Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губарэвіч: Мне неаднаразова паступалі прапановы вылучацца на прэзыдэнта


Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч тлумачыць, навошта патраціў столькі сілаў і сродкаў на выбарчую кампанію, заяўляе, што ўжо цяпер хапае фактаў, каб не прызнаваць гэтыя выбары.

У перадачы «Інтэрвію тыдня» — намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. Ён тлумачыць, навошта патраціў столькі сілаў і сродкаў на выбарчую кампанію, заяўляе, што ўжо цяпер хапае фактаў, каб не прызнаваць гэтыя выбары, а таксама адказвае на пытаньне, калі зьбіраецца стаць старшынём руху «За свабоду» і ці плянуе вылучацца на прэзыдэнта.

— Выбарчая кампанія заканчваецца, ужо можна рабіць нейкія папярэднія высновы. Чаго вы меркавалі дасягнуць сваім удзелам у гэтых парлямэнцкіх выбарах? Што паказаў ваш удзел у выбарчай кампаніі і кантакты з выбарцамі?

— Кожны раз, калі я бяру ўдзел у палітычных і выбарчых кампаніях, то як максымаліст я стаўлю задачу дасягнуць немагчымага. На гэтыя выбары задача-мінімум была — атрымаць прынамсі на адзін голас болей за найбліжэйшага канкурэнта, задача-максымум — дамагчыся ад выбарчых камісіяў прызнаньня гэтага факту ў выніковых пратаколах участковых камісіяў. Мы правялі добрую агітацыйную кампанію, дайшлі да большасьці выбарцаў. Цяпер маем моцную каманду назіральнікаў, якая фіксуе ўсё, што адбываецца на выбарчых участках. Праз тры дні будзем мець адказ на пытаньне, чаго ўдалося дасягнуць.

— Пасьля дзясяткаў пікетаў, кантактаў з выбарцамі (як у вашай акрузе ў Менску, так і ў рэгіёнах, куды вы даволі актыўна езьдзілі) — як вы ацэніце настроі грамадзтва? Якія настроі пераважаюць?

— Настроі выбарцаў мяняюцца кардынальна — яны ўжо ня вераць гэтай уладзе. Нават тыя, хто адразу не рэагуе на апазыцыйных кандыдатаў, праходзіць міма — пасьля таго як да іх зьвяртаесься і кажаш, што ты ад апазыцыі, з задавальненьнем бяруць і чытаюць тваю праграму.

Настроі выбарцаў мяняюцца кардынальна — яны ўжо ня вераць гэтай уладзе

Улада ня мае той падтрымкі, якую яна мела яшчэ пару гадоў таму. Але, як і раней, пануе вялікая апатыя. І яе можна разбурыць таксама і малымі перамогамі. Як прыклад магу назваць наш супольны з жыхарамі пікет па патрабаваньні капітальнага рамонту ў доме № 80 па праспэкце Незалежнасьці ў Менску, які мы правялі на самім праспэкце. Мясцовыя ўлады імгненна заўважылі, што жыхары выйшлі на вуліцы, ужо праз тыдзень пасьля мерапрыемства пачаліся першыя зрухі ў выкананьні гэтага патрабаваньня. Людзі бачаць, што салідарныя намаганьні даюць вынікі.

— Вы правялі гэтую кампанію вельмі актыўна і досыць крэатыўна. Асаблівыя ўлёткі ў выглядзе трохкутніка, некалькі пікетаў, у тым ліку з патрабаваньнем жыльцоў дома правесьці рамонт, перасоўны велапікет. Але вы не навічок у палітыцы, разумееце, якія вынікі будуць абвешчаныя ў дзень выбараў. Навошта тады ўся гэтая актыўнасьць, гэтыя траты?

— Мы гэта робім, каб людзі заўважылі альтэрнатыву і зразумелі, што яны не адны, хто не задаволены тым, што адбываецца. Што ёсьць апазыцыйныя палітыкі, якія не баяцца ўголас казаць пра праблемы, выступаць у абарону сваіх выбарцаў, маюць альтэрнатыўныя праграмы і гатовыя правесьці рэформы. Улада зацікаўленая ў захаваньні свайго манапольнага права на прыманьне рашэньняў. Мы спрабуем разбурыць гэтую манаполію.

— Мікола Статкевіч заклікае правесьці 12 верасьня, на наступны дзень пасьля галасаваньня, масавую акцыю пратэсту. Стаўленьне правацэнтрысцкай кааліцыі да гэтай ідэі для мяне пакуль незразумелае. Нібыта і не выступаеце супраць — але прапаноўваеце на 10 верасьня нейкую сваю акцыю. Чаму б усім пратэстным сілам ня выйсьці 12 верасьня на агульную масавую акцыю?

— Дзеля таго каб казаць людзям праўду пра выбары, не абавязкова чакаць 12 верасьня. Мы кожны дзень кампаніі пратэстуем супраць няроўных умоваў. Выкарыстоўваем любыя легальныя магчымасьці — пікеты, сустрэчы зь людзьмі, мітынгі. Бліжэйшая супольная акцыя правацэнтрыстаў — 10 верасьня, каля гатэля «Менск». Плянуем зьвярнуцца да людзей і перадаць супольную заяву ў ЦВК ад дэмакратычных кандыдатаў з патрабаваньнем правесьці ў Беларусі рэальныя свабодныя выбары.

— У гэтай кампаніі, як і ўвогуле апошні год, апазыцыйныя палітычныя структуры дзейнічаюць ва ўмовах пэўнай адноснай лібэралізацыі — пікеты не разганяюць, удзельнікаў не затрымліваюць, на футболе лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі. Але беларуская гістарычная заканамернасьць у тым, што нярэдка пасьля лібэралізацыі рэжым потым выяўляе сваю жорсткасьць. Усе мы добра памятаем 19 сьнежня 2010 году. Па-вашаму, ці можна чакаць, што гэтая заканамернасьць зноў праявіцца і пасьля адлігі можна будзе чакаць чарговага разгрому?

— Шмат залежыць ад таго, якія вынікі ўлада ўбачыць у скрынях. Ёй выгадна трымаць грамадзтва ў атмасфэры апатыі і страху. Ёсьць вялікі патэнцыял незадаволенасьці, які можа разбурыць сыстэму, калі пачнуць адчыняцца вакенцы. Натуральна, зьмены ва ўнутранай палітыцы пасьля выбараў залежаць ад таго, якую ацэнку ім паставіць міжнародная дэмакратычная супольнасьць. Калі вынікі такіх выбараў будуць прызнаныя — гэта сыгнал уладзе, што нічога мяняць ня трэба.

— Лідэр Эўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль нядаўна быў у Менску і даволі рэзка ацаніў ход правядзеньня выбараў, заявіўшы, што не зьбіраецца гуляць у гульні, якія прапануе афіцыйны Менск. Ці гэта асобнае меркаваньне аднаго з палітыкаў, ці гэта знак, што большасьць эўрапейскіх палітыкаў ацэньвае гэтыя выбары гэтаксама, як і беларуская апазыцыя?

— Ацэнкі спадара Доля цалкам слушныя. Як кіраўнік Народнай партыі ён грунтуецца перадусім на каштоўнасьцях, правах чалавека, на патрабаваньні свабодных і справядлівых выбараў. Вядома, на Захадзе ёсьць розныя палітыкі, часам перамагаюць і прагматычныя інтарэсы. Для іх дастаткова пэўнай стабільнасьці, адсутнасьці палітвязьняў і сурʼёзных рэпрэсіяў, каб пачаць свой бізнэс з рэжымам Лукашэнкі.

Дзеля таго каб казаць людзям праўду пра выбары, не абавязкова чакаць 12 верасьня

Тое, якія падыходы ў выніку перамогуць, — шмат у чым залежыць ад працы міжнародных назіральнікаў, а таксама ад вынікаў унутранай кампаніі назіраньня. Ужо на сёньня дастаткова фактаў, каб не прызнаць гэтыя выбары. Гэты тычыцца і фармаваньня выбарчых камісіяў, калі амаль ніхто з апазыцыі ў іх ня трапіў, гэта тычыцца і правядзеньня датэрміновага галасаваньня, калі людзей масавага заганяюць на выбарчыя ўчасткі, а камісіі завышаюць лічбы, якія абсалютна разыходзяцца з тым, што бачаць назіральнікі. На маю думку, ужо сёньня дастаткова сьведчаньняў і фактаў, каб не прызнаваць гэтыя выбары. Я спадзяюся, што каштоўнасны падыход пераможа.

— Вы ўжо нядаўна заявілі ў прэсе, што ў кастрычніку будзеце вылучацца на старшыню руху «За свабоду». Як вы ацэньваеце свае шанцы і ці атрымалі вы на гэта «бласлаўленьне» ад цяперашняга старшыні руху — Аляксандра Мілінкевіча?

— Аляксандар Мілінкевіч ужо ня раз заяўляў, што гатовы саступіць дарогу маладым. У адрозьненьне ад сёньняшняга кіраўніка дзяржавы, ён не трымаецца за сваё месца і лічыць, што зьмены ў кіраўніцтве арганізацыі могуць даць новы штуршок у нашай дзейнасьці. За апошнія гады да руху далучылася моцная хваля новых актывістаў, якія здольныя фармуляваць і вырашаць новыя задачы.

вылучэньне на прэзыдэнцкіх выбарах — гэта велізарная адказнасьць і праца

Адносна выбараў старшыні — думаю, што я не адзіны, хто мае патэнцыял пазмагацца за гэтую пасаду. Могуць быць і іншыя кандыдатуры, і я хачу перамагчы ў сумленнай барацьбе. Пасьля выбараў новага старшыні Аляксандар Мілінкевіч не адыдзе ад спраў арганізацыі. Будзе дапамагаць руху «За свабоду», выкарыстоўваючы ўвесь свой досьвед і аўтарытэт.

— Апошнім часам ваша палітычная карʼера знаходзіцца, як мне здаецца, на пэўным падʼёме, вы ўсё больш гучыце ў СМІ. У палітычных колах я чуў такія размовы, што вы ў пэрспэктыве маглі б балятавацца ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта. Можаце цяпер пацьвердзіць ці абвергнуць гэтыя зьвесткі?

— Мне неаднаразова паступалі падобныя прапановы — і я разглядаю такую магчымасьць у пэрспэктыве. Канечне, вылучэньне на прэзыдэнцкіх выбарах — гэта велізарная адказнасьць і праца. Бо, як паказалі падзеі 2010 і 2015 гадоў, недастаткова адных толькі амбіцыяў, каб сабраць подпісы і правесьці добрую і выніковую кампанію. Неабходна фармаваць каманду і будаваць моцную і шырокую кааліцыю. Ёсьць яшчэ чатыры гады, каб працаваць у гэтым кірунку.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG