдзілі ў Львоў на матч «Украіна-Беларусь».

Ідзе жыцьцё! Працую ў выдавецтве, выдаём кніжкі, часопіс. Дачушка Адэлька ў гэтым годзе зьбіраецца ў школу ісьці. Думаем, што ў яе схільнасьці да моваў, дык хочам аддаць яе ў гімназію зь лінгвістычным ухілам. Мовы ў наш час — гэта вельмі важна.

Маме дапамагаю разьвіваць бізнэс зь беларускамоўнымі паштоўкамі. У нас увесь час пашыраецца асартымэнт. У гэтым годзе выпусьцілі пасьпяховы каляндар «Беларускае кола сьвятаў». Яго ўжо раскупілі.

Калі ўсё будзе добра, зробім сайт, каб людзі маглі онлайн набываць паштоўкі, а мы ўжо будзем дасылаць па іхніх адрасах. Лічу, што справа карысная. Папулярызуе і беларускую мову, і нашу радзіму, Беларусь, бо паштоўкі ідуць у розныя куты сьвету і людзі пра нас даведваюцца.

Ганна Анісенка: «Дзеці — гэта самая вялікая перамога»

Ганна Анісенка

Ганна Анісенка

Ганна Анісенка (раней Маслоўская) у Сусьветны дзень барацьбы супраць раку напісала ў сваім фэйсбуку: «Пакуль ты з найлепшых памкненьняў маўчыш, соцыюм прыпісвае табе свае грахі». Яна кажа, што ад сёньня вырашыла «называць рэчы сваімі імёнамі, каб мяне было добра чуваць».

«У мяне сьвядомае жыцьцё, са мной мая сям’я, мае дзеці, мой дом... У мяне ёсьць кавалачак камфорту, неабходны для жанчыны. Я рухаюся наперад.

Самае прыемнае — тое, як расьце мой сынуля. У сьнежні яму было сем гадоў. Тое, як ён сталее, як спасьцігае гэты сьвет, як вучыцца адрозьніваць добрае і злое, як ўсьведамляе сябе мужчынам і адчувае адказнасьць за жанчыну ў сваёй сям’і... — гэта самая вялікая радасьць і перамога.. Не заўсёды гэта гладка, бываюць і сьлёзы, і капрызы. Але я разумею, што я таксама не дарма нешта раблю.

За апошні час давялося зразумець, што мая асоба мае нейкае значэньне. Калі маё жыцьцё можа дапамагчы камусьці хаця б як прыклад, што можна перамагчы гэтую хваробу і жыць далей, я буду ісьці далей, змагацца далей і перамагаць. Гэта надае сэнс і майму жыцьцю таксама».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG