Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прайшоў амаль тыдзень пасьля менскага саміту. І сёньня ўжо відавочна, што падпісаныя пагадненьні пакуль не выконваюцца. Галоўнай стрэмкай стала сытуацыя вакол Дэбальцава. Там ідуць жорсткія баі, сэпаратысты працягваюць наступ, украінскія вайскоўцы пакідаюць горад, каб не апынуцца ў аблозе.

У гэтым сэнсе вельмі паказальная заява Пуціна, якая прагучала на прэсавай канфэрэнцыі ў Вугоршчыне. Расейскі кіраўнік сказаў: «Трэба скончыць праблему, зьвязаную з акружанай групоўкай». Такім чынам, ён прызнаў, па-першае, што сэпаратысты не выконваюць падпісаныя ў Менску пагадненьні. Па-другое, гэта робіцца са згоды і пры падтрымцы РФ.

Нават калі Дэбальцаўскі выступ зьліквідуецца, то, хутчэй за ўсё, поўнага замірэньня ня будзе. Абодва бакі ўсё роўна працягнуць страляць. І безь міжнародных міратворчых сілаў і прымусовага разьвядзеньня бакоў спыніць агонь ня ўдасца.

Хто больш зацікаўлены ў такой сытуацыі — ні міру, ні вайны? Думаю, мір больш патрэбен Украіне. І ня толькі з прычыны яе жахлівага эканамічнага стану. Украінскае войска ня вытрымала наступу расейцаў, ДНР і ЛНР, які пачаўся 24 студзеня, яно адступіла, страціла значную тэрыторыю. Толькі чвэрць украінцаў падтрымлівае ваеннае вырашэньне праблемы на ўсходзе дзяржавы. Паміраць за Данбас большасьць ня хоча. Мабілізацыя ваеннаабавязаных прайшла, скажам мякка, без энтузіязму.

Зь іншага боку, ва ўмовах міру ДНР і ЛНР перастаюць быць інструмэнтам дэстабілізацыі Ўкраіны з боку Расеі. Трымаць Кіеў на павадку Масква можа толькі ў сытуацыі вайны. Ва ўмовах жа замарожанага канфлікту, калі ДНР і ЛНР будуць аддзеленыя, адгароджаныя ад Украіны, перастануць перасякацца зь ёю, стануць жыць паралельна, — уплываць на Ўкраіну будзе цяжка. Але калі гэтыя самаабвешчаныя рэспублікі перастаюць быць сродкам дэстабілізацыі Ўкраіны, то ў такім выпадку навошта яны патрэбныя Расеі? Больш за тое, яны ператворацца для Масквы ў праблему, бо РФ трэба браць на ўтрыманьне 1,5–2 млн жыхароў гэтага рэгіёну.

Тактыка Крамля ў гэтым супрацьстаяньні нэрваў палягае ў тым, каб узяць Украіну на змор. Заходнія санкцыі супраць Расеі ўжо даюць пэўны эфэкт. Экспэрты прагназуюць, што калі ўсясьветныя цэны на нафту застануцца на цяперашнім узроўні, то патрэбна два гады, каб сацыяльна-эканамічны крызіс у РФ набыў крытычныя маштабы. Дык вось, у Крамлі лічаць, што рэсурс выжываньня Ўкраіны значна меншы. Яшчэ некалькі месяцаў вайны — і ўкраінскі народ ня вытрымае, выйдзе на трэці Майдан, і ў такім выпадку Кіеў папросіць капітуляцыі. То бок Масква падымае стаўкі і прапануе гульню пад назвай «Хто лясьнецца першы». Яна разьлічвае на перамогу.

Тым часам Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Сумам Чакрабарці заявіў, што гатовы «годна спыніць» баявыя дзеяньні ў раёне Дэбальцава. Каб падтрымліваць вобраз міратворца, трэба пэрыядычна нагадваць пра сябе. У міратворчае вогнішча трэба ўвесь час падкідаць дровы, каб не пагасла.

З самага пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту беларускі лідэр усялякім чынам камэнтаваў сытуацыю вакол гэтага крызісу, спрабуючы прыцягнуць увагу да сваёй пэрсоны

З самага пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту беларускі лідэр усялякім чынам камэнтаваў сытуацыю вакол гэтага крызісу, спрабуючы прыцягнуць увагу да сваёй пэрсоны. Памятаеце, як мінулым годам ён некалькі разоў заяўляў, што ў нас ёсьць плян замірэньня, мы яго прапанавалі ўсім зацікаўленым краінам, Эўропе і Расеі, і па тым, як яны адрэагуюць, будзе бачна, ці хочуць яны насамрэч міру. Мае асабістыя спробы даведацца ад дыпляматаў ЭЗ, ці атрымалі яны такія прапановы, у чым сутнасьць гэтага пляну, нічым ня скончыліся. Бо ніхто нічога ня чуў, ня бачыў, не атрымліваў. Хутчэй за ўсё, гэта быў самапіяр.

Менскі саміт стаў для Лукашэнкі палітычным бэнэфісам. Такім шчасьлівым яго, мусіць, раней ня бачылі. Але чым далей, тым больш у сваім жаданьні быць у цэнтры міратворчых высілкаў, увогуле ў фокусе інфармацыйных плыняў у зьвязку з украінскім крызісам ён страчвае пачуцьцё меры, робіць заявы, якія выглядаюць няўклюднымі. У інтэрвію праграме «Цэнтральнае тэлебачаньне» расейскага тэлеканалу НТВ Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць сытуацыю ва Ўкраіне з Уладзімерам Пуціным і Пятром Парашэнкам у трохбаковым фармаце. «Мне заўсёды хацелася і цяпер яшчэ больш хочацца сказаць: хлопцы, давайце сядзем і на справе, вось мы ўтрох без усялякіх пасярэднікаў, дамовімся, як мы спынім гэтую вайну, калі мы хочам яе спыніць». Не даюць спакою ляўры Ангелы Мэркель і Франсуа Алянда.

І вось зноў. «Мы сёньня прапанавалі ўкраінскаму і іншаму боку, уцягнутаму ў гэты канфлікт, што праблему Дэбальцава можна вырашыць на працягу сутак, калі гэтага захочуць Украіна, Расея, ДНР і ЛНР», — адзначыў Лукашэнка. «Мы гатовыя ня проста быць пасярэднікам, а годна спыніць гэты канфлікт у раёне Дэбальцава і вывесьці ўсіх вайскоўцаў Украіны адтуль пад нашы гарантыі, што яны больш ніколі ваяваць ня будуць, — сказаў кіраўнік Беларусі. — І калі кагосьці напружвае зброя, якой валодаюць сёньня вайскоўцы Ўкраіны, акружаныя ў Дэбальцаве, мы гатовыя прыняць на тэрыторыі Беларусі гэтую зброю. Такім чынам, яна ніколі больш ня будзе ўдзельнічаць у ваенных дзеяньнях».

Гэтыя нечаканыя прапановы цяжка камэнтаваць з рацыянальнага гледзішча. Калі ж глядзець на гэта з гледзішча піяру, то ўсё становіцца на свае месцы. Але адчуваньне няёмкасьці застаецца ўсё роўна. Гаворка ўсё ж пра вайну.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG