Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Афіцыйная прапаганда рэзка крытыкуе кандыдатаў у прэзыдэнты, якія задэкляравалі малыя сумы прыбыткаў альбо адсутнасьць такіх прыбыткаў увогуле. Маўляў, жабракам, якія ня могуць забясьпечыць ня тое што краіну, але нават уласную сям’ю, ня месца пры ўладзе. Між тым усе ранейшыя гады тая ж прапаганда стварала вобраз бяссрэбніка з Аляксандра Лукашэнкі — і грошы яго не цікавяць, і нерухомасьці за 15 гадоў не набыў. Паводле экспэртаў, зьмена танальнасьці ў азначэньні матэрыяльных прыярытэтаў накіраваная перадусім на фармаваньне новай грамадзкай думкі.

Афіцыйныя мэдыі, камэнтуючы апублікаваныя дэклярацыі, робяць акцэнт на тым, што ледзь не палова кандыдатаў на вышэйшую пасаду не дацягвае нават да ўзроўню сярэдняга заробку — мабыць, маюцца на ўвазе 400 «з хвосьцікам» даляраў, пра якія нядаўна адрапартаваў Нацыянальны статыстычны камітэт. А іншыя і ўвогуле падалі зьвесткі з нулём у графе «прыбыткі». Дык за што жывуць? Мабыць, хаваюць нелегальныя заробкі ад падаткавікоў?

Выснова адпаведная: калі людзі здольныя зарабляюць хіба што як грузчык на паўстаўкі, то як яны будуць стаяць на службе беларускага народу?

Адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты, Андрэй Саньнікаў, у сваёй дэклярацыі сапраўды пазначыў, што прыбыткаў за мінулы год ня меў. Але тлумачыць, што за гады працы, у тым ліку ў замежжы, дастаткова зарабіў, каб жыць бязьбедна. Эканаміст Віктар Цярэшчанка таксама ня схільны лічыць, што адсутнасьць мільённых прыбыткаў павінна пра нешта сьведчыць:

Віктар Цярэшчанка
«Па гадавым даходзе я пазначыў наступнае. У разьдзеле першым — прыбыткі, атрыманыя ў 2009 годзе — напісаў, што „не было“. Справа ў тым, што цягам мінулага году я займаўся навуковай дзейнасьцю, працай па напісаньні кнігі пад назвай „Жыцьцё. Улада. Палітыка“. Цяпер я выдаю другую рэдакцыю гэтай кнігі, яна будзе ў вельмі вялікім аб’ёме. А таксама рыхтую вучэбны дапаможнік, выданьне якога будзе ў гэтым і наступным годзе. Так што цягам году штатна я не працаваў».

Да неплатаздольных дзяржаўнымі прапагандыстамі таксама аднесеныя Яраслаў Раманчук, Мікола Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, чые прыбыткі ацэненыя як «мізэрныя». Зрэшты, да апошняга часу ня мог пахваліцца асаблівымі прыбыткамі і Аляксандар Лукашэнка. Але ўжо за мінулы год кіраўнік краіны зарабляў штомесяц прыблізна па 3 тысячы даляраў.

Ці ўплывае мэдыйная агітацыя на грамадзкую думку? Публіцыст, палітоляг Пётар Марцаў перакананы, што з гледзішча прапаганды стаўка зробленая дасканала — нішто так не цікавіць людзей, як кашалёк іншага:

Пётар Марцаў
«Калі пераказаць рэакцыю грамадзкай думкі, то лёгіка відавочная: людзі зарабляюць так мала, што ў гэта ніхто ня верыць. Значыць, кандыдаты хаваюць свае прыбыткі. А калі людзі ня могуць зарабляць, то наўрад ці яны змогуць кіраваць дзяржавай — яны ж ня могуць зарабіць грошы нават для сябе. Калі гэтыя інфармацыйныя пасылы трансьляваць на грамадзкую думку, то яны, у прынцыпе, эфэктыўныя. З гледзішча прапаганды шлях выбраны, безумоўна, правільны».

Карэспандэнт: «Яшчэ нядаўна актыўна культываваўся вобраз Лукашэнкі, які не імкнецца да вялікіх грошай. Зараз жа фонам ідзе менавіта тое, што Лукашэнка — самы фінансава незалежны з кандыдатаў, а таму і самы варты. То бок каштоўнасная рэтрансьляцыя палярна зьмянілася?»

«Тут няма ніякіх супярэчнасьцяў. Асноўнае ўзьдзеяньне на грамадзкую думку ідзе не ад таго, якая зарплата ў Лукашэнкі, бо яна, па вялікім рахунку, нікога асабліва не павінна цікавіць. Грамадзкую думку, з гледзішча прапаганды, павінна цікавіць, які заробак кандыдатаў у прэзыдэнты. І паколькі час ужо зусім іншы — бо ў тым жа 1994 годзе ўсе былі абсалютнымі жабракамі і ўспрыняцьце багатых людзей было папросту варожае — цяпер гэта мае істотнае значэньне».

Другім пасьля Лукашэнкі паводле ўзроўню заможнасьці стаў кандыдат у прэзыдэнты, кіраўнік саюзу «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч. Задэкляраваны ім гадавы прыбытак перавысіў 75 мільёнаў рублёў, што на 20 мільёнаў меней, чым у дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG