Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб: Закон супраць зялёных чалавечкаў — найперш супраць Плошчы


Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб мяркуе, што новая рэдакцыя закону «Аб ваенным становішчы» ілюструе фобіі беларускіх уладаў ня толькі адносна «зялёных чалавечкаў»:

— Найперш варта адзначыць, што пазыцыі новага закону адлюстроўваць хваляваньні кіраўніцтва краіны падзеямі, якія адбываюцца ў нашых суседзяў, найперш ва Ўкраіне. Хоць адначасова супакойваюць насельніцтва завярэньнямі, што такое ў нас немагчыма. Але, на маю думку, нельга выключаць таго, што і ў нас адбудзецца Майдан, ці як па-беларуску — Плошча. Бо і нашы людзі могуць цярпець да нейкага крытычнага моманту, баяцца і цярпець, але калі такі момант надыходзіць, дык ужо нічога не баяцца і ніхто іх ня спыніць. А сёньняшнія падзеі ў Беларусі сьведчаць пра тое, што эканамічнае і сацыяльнае становішча людзей пагаршаюцца, прычым істотна. Заявы кіраўніцтва пра тое, што яны стрымаюць кошты, супярэчаць заявам пра тое, што яны не дапусьцяць спыненьня прадпрыемстваў. Бо немагчыма стрымаць кошты і даць усім працу, калі такая вялікая дэвальвацыя, як у нас — ужо фактычна 40%. Пры такой дэвальвацыі рост коштаў непазьбежны, а калі яго штучна спыняць, то стане вытворчасьць, стане бізнэс. У гэтых умовах, калі кошты растуць, а рэальныя заробкі людзей падаюць, я не выключаю сацыяльнага выбуху. І ўлады гэта бачаць, таму і падрыхтавалі новы закон аб ваенным становішчы, ў тым ліку прымяраюць на сябе сытуацыю ва Украіне, я маю на ўвазе Майдан.

— Ці вы выключаеце, што ў Беларусі могуць з’явіцца «зялёныя чалавечкі?

— Такія апасеньні таксама ёсьць. З аднаго боку наша кіраўніцтва кажа ў бок Расеі, што мы сябруем, вельмі любім расейцаў, але з другога боку яно баіцца і прымярае на сябе таксама і гэтых «зялёных чалавечкаў». І сапраўды такі сцэнар верагодны. Па-першае, калі Беларусь выкажа незадавальненьне інтэграцыйнымі падзеямі і заявіць пра арыентацыю на Захад, то можа атрымаць у адказ тое, што атрымала Ўкраіна. Ці сама Расея можа нейкія выгадныя для сябе падзеі справакаваць — варыянты розныя.

— Спадар Грыб, вы ў 1994 годзе падпісалі першую Канстытуцыю Беларусі. Як вы ставіцеся да таго, што ваеннае становішча так сур’ёзна абмяжоўвае палітычныя правы грамадзянаў?

— Калі прымалася Канстытуцыя 1994 году, мы не маглі зусім выключыць умовы, пры якіх уводзіцца ваеннае становішча. Мы гэта дапускалі, але такое рашэньня прэзыдэнта паводле той Канстытуцыі мусіў зацьвярджаць парлямэнт. Ня ведаю дакладна, ці засталося такое палажэньне ў новай рэдакцыі закону «Аб ваенным становішчы», але ў любым выпадку цяперашні Нацыянальны сход і Вярхоўны Савет тых часоў — розныя рэчы. Цяперашнія дэпутаты прымаюць без разважаньняў усё, што ім дасылаюць з Адміністрацыі прэзыдэнта, а там былі дыскусіі, былі спрэчкі, а ў выніку была самастойная пазыцыя. Збольшага закон аб ваенным становішчы ў той ці іншай форме ёсьць ва ўсіх краінах, але ў дэмакратычных краінах прадугледжаныя межы, рамкі, калі дэпутаты парлямэнту зацьвярджаюць пэўныя ўмовы, тэрміны, паўнамоцтвы. Што да сытуацыі ў цяперашняй Беларусі, гэтых абмежаваньняў і магчымасьцяў для кантролю я ня бачу, што мяне і непакоіць.

Андрэй Паротнікаў: Нас чакае паўночнакарэйскі ўзор

Апублікавана новая рэдакцыя закону «Аб ваенным становішчы», якая пачне дзейнічаць з 1 лютага. Упершыню ў законе дэтальна рэглямэнтуюцца і разьмяжоўваюцца паўнамоцтвы дзяржаўных органаў падчас ваеннага становішча. У прыватнасьці, Міністэрства інфармацыі атрымала права складаць пералік СМІ, выдавецтваў і распаўсюднікаў друкаваных выданьняў, якія могуць працягваць сваю дзейнасьць падчас ваеннага становішча.

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

Кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў зьвяртае ўвагу менавіта на абмежаваньні на распаўсюд інфармацыі:

«У Законе „Аб ваенным становішчы“ ёсьць вялікі блёк, што тычыцца распаўсюду інфармацыі, друкаванай, паліграфічнай прадукцыі: „узяць пад кантроль“, „умацаваць ахову“, „ануляваць“, прыпыніць дзейнасьць», «органы цэнзуры». У цэлым я б не сказаў, што там нешта істотна памянялася ў параўнаньні зь першапачатковым варыянтам. То бок той перакос менавіта ў частцы абмежаваньня распаўсюду інфармацыі застаўся.

На што варта зьвярнуць увагу ў сьвятле падзеяў з адключэньнем інтэрнэт-рэсурсаў у сьнежні — гэта ўвядзеньне нормы аб забароне на распаўсюд прадукцыі СМІ, у тым ліку і замежных, ня ўключаных у пералік Мінінфарму. То бок атрымліваецца, што, па сутнасьці, мела месца трэніроўка ў сьнежні тэхнічнай рэалізацыі вось гэтых норм па адключэньні ці абмежаваньні распаўсюду інфармацыі па інтэрнэце. Калі экстрапаліраваць гэта ў жорсткую крызісную сытуацыю, то можна сказаць, што калі сытуацыя будзе разьвівацца па горшым варыянце, нас чакае паўночнакарэйскі варыянт. То бок інтэрнэту ня будзе, будзе «інтранэт». Доступ у інтэрнэт будзе даступны толькі людзям надзейным, а для ўсіх астатніх будуць загружацца адцэнзураваныя артыкулы, матэрыялы. Гэта такое першае ўражаньне пасьля чытаньня.

То бок журналістам не пазайздросьціш — фактычна нормамі закону ўводзіцца забарона на прафэсію. Як інакш разглядаць прыпыненьне дзейнасьці СМІ? Гэта забарона на прафэсію, то бок пазасудовая забарона на прафэсію для журналістаў. Куды ж яны пойдуць працаваць, калі асноўную масу СМІ прыпыняць?

Казаць пра тое, што закон «Аб ваенным становішчы» нацэлены на выкананьне і гарантаваньне правоў чалавека, не выпадае. Асноўны ляйтматыў дакумэнта — што ёсьць правы важныя, а ёсьць правы менш важныя. То бок права на жыцьцё, права на жытло — яны важныя, а права на распаўсюд інфармацыі — яно менш важнае. Такім чынам, для гарантаваньня правоў першай катэгорыі могуць устанаўлівацца абмежаваньні другой катэгорыі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG