Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэолягі забаранілі канцэрт Dzieciuki на падставе пункту заканадаўства, якога няма


Гурт Dzieciuki, архіўнае фота

Гурт Dzieciuki, архіўнае фота

Галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму адмовіла ў выдачы пасьведчаньня на права арганізацыі канцэрту гурту Dzieciuki заснавальніку парталу Tuzin.fm Сяргею Будкіну.

У лісьце, які публікуе партал, гаворыцца, што адмова грунтуецца на пункце 5 разьдзелу 3 Палажэньня аб арганізацыі і правядзеньні культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Але пункту 5 там няма: разьдзел 3 пачынаецца з пункту 8.

Пункт 5 ёсьць у разьдзеле 2, у ім гаворыцца пра паведамленьне аб намеры правесьці мерапрыемства за 5 дзён. Але канцэрт зьбіраліся правесьці аж 21 студзеня, то бок паведамлялі пра яго больш як за два месяцы. Пункт 5 (без разьдзелу) ва ўказе Лукашэнкі, які ўносіў зьмены ў палажэньне, наогул гаворыць пра парадак набыцьця сілы пунктаў указу.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Павал Скалабан не адказаў на тэлефанаваньні Свабоды, таксама не адказалі ў прыёмнай упраўленьня.

Сяргей Будкін сьцьвярджае, што творчасьць гурту Dzieciuki не парушае наогул ніводнага пункту палажэньня, таму зьбіраецца абскарджваць забарону ў судзе.

Гурту Dzieciuki ўжо ня першы раз адмаўляюць у канцэрце, таксама ў Беларусі праблемы з афіцыйнымі выступамі апошнім часам мелі таксама Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч і гурт Brutto (апошняму нядаўна дазволілі вялікі канцэрт у Гомелі). Tuzin.fm сьцьвярджаў, што «Дзецюкам», як і Вайцюшкевічу, забаранялі выступы, бо «чыноўнікі лічаць, што музыкі — экстрэмісты і ўяўляюць пагрозу для беларускага грамадзтва». Афіцыйна апублікаванага «чорнага сьпісу» музыкаў у Беларусі няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG