Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэйны раскол УЭФА і ФІФА: беларускі аспэкт


Людас Румбуціс

Людас Румбуціс

Вядомы ў мінулым беларускі футбаліст, сябра выканкаму Беларускай фэдэрацыі футболу Людас Румбуціс камэнтуе Свабодзе карупцыйны скандал у ФІФА, пераабраньне Ёзафа Зэпа Блатэра, заклікі Мішэля Плаціні і магчымасьць байкоту чэмпіянатаў сьвету.

Пераабраньне кіраўніком Міжнароднай фэдэрацыі футболу (ФІФА) Ёзафа Блатэра раскалола футбольную грамадзкасьць. Заход 80-гадовага швайцарца на пяты тэрмін адбываўся на фоне беспрэцэдэнтнага карупцыйнага скандалу, фігурантамі якога сталі ягоныя бліжэйшыя паплечнікі — рангам ад віцэ-прэзыдэнтаў ФІФА і ніжэй да кіраўнікоў рэгіянальных прадстаўніцтваў.

Беларусь — за прынца, супраць прэзыдэнта

У «дыктатарстве» і выбудоўваньні карупцыйнай імпэрыі Блатэра вінавацяць спартовыя функцыянэры, дзейныя і вядомыя ў мінулым гульцы. Чуюцца заклікі байкатаваць ФІФА і «купленыя» чэмпіянаты сьвету-2018 і 2022 — у Расеі і Катары адпаведна. Найбольш непрымірымым крытыкам палітыкі «старога Зэпа» — прэзыдэнт УЭФА Мішэль Плаціні. Перад справаздачна-выбарным кангрэсам у мінулую пятніцу колішняя зорка францускага футболу заручылася падтрымкай бальшыні эўрапейскіх краінаў, каб галасаваць за апанэнта Блатэра — прынца Ярданіі Алі. Зрэшты, эўрапейскай салідарнасьці аказалася занадта мала, каб пераважыць Афрыку, Азію ды Цэнтральную Амэрыку разам з сувэрэннымі выспамі Карыбскага басэйну.

Ці можа здарыцца раскол паміж УЭФА і ФІФА, як папярэджваў Мішэль Плаціні? Сябра выканкаму Беларускай фэдэрацыі футболу, вядомы ў мінулым футбаліст менскага «Дынама» Людас Румбуціс лічыць такое разьвіцьцё падзеяў цалкам магчымым:

«Можа быць, так. Я скажу, што Плаціні ў дадзеным выпадку хоць і дзейнічае радыкальна, але ён шмат што рэальна робіць. Найперш, паступова падводзіць эўрапейскі футбол пад рамкі „фэр-плэй“, прычым у шырокім разуменьні. Калі, прыкладам, расейскі „Зэніт“ ці ангельскі „Манчэстэр Сіці“ пасьля папярэджаньня так і ня вытрымалі крытэрыяў фінансавага „фэр-плэй“, яны заплацілі вялізныя штрафы. І гэта ня значыць, што яны будуць апошнія. УЭФА намагаецца весьці барацьбу за тое, каб умовы былі больш справядлівымі для ўсіх. А ў ФІФА такога не існуе, там няма такога парадку, як у УЭФА. Тым ня меней ФІФА — гэта ўсясьветная арганізацыя, тады як УЭФА — толькі эўрапейская».

Як міжфутбольныя супярэчнасьці адрэзануюць на Беларусі? У Швайцарыі беларуская дэлегацыя галасавала за прынца Алі, фактычна — супраць Блатэра. Прынамсі, гэта анансаваў перад адлётам у Швайцарыю першы намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Сафар’ян.

Бітва тытанаў: што чакае беларускі футбол

Футбольны спэцыяліст Людас Румбуціс адзначае, што хоць большая частка сродкаў у беларускі футбол паступае з штаб-кватэры эўрапейскай асацыяцыі, ізаляцыя ад ФІФА на карысьць нікому ня пойдзе:

«Як аукнецца нам? Мы ня так залежым ад ФІФА, большая частка грашовых паступленьняў ідзе ад УЭФА. Так, ад ФІФА грошы таксама атрымліваем, збольшага падчас адборачных турніраў з удзелам нацыянальнай зборнай. Ёсьць розныя іншыя праграмы, але яны непараўнальныя з тым, што выдзяляе УЭФА. Скажу, што мяне ўся гэтая гісторыя спачатку таксама абурыла: во, думаю, круцяць, сорам усялякі страцілі. А потым, вобразна кажучы, пачынаеш раскладваць пасьянс — і бачыш, што тут больш палітыкі, чым здаровага сэнсу. Бо нельга даводзіць да такога стану, замест таго каб проста разам навесьці парадак у арганізацыі. Я так лічу. Бо тое, што адбываецца, жахліва, дрэнна. Гэта калі, груба кажучы, пачынаюць выносіць і выварочваць пры людзях старую бялізну. Вось нешта падобнае да ўсёй цяперашняй сытуацыі».

Ёзаф Блатэр сьвяткуе сваё пераабраньне

Ёзаф Блатэр сьвяткуе сваё пераабраньне

Галасаваньне за прэзыдэнта ФІФА прадэманстравала, што адзінства няма нават сярод эўрапейцаў. Апатэозам раздробленасьці стала тое, што, паводле дасьведчаных крыніцаў, Блатэра падтрымала нават футбольная фэдэрацыя Францыі, якая фактычна праігнаравала земляка Плаціні. У ліку іншых прыхільнікаў швайцарца — Расея, Гішпанія, Турэччына, Кіпр, усяго паўтара дзясятка (ці нават больш) эўрапейскіх фэдэрацыяў. Як лічыць Людас Румбуціс, такая карціна цалкам вытлумачальная:

«Ды немагчыма, каб усё вырашалася аднагалосна, каб усе трубілі ў адну дуду. Паглядзіце, што адбывалася ў кулюарах? 53 краіны ў эўрапейскай асацыяцыі, проста фізычна немагчыма з усімі дамовіцца. Гэта выглядае так, што Блатэр павінен на корані абрэзаць усім эўрапейскім фэдэрацыям фінансаваньне, якое ішло да гэтага часу, вось тады пэўна ўсе прагаласуюць супраць. А пакуль паступае фінансаваньне, кожны вольны рабіць тое, што лічыць патрэбным. Тое, што мы цяпер бачым, гэта толькі невялічкая вяршыня айсбэргу. Як усё будзе складацца далей — зразумеем хіба што праз год-два».

Пэрспэктывы тандэму: разброд і хістаньні

У любым выпадку, як кажа Людас Румбуціс, магчымая сувэрэнізацыя УЭФА не дадасьць аўтарытэту і папулярнасьці ўсясьветнаму футболу:

«УЭФА можа існаваць асобна, але ў прынцыпе гэта будзе няправільна. Нават паглядзіце, як адбываецца ў хакеі, у НХЛ — яны ставяць чэмпіянат лігі вышэй за чэмпіянат сьвету. Каманды, якія ў плэй-оф разыгрываюць Кубак Стэнлі, ня едуць у зборную, а гуляюць далей. Але ўсё роўна яны супрацоўнічаюць зь Міжнароднай фэдэрацыяй хакею. Так і ў нашым выпадку: калі УЭФА і ФІФА разыдуцца, гэта будзе непаўнавартаснае чэмпіёнства і Эўропы, і сьвету, і кантынэнтальных кубкаў. Футбол шмат страціць, вельмі шмат».

Напярэдадні Англія заклікала краіны-сябры УЭФА байкатаваць чэмпіянат сьвету-2018 у Расеі. Нарвэгія ўздымае пытаньне правядзеньня альтэрнатыўнага ўсясьветнага першынства. Як мяркуе Людас Румбуціс, такога кшталту прапановы ня будуць мець плёну, пакуль 100-працэнтна ня будуць даказаныя факты злоўжываньняў пад дахам ФІФА:

«Так, Англія заклікае байкатаваць чэмпіянат сьвету ў Расеі, а гішпанцы — за, нічога супраць Блатэра ня маюць. Будзе разброд і хістаньне, пакуль не супакояцца жарсьці. Самае галоўнае, што Плаціні і ягоныя прыхільнікі — гэта адно. Але вось спонсары дзе, якія б сказалі: ФІФА патрэбны парадак, інакш ня будзе фінансаваньня? Бо ўжо бачна, што там ня ўсё гладка: адзін высокапастаўлены чыноўнік сышоў, другі сыходзіць. Відавочна, ёсьць пытаньні, гэта ж ня з пальца высмактана, што пад дахам ФІФА адбываюцца нейкія цёмныя, нядобрыя справы ў фінансавым пляне. Спадзяюся, што ўсё ж разьбяруцца. І калі амэрыканскае правасудзьдзе, якое ўсё гэта наверх і ўзьняло, працягне справу надалей, будзе зразумела, што там ёсьць праблемы. А калі ў выніку ўсё супакоіцца — значыць, камусьці гэта было патрэбна пад выбары. А не прайшло — што называецца, і ня трэба».

ФІФА аб’ядноўвае 209 нацыянальных футбольных асацыяцыяў, чвэрць ад гэтай колькасьці прыпадае на эўрапейскі кантынэнт — 53.

XS
SM
MD
LG