Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль ня позна: Замест «газпрамаўскай» эстакады прапануюць зрабіць пешаходны мост, як у Эйндховэне


Падвесны мост у Эйндховене

Падвесны мост у Эйндховене

Ужо пабудаваныя аб’езныя дарогі на скрыжаваньні вуліцы Філімонава і праспэкта Незалежнасьці цалкам пасуюць для будоўлі падвеснага пешаходнага моста, лічаць экалягічныя актывісты і прапануюць альтэрнатыву будучай эстакадзе.

«Я прасіў, каб да лета гэтага году мы там ужо мелі гэтыя эстакады», — казаў Аляксандар Лукашэнка пра будучую разьвязку каля месца, дзе «Газпрам» мае будаваць свой офіс-хмарачос.

Але да будоўлі эстакадаў пакуль не прыступілі. Група экалягічных актывістаў прапануе скарыстаць затрымку ў будаўніцтве і, калі гэта яшчэ магчыма, перагледзець пляны наконт шматузроўневай разьвязкі на праспэкце Незалежнасьці.

Працы вядзе прадпрыемства «Гардарбуд». Па словах будаўнікоў, разьвязку скончаць у 2017 годзе.

На сайце razvyazka.net, які быў запушчаны на мінулым тыдні, прадстаўлены праект пешаходна-роварнага мосту, які мог бы замяніць эстакаду. За прыклад бярэцца мост, пабудаваны ў 2012 годзе каля галяндзкага Эйндховэна.

«Цяпер у Менску ёсьць магчымасьць пабудаваць нават лепшае рашэньне, — пішуць аўтары ідэі. — Паніжаючы аўтамабільнае перасячэньне ніжэй за ўзровень зямлі, мост будзе зручны для пешаходаў і раварыстаў, бо ім ня прыйдзецца высока падымацца. Менск можа пераўзысьці Эйндховэн і ўзяць тытул горада з найлепшым пешаходна-роварным аб’ектам».

Цяпер ідзе будаўніцтва разьвязкі ў такім выглядзе

Цяпер ідзе будаўніцтва разьвязкі ў такім выглядзе

Каб не псаваць Сьляпянскую водную сыстэму й праспэкт Незалежнасьці, экалягічныя актывісты прапануюць усталяваць на месцы разьвязкі менавіта падвесны мост.

«Калі быў прапанаваны варыянт разьвязкі, іншыя ідэі не былі агучаныя, — расказалі Радыё Свабода аўтары ідэі. — А вельмі многія людзі супраць эстакады на праспэкце. Таксама на той час ніхто ня ведаў, што такія масты існуюць».

Па іх словах, праведзеныя на сёньня працы для будаўніцтва эстакады цалкам пасуюць і для стварэньня на гэтым месцы круглага пешаходнага моста:

«Яны выкапалі вялікі катлаван, каб панізіць узровень дарогі. Гэта дазволіць не падымаць пешаходны мост на вялікую вышыню — так будзе зручней і для раварыстаў, і для пешаходаў».

Ініцыятары будаўніцтва падвеснага моста кажуць, што мост упрыгожыць парк каля Нацыянальнай бібліятэкі і зробіцца яшчэ адной турыстычнай атракцыяй Менску.

«Гэта прыгожа, экалягічна і прыцягвае турыстаў. Але галоўнае, што гэта яшчэ і таньней. Будаваць і абслугоўваць двухузроўневую разьвязку даражэй, чым мост».

На прадпрыемстве «Гардарбуд», якое будуе разьвязку, камэнтаваць альтэрнатыўны варыянт адмовіліся.

«Наша пазыцыя ня ў тым, каб нашу ідэю прынялі як адзіную, — кажуць эколягі. — Мы хочам, каб будаўніцтва прыпынілася і людзі разгледзелі ўсе варыянты. Пакуль гэта ня позна, усё яшчэ можна зьмяніць. Разьвязка патрэбная толькі „Газпрому“, а мост будзе служыць усім гараджанам і турыстам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG