Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чацьвёртую гадавіну аварыі на атамнай станцыі «Фукусіма» ў Японіі, калі ўвесь сьвет згадвае пра трагічныя наступствы найбуйнейшай у ХХІ стагодзьдзі тэхнагеннай катастрофы, беларускія атамшчыкі вырашылі паведаміць пра посьпехі ў будаўніцтве першай у Беларусі АЭС у Астраўцы.

Як апавёў галоўны інжынэр прадпрыемства «Беларуская АЭС» Анатоль Бондар, будаўніцтва ідзе згодна з графікам генэральнага кантракту з расейскім падрадчыкам «Атомстройэкспорт». Паводле афіцыйных зьвестак, заплянаваны на 2014 год аб’ём выкананы цалкам. Паралельна камплектуецца штат АЭС, пры гэтым вядучыя пазыцыі будуць займаць расейскія спэцыялісты ў галіне атамнай энэргетыкі:

«Мясцовыя ўмовы заключаюцца ў тым, што мы ў Рэспубліцы Беларусь ня толькі будуем першую АЭС, але ствараецца ў цэлым галіна атамнай энэргетыкі. На гэтым этапе вельмі важна ўжо мець вопытны пэрсанал, таму ў нас ёсьць магчымасьць запрашаць замежных спэцыялістаў, якія маюць досьвед працы на такога кшталту станцыях як у Расеі, так і ў іншых краінах сьвету. Мы абазначылі ў сваёй штатнай схеме, скажам так, цэхавую структуру. Іншымі словамі, ужо маем пэрсанал у асноўных цэхах атамнай станцыі — рэактарны, турбінны, электрацэх, цэх цеплатактычных вымярэньняў, хімцэх і г.д. Больш за тое, на гэтым этапе, яшчэ задоўга да пуску, маем станцыйныя сыстэмы, на якіх ідзе эксплюатацыя абсталяваньня. Гэта так званыя аб’екты гаспадарча-пітной вады — акурат цяпер вядзецца мантаж водазабору зь Віліі для самаахаладжальнай сыстэмы вады для энэргаблёкаў і г.д.».

Андрэй Баркун (зьлева) і Анатоль Бондар

Андрэй Баркун (зьлева) і Анатоль Бондар

Першая беларуская АЭС у Астраўцы ўзводзіцца цалкам на расейскія грошы. Як уплывае на ход будаўніцтва востры фінансавы крызіс, які «накрыў» эканоміку Расеі? Ці ня скончацца выдзеленыя 10 мільярдаў даляраў яшчэ задоўга да меркаванага пуску? Намесьнік генэральнага дырэктара, начальнік упраўленьня капітальнага будаўніцтва прадпрыемства «Беларуская АЭС» Андрэй Баркун запэўнівае, што крэдытныя сродкі паступаюць у цьвёрдай валюце, таму дэвальвацыйныя працэсы гэтай часткі інвэстыцыяў ня тычацца. Чаго ня скажаш пра пастаўку абсталяваньня і аплату паслугаў:

«Фінансаваньне ў нас рытмічнае, з гэтым усё нармальна. Праблемы ў першую чаргу тычацца падрадчыка. То бок праблемы ня ў нас, у заказчыка, а ў „Атомстройэкспорта“. У той сытуацыі, якая склалася ў Расеі, ягоныя эканамічныя паказьнікі, дасягненьне заплянаваных лічбаў прыбытку, рэнтабэльнасьці, натуральна, вечкам накрыліся. І, каб ня выйсьці на страты, ён зьвярнуўся з просьбай — дапамажыце ўтрымацца на плыву. Мы цудоўна разумеем, што падрадчык манапольны, адзіны, і калі мы страцім яго, напэўна, нікому ад гэтага добра ня будзе. У першую чаргу неабходна разумець: калі мы разам вырашылі пабудаваць станцыю, справу трэба завяршыць. Патапіўшы эканамічна падрадчыка, мы яе, канечне, не збудуем.

У першую чаргу неабходна разумець: калі мы разам вырашылі пабудаваць станцыю, справу трэба завяршыць

Іншыя праблемы? Пастаўшчыкі, якія ўчора выйгралі тэндэры на пастаўку пэўнага абсталяваньня па адной цане, сёньня кажуць, што фізычна ня ў стане рабіць пастаўкі па гэтым кошце. Так, можна ўскласьці на іх адказнасьць, задзейнічаць эканамічныя рычагі, штрафы, абкласьці няўстойкамі. Пэўна, было б нават правільна. Але што за гэтым ідзе? Паўторнае правядзеньне выбару падрадчыка, паўторнае вызначэньне кошту, які, зразумела, ня будзе ніжэйшы за той, па якім заключаная дамова. І, само сабой, адсунуцца тэрміны пастаўкі. Трэба шукаць узаемапрымальныя і ўзаемавыгадныя рашэньні».

У беларускай АЭС нямала апанэнтаў ня толькі ў Беларусі. Грамадзкія актывісты па ўсім сьвеце папярэджваюць пра небясьпеку паўтарэньня «новага Чарнобылю», але беларускія ўлады ўхвалілі праект без шырокага грамадзкага абмеркаваньня. Шмат хто выказвае спадзяваньне, што ва ўмовах крызісу ў Расеі і нестабільнага фінансаваньня будоўлю на Астравецкай пляцоўцы згорнуць ці прынамсі адкладуць і ў пэрспэктыве пахаваюць.

