Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыб: Беларусь таксама можа стаць аб’ектам атак тэрарыстаў-фанатыкаў


Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

Генэрал-лейтэнант міліцыі ў запасе Мечыслаў Грыб пра захады супроць тэрарызму: патрэбныя антытэрарыстычныя трэнінгі ня толькі сілавікоў.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал-лейтэнант міліцыі ў запасе Мечыслаў Грыб мяркуе, што Беларусь таксама можа стаць аб’ектам атак тэрарыстаў-фанатыкаў.

— Ці магчымыя ў Беларусі тэрарыстычныя атакі кшталту парыскіх і як іх прадухіліць?

— Ускосна Беларусь ужо ўцягнутая ў гэтую барацьбу з тэрарызмам. Вось у Парыжы пацярпеў наш турыст, а раней у Эгіпце загінуў беларус разам зь іншымі пасажырамі расейскага аэробуса. Але тое былі ўскосныя наступствы, тэракты не былі скіраваныя непасрэдна на грамадзянаў Беларусі, і на тэрыторыі Беларусі гэткіх тэрактаў не было. Спадзяюся, і ня будзе.

Але ўсё ж небясьпека ёсьць, і яна стала нават большай. Па-першае, барацьба паміж ІДзІЛ і хрысьціянскім сьветам ператвараецца ў абмен узаемнымі ўсё больш магутнымі ўдарамі, хвалі ад якіх будуць усё большымі. Па-другое, межы не закрыеш, як бы ні хацелася. Тэрыторыя нашай краіны ўсё ж немалая, усё закрыць немагчыма, межы ёсьць як па зямлі, так і паветраныя, водныя. Нейкія дзірачкі, празь якія пры жаданьні можна пратачыцца, усё роўна застануцца. І мэтады ў тэрарыстаў бываюць розныя: у ЗША яны выкарысталі для сваіх атак самалёты, могуць што заўгодна прыдумаць новага. Дурняў зь іх рабіць ня трэба. У Эўропе пакуль яны часьцей разьлічваюць на шахідаў з бомбамі, прычым дэфіцыту ў шахідах у іх няма. І мужчын, і жанчын. То бок яны сапраўды могуць зьявіцца дзе заўгодна, а ўзяць пад ахову ўсе грамадзкія ўстановы краіны немагчыма. Таму, па вялікім рахунку, мы ўсе можам стаць аб’ектамі атакі, як у Парыжы. Стопрацэнтавай гарантыі няма.

— Якія, на вашу думку, месцы ў сыстэме бясьпекі краіны найбольш слабыя?

— Гэта агульнавядомыя месцы — там, дзе зьбіраюцца масава людзі. Найперш транспарт: цягнікі, аўтобусы, самалёты. Транспартныя вузлы: вакзалы, аэрапорты, стаянкі. І, нарэшце, месцы, дзе зьбіраецца шмат людзей зь іншых прычын: вялікія крамы, кінатэатры, канцэртныя залі, рэстараны і кафэ. То бок якраз тое, што мы бачым у Парыжы. Зусім абараніць іх немагчыма, калі не закрыць. Але людзі ўсё роўна будуць зьбірацца, ня ў тым, дык у іншым месцы.

— Як, на вашу думку, можна падвысіць ступень бясьпекі ў месцах масавага збору людзей?

— Па-першае, можна павысіць прафэсіяналізм супрацоўнікаў міліцыі і спэцслужбаў, больш зарыентаваць іх на антытэрарыстычную дзейнасьць. Але па ўсіх аб’ектах міліцыянтаў не паставіш, хай іх у нас у Беларусі і больш, чым дзе ў Эўропе на тысячу чалавек насельніцтва.

Калі немагчыма цалкам выключыць самі тэракты, дык магчыма навучыць людзей максымальна спраўляцца зь іх наступствамі

Параіў бы ісьці іншым шляхам: падрыхтаваць самаахову аб’ектаў. Кожную краму, канцэртную залю, кінатэатар і гэтак далей ахоўваюць прафэсійныя ахоўнікі, да таго ж там працуюць людзі, звычайныя супрацоўнікі. Вось зь імі трэба правесьці тэарэтычныя заняткі, навучыць іх паводзінам у выпадку тэрарыстычнай атакі, у тым ліку — як выводзіць людзей зь небясьпечнай зоны, як аказваць дапамогу пацярпелым. Калі немагчыма цалкам выключыць самі тэракты, дык магчыма навучыць людзей максымальна спраўляцца зь іх наступствамі.

Пасьля тэарэтычных заняткаў трэба правесьці практычныя, разыграць пэўныя тэмы, навучыць людзей дакладным прыёмам. Вось быццам простая рэч — аказаньне першай дапамогі параненаму, правядзеньне правільнага штучнага дыханьня, а спытайце мінакоў на вуліцы — большасьць ня ведаюць, як гэта рабіць. Між тым падтрымліваць жыцьцё параненага чалавека, правільна перавязаўшы яму раны, можна праз штучнае дыханьне больш за гадзіну, пакуль не прыедзе хуткая дапамога.

І такіх рэчаў, такіх карысных ведаў — шмат, іх трэба людзям даць, падрыхтаваць іх да розных сытуацыяў.

— Беларусь — саюзьнік Расеі, якая ўжо ваюе з «Ісламскай дзяржавай» у Сырыі, але «Ісламская дзяржава» пагражае тэрактамі і на тэрыторыі Расеі. Якія зьнешнепалітычныя крокі варта зрабіць Беларусі, каб таксама ня стаць аб’ектам гэткай атакі?

— Не, я ня думаю, што калі Беларусь ня будзе ваеннай саюзьніцай Расеі, дык рызыка для нас зьменшыцца. На любога ў Эўропе гэтаксама могуць напасьці. Вось у Францыю прыехала шмат тэрарыстаў з Бэльгіі. Прыехаць могуць адкуль заўгодна, адну мяжу закрыеш, прыедуць празь іншыя.

— Гучаць галасы, што Эўропа занадта лібэральнічала зь мігрантамі з Усходу — і вось вынік, што ня трэба больш пускаць, трэба закрыць межы. А як бы вы дзейнічалі: пускалі ці не пускалі?

— Не, я б пускаў, але вельмі-вельмі дэталёва ўсё правяраў, якія ёсьць прычыны для эміграцыі, чаму ўцёк, з кім зьвязаны. І потым не пакідаў бы справу без кантролю, калі чалавек жыве ў тваёй краіне. Трэба правяраць ня толькі на мяжы, бо на сто сумленных чалавек, якія шукаюць працы і прытулку, можа быць 1–2 тых, хто прыехаў з крымінальнымі мэтамі. І яшчэ вельмі важная рэч — трэба наладзіць сыстэму інтэграцыі мігранта ў жыцьцё краіны, бо калі ён застаецца чужынцам, дык чакаць можна чаго заўгодна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG