Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тры гады пасьля Дажынак: «Прыбіральня ў кватэры — гэта раскоша»


Амаль тры гады таму ў Горках адбыўся фэстываль «Дажынкі-2012». Вялізныя сродкі пайшлі на падрыхтоўку райцэнтру да гэтага фэсту. Тут месьціцца вядомая сельгасакадэмія, у якой вучыўся Аляксандар Лукашэнка, і нямала жыхароў гораду спадзяваліся, што Дажынкі зьменяць іхнае жыцьцё.

Амфітэатар, зь якога кіраўнік дзяржавы адкрываў у 2012 годзе горацкія «Дажынкі», ад вуліцы Рытава — за паўкілямэтра. Тутэйшыя дамкі схаваныя бярэзьнікам.

«У нас у кожным двары прыбіральня. Ноччу ў гаршкі, калі малы ці стары. Тады выносім. А моладзь ходзіць і ноччу, і ўдзень во сюды, у сіненькі дамок», — распавядаюць мясцовыя.

Спадзяваліся, што пад Дажынкі ім правядуць каналізацыю і яны забудуць прыбіральню ў двары. Чаканьні ня спраўдзіліся. Прыбіральні ў кватэрах застаюцца тут раскошай.

Вуліца Рытава ў Горках. Звонку ўсё дагледжана і ўпарадкавана

Вуліца Рытава ў Горках. Звонку ўсё дагледжана і ўпарадкавана

На вуліцы Рытава ў двухпавярховых дамах з выгодамі ў двары расьце чацьвёртае пакаленьне жыхароў. Нядзельным ранкам некалькі мужчынаў капаюць траншэю пад каналізацыю. Пагутарыць з журналістам пра тутэйшае жыцьцё наважваюцца жанчыны. Згадваюць пра Дажынкі і пра тое, як спадзяваліся, што тыя дапамогуць пазбыцца бытавых нязручнасьцяў.

Дарога да прыбіральні. Да яе ад дому мэтраў дваццаць

Дарога да прыбіральні. Да яе ад дому мэтраў дваццаць

«Нас абрадавалі гады тры таму, на „Дажынкі“, што каналізацыю да нас павялі. Мы цешыліся з гэтага», — згадваюць дажынкаўскія часы суразмоўніцы.

«Праходзіць год, два, тры — ды нічога ніхто нам ня робіць. І нават дазволу тады не давалі, каб рабілі самі, — працягваюць жанчыны. — Казалі, што дамы адпачатку спраектаваныя без каналізацыі, дык яе і ня можа быць. Трэба высяляць людзей, рабіць перапляніроўку. Аднак такога дазволу мы дамагліся ад улады, і цяпер у каго ёсьць грошы, тыя вядуць каналізацыю самі».

У прыбіральні ў двары ўсё як мае быць

У прыбіральні ў двары ўсё як мае быць

Абсталяваць прыбіральню ў кватэры абыходзіцца ў добрую капейчыну. Больш заможныя жыльцы пазбавілі сябе клопату бегаць па патрэбе на двор ды хадзіць зь вёдрамі да калёнкі. Людзі больш сталага веку жывуць, як і бальшыня вяскоўцаў. Некаторыя зьбіраюць грошы і набываюць пакрысе неабходнае абсталяваньне.

Сюды зьліваюць адкіды гаспадыні. З гарлавіны сьмярдзіць — не стрываць

Сюды зьліваюць адкіды гаспадыні. З гарлавіны сьмярдзіць — не стрываць

«Тут у асноўным жывуць пэнсіянэры. У складчыну таньней было б, але гэта ў выпадку, калі б людзі змаглі адразу грошы даць. Калі ж во ў яе пэнсія паўтара мільёна, дык дзе ёй адразу тыя мільёны ўзяць? — выказваецца адна з суразмоўніц. — Тут у нас