Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт Navi перамог у конкурсе «Засьпявай 2.0» зь песьняй дзяцінства


Гурт Navi

Гурт Navi

Свабода пагутарыла з Арцёмам Лук’яненкам і Ксеніяй Жук, удзельнікамі гурту Navi, які перамог у конкурсе маладых беларускамоўных выканаўцаў «Засьпявай 2.0».

Гурт Navi атрымаў Гран-пры конкурсу «Засьпявай 2.0» зь песьнямі «Жар-птушка» ансамбля «Сябры» і ўласнай «Плакалі вятры» на словы Паўлюка Труса і музыку Арцёма Лук’яненкі.

Спаміж паўсотні ўдзельнікаў конкурсу «Засьпявай 2.0» журы зь вядомых беларускіх музыкаў, паэтаў і журналістаў (Адам Глобус, Ігар Варашкевіч, Алег Хаменка, Валер Дайнека, Максім Жбанкоў і іншыя) абрала пераможцу і ганаровых ляўрэатаў.

Гурт Navi ўзяў гран-пры ў абедзьвюх намінацыях: «Сьпеўная паэзія» зь песьняй «Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса і музыку Арцёма Лук’яненкі ды «Кавэр» з «Жар-птушкай» ансамбля «Сябры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка).

Усе песьні фіналістаў конкурсу на Soundcloud:

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Хоць у дыскаграфіі Navi ўжо два альбомы, у размове са Свабодай Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук назвалі сябе маладым гуртом. Дуэт на сцэне з 2014 году:

«Мы яшчэ дастаткова малады гурт,— кажа Арцём. — Мы вырашылі паўдзельнічаць. Па-першае, таму, што цудоўная ўзнагарода за перамогу [500 эўра. — Свабода]. Ня так даўно мы здымалі кліп, хоць і досыць бюджэтны, і вырашылі, што гэта будзе добрая дапамога — паспрабаваць перамагчы ў гэтым конкурсе. Да таго ж гэта цудоўная падстава для стварэньня новай кампазыцыі на беларускай мове. Чаму б і не?»

Узнагароджваньне ляўрэатаў конкурсу адбудзецца 28 верасьня ў кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасьці, 37а, пачатак а 18-й гадзіне, уваход вольны). Гурт Navi выступіць там з канцэртам.

Песьню «Плакалі ветры» ў запісе з Алегам Хаменкам выкладуць пасьля канцэрту на сайце Tuzin.fm.

Удзел гурту ў намінацыі «Кавэр» зь песьняй «Жар-птушка» — ініцыятыва Ксеніі Жук. Гэтая песьня для яе важная зь дзяцінства:

«Мае бацькі ўдзельнічалі ў беларускім народным тэатры „Жывое слова“, — распавядае Ксенія Свабодзе. — Я памятаю, калі я яшчэ была зусім маленькая, хадзіла на ўсе іх спэктаклі, і пасьля спэктакляў мы заўсёды заставаліся на такі стол, сьпявалі розныя песьні. Гэтую песьню я пачула ўпершыню там, мне было 5 ці 6 гадоў. І я памятаю гэта па сёньняшні дзень і сьпяваю гэтую песьню са сваімі вучнямі, зь якімі займаюся вакалам».

На конкурсе «Засьпявай 2.0» адзначылі і іншых выканаўцаў. Ляўрэатамі сталі Марына Вярэніч зь песьняй «Чаму мы стрэліся няўчас» і Яўген Цярэнцьеў (гурт Teleport) зь песьняй «Зачараваная».

Журы таксама адзначыла ўкраінскі гурт «Колір» за песьню «Застацца сабой» на верш Андрэя Аляксандрава, сьпявачку Pauline — за песьню «Малітва» на верш Янкі Купалы і сьпявачку К3tyvana — за песьню «Skyfall» брытанкі Аdele у перакладзе на беларускую мову.

XS
SM
MD
LG