Адзін з актывістаў антыядзернага руху, жыхар Астраўца Мікалай Уласевіч неаднаразова зьвяртаўся да чыноўнікаў з просьбай даць прававую ацэнку аб’екту, які выклікае надзвычай шмат пытаньняў. Аднак, кажа ён, усе адпіскі насілі фармальны характар і вострых пытаньняў з парадку дня не зьнялі:

Мікалай Уласевіч

Мікалай Уласевіч

«Зьвяртаючыся да генэральнага пракурора, я прасіў правесьці грунтоўную праверку паводле факту наяўнасьці і адсутнасьці эканамічнага абгрунтаваньня праекту і разьлікаў да яго, паколькі да сёньня ніводзін беларус такога дакумэнту ў адкрытым доступе ня бачыў. А ў значнай часткі грамадзтва ўвогуле ёсьць вялікі сумнеў адносна таго, што гэта насамрэч эканамічны праект. Ёсьць усе падставы лічыць, што гэта, найперш, праект палітычны зь вельмі сур’ёзным ваенным складнікам. Пра што нашы ўлады увогуле не заікаюцца. А гэты момант відавочны.

Апроч таго, з АЭС мы трапім у вечную залежнасьць ад Расеі. Але ў Маскве перасьледуюць ня толькі інтарэс яшчэ больш прывязаць да сябе Беларусь. Нават па цяперашніх часах там круцяцца вялікія грошы. „Росатом“ пасьля аварыі на „Фукусіме“ губляе заказы, яму трэба прасоўваць свае праекты хоць бы туды, дзе „усё схоплена“. Адпаведна, Астравецкая АЭС мае вельмі высокі карупцыйны складнік. Ясна, што гэтыя прафэсійныя жулікі будуць укладаць, ім пляваць на Нарачанска-Вілейскі край, рэкрэацыйную санаторна-курортную зону, ім пляваць увогуле на Беларусь. Але я зьвяртаю ўвагу: гэта зусім не лякальная праблема, гэта праблема нацыянальная, можа нават праблема глябальнага парадку. І тое, што мы цяпер гаворым пра гэта ў прыцэле крызісу, магчыма, дапаможа не дапусьціць ажыцьцяўленьня гэтага зла ў Беларусі».

Між тым, адзін з кіраўнікоў будучай АЭС Андрэй Баркун праціўнікам мірнага атаму раіць «лячыцца»:

«Так, ёсьць людзі, якія баяцца, я ня ведаю, ліфта, ровара, цешчы. У іх нейкая хвароба. Ну, калі хворы, значыць, трэба лячыцца. А калі гаварыць, што ў зьвязку з крызісам узьніклі праблемы зь фінансаваньнем будаўніцтва атамных станцыяў, то асабіста я пра гэта ня чуў, мяне гэта па працы ўвогуле ня тычыцца, разумееце? Падрадчык, калі мы апошні раз сустракаліся, кантактавалі, таксама ня скардзіўся, што ў іх там ёсьць нейкія невырашальныя праблемы ў Расеі. Наадварот, запэўнілі, што Новаваронескую АЭС пасьля трохразовага пераносу тэрмінаў дакладна пабудуюць. Растоўскую запусьцілі летась у сьнежні, сёньня ідзе энэргапуск. То бок я не валодаю такой інфармацыяй, каб у Расеі спынілася будаўніцтва АЭС. Што тычыцца нашай станцыі ў Астраўцы, то мы прыкладаем усе сумесныя намаганьні, каб працы не спыніліся. Прынамсі, пакуль няма звароту падрадчыка, што, маўляў, усё, дапрацаваўся да ручкі і заўтра ўжо працаваць не змагу. Усё нармальна».

Значная частка вузлоў і камплектуючых для беларускай АЭС вырабляецца ва Ўкраіне, у непасрэднай блізкасьці ад зоны канфлікту з прарасейскімі сэпаратыстамі.

Між тым, як кажа Андрэй Баркун, пакуль што пастаўкі ідуць у адпаведнасьці з графікам, украінскі бок вытрымлівае ўсе падпісаныя дамоўленасьці:

«Сапраўды, частка загатовак выраблялася і вырабляецца ва Ўкраіне. Калі больш канкрэтна, то ў Краматорску прадукуюцца загатоўкі корпусу рэактара, яны яшчэ ў мінулым годзе дастаўленыя ў расейскі Валгадонск для далейшага вырабу абсталяваньня. Таксама вырабляюцца „вяртушкі“ галоўных цыркуляцыйных помпаў, яны пастаўленыя ў Санкт-Пецярбург для далейшага мантажу. Яшчэ адзін блёк абсталяваньня, якое вырабляецца ва Ўкраіне, — гэта на Запароскім трансфарматарным заводзе, таксама ўсё нібыта згодна з плянам. Тэрмін пастаўкі: травень 2015-га — лістапад 2016-га. Апроч таго, у Сумах вырабляюцца помпы зьліву сэпаратара, вэнтылятарныя агрэгаты, кандэнсатарныя электрапомпы. І ў мяне няма зьвестак, каб гэтыя заводы плянавалі нам нешта сарваць ці зьбіраліся адмовіцца ад супрацоўніцтва».

Паводле афіцыйных зьвестак, летась на Астравецкай пляцоўцы працавалі 3500 чалавек, зь іх 2870 прадстаўлялі беларускія будаўнічыя арганізацыі, астатнія прыехалі зь іншых краінаў, перадусім з Украіны. Заплянаваная колькасьць на 2015 год — звыш 6000 чалавек.

XS
SM
MD
LG