Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузаперавозчыкі гатовыя спаліць свае машыны ля Дому ўраду


Фуры на беларуска-расейскай мяжы

Фуры на беларуска-расейскай мяжы

Увёўшы без належнай падрыхтоўкі сыстэму BelToll, улады «кінулі» прыватных грузаперавозчыкаў на дзясяткі тысяч эўра. Пад пагрозай банкруцтва тыя заплянавалі на 4 лютага акцыю пратэсту ля Дому ўраду.

Беларускія грузаперавозчыкі абвінавачваюць улады ў спробе зьнішчыць недзяржаўны сэктар міжнародных транспартных паслугаў і ў адмове правесьці абяцаную ім амністыю па штрафах за карыстаньне платнымі дарогамі BelToll.

Для невялікіх арганізацыяў і прадпрымальнікаў фактычна запушчаная працэдура банкруцтва, на вуліцы рызыкуюць апынуцца тысячы людзей. На раніцу 4 лютага ля Дому ўраду прызначаны збор падманутых перавозчыкаў.

Арганізатарам кампаніі супраць самаўпраўства ўлады стаў кіраўнік менскай транспартнай фірмы міжнародных перавозак Сяргей Штода.

У 2013 годзе ў Беларусі стварылі сыстэму платных дарог, але непасрэдных карыстальнікаў увесьці ў курс справы забыліся — не было ні адпаведнай працы з перавозчыкамі, ні маштабнай інфармацыйнай кампаніі. У выніку блізу 5 тысяч юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў мусілі сплачваць вялізныя штрафы за карыстаньне сыстэмай BelToll, «неадпаведнае інструкцыям», — кажа спадар Штода.

Яшчэ на этапе рэалізацыі праекту Міністэрства транспарту прапанавала аўстрыйскаму інвэстару пачаць паралельна выкарыстоўваць платныя дарогі ў тэставым рэжыме. Перавозчыкаў абавязалі «ўзброіцца» бартавымі прыстасаваньнямі, не патлумачыўшы, як імі карыстацца, дзе папаўняць рахункі і г.д. У выніку тысячы машын выходзілі на маршруты, а гаспадары нават не падазравалі, што нешта парушаюць. Толькі пачаўшы атрымліваць штрафы, грузаперавозчыкі напружыліся і прапанавалі профільным ведамствам амніставаць спагнаньні прынамсі за тэставы пэрыяд. Аднак чыноўнікі, паабяцаўшы падумаць, у выніку ісьці насустрач адмовіліся.

Дык у чым праблема: у чалавечым фактары ці ў тэхнічнай недасканаласьці праекту? Меркаваньне выказвае Сяргей Штода:

«Справа ня ў тым, дасканалая ці не дасканалая сыстэма. Ня выключана, што ўлады зрабілі гэта наўмысна, не апавясьціўшы як мае быць грузаперавозчыкаў і фірмы. Так, была нейкая інфармацыя, быў бягучы радок у навінах, але як працуе сыстэма, з чым яе, як кажуць, ядуць — гэтага нікому не патлумачылі. У выніку за тры першыя месяцы эксплюатацыі платных дарог беларускія перавозчыкі „папалі“ на вялізныя штрафы, ажно да 100 тысяч эўра. У кагосьці 10 тысяч, у кагосьці 50 тысяч, а ў некага і 100 тысяч. Да мяне прыходзіла кіраўніца фірмы, у якой на руках 179 актаў, адзін у адзін аднолькавых. Кожны — па 260 эўра, агулам — на 50 тысяч эўра. Ну дзе чалавеку столькі ўзяць?.. На жаль, апошняя сьвежая інфармацыя такая: Міністэрства фінансаў усе прапановы, якія распрацоўваліся на прадмет ужываньня амністыі ці абнуленьня часткі выстаўленых штрафаў, ня тое што адпраўленыя на дапрацоўку, а цалкам замарожаныя. То бок — усё, стоп, у Мінфіне паставілі кропку».

Сам Сяргей Штода за тры экспэрымэнтальныя месяцы «ўляцеў» на штраф у 80 тысяч эўра. Практычна ва ўсіх выпадках парушэньне зьвязанае зь няправільным выкарыстаньнем бартавога прыстасаваньня, якое фіксуе перасоўваньні па платных дарогах. У выпадку штрафу часта ўжываецца так званы мэтад прымусовага сьпісаньня сродкаў, калі грошы здымаюцца з рахункаў нават без папярэдняга паведамленьня гаспадарам. Пры такім раскладзе, кажа суразмоўца, спагнаньні прывядуць да масавага банкруцтва беларускіх грузаперавозчыкаў.

Гарадзенскі пункт аплаты дарог, архіўнае фота

Гарадзенскі пункт аплаты дарог, архіўнае фота

«Зь Мінфіну паступіў загад у транспартную інспэкцыю, каб тыя тэрмінова спаганялі сродкі. У сваю чаргу, цяпер інспэкцыя блякуе разьліковыя рахункі і прымусова здымае шалёныя грошы. Праўда, у бальшыні народу няма ня толькі такіх грошай, а нават дзясятай часткі таго, што ім выстаўляюць — людзі ня ў стане плаціць такія неадэкватныя сумы. Практычна з усёй Беларусі тэлефануюць прадпрымальнікі, ня ведаюць, што ім рабіць, куды ісьці, да каго грукацца. Мы з такой пастаноўкай пытаньня катэгарычна ня згодныя, таму што для многіх кампаніяў, для многіх арганізацыяў гэтая сытуацыя проста забойчая, давядзецца абвяшчаць банкруцтва. Таму ідзём на радыкальныя крокі, будзем прасіць зацікаўленыя ведамствы разабрацца, самім стаць на месца нашых грузаперавозчыкаў. Дарэчы, усе чыноўнікі, з кім я размаўляў, разумеюць, што гэта абсурд, што гэта маразм, але паказваюць пальцам наверх — маўляў, нічога ня можам, мэханізм запушчаны. Дык а хто можа? Пакажыце пальцам на таго чалавека! Лукашэнка можа? Тады будзем прасіць яго. У любым выпадку трэба разьбірацца, трэба нешта вырашаць».

Усе чыноўнікі, з кім я размаўляў, разумеюць, што гэта абсурд, што гэта маразм, але паказваюць пальцам наверх — маўляў, нічога ня можам, мэханізм запушчаны

Адказныя за навацыю чыноўнікі часткова прызнаюць віну, заяўляючы: штрафы набраліся з-за таго, што транспартнікам «чыста па-чалавечы» не хапіла часу праінфармаваць зацікаўленыя бакі пра новыя правілы праезду па трасах рэспубліканскага значэньня. Але пры гэтым абнуляць спагнаньні не зьбіраюцца — маўляў, грошы пайшлі ў дзяржаўны бюджэт, а нешта адтуль вярнуць нерэальна.

Абураныя такім падыходам да праблемы, грузаперавозчыкі заплянавалі на 4 лютага акцыю пратэсту. Пакрыўджаныя прадпрымальнікі лічаць, што сыстэма платных дарог BelToll ці з-за сваёй недасканаласьці, ці з прычыны загадзя прадуманага сцэнару аказалася, з аднаго боку, нескладаным спосабам зьнішчыць дробных перавозчыкаў, а зь іншага боку — лёгкай крыніцай папаўненьня дзяржаўнага бюджэту.

Сяргей Штода кажа, што асабіста ён не зьбіраецца аплачваць незаслужаны штраф, і калі справа дойдзе да спробы канфіскаваць «прылады злачынства» — грузавыя аўтамабілі, ён першы спаліць іх перад вокнамі Дому ўраду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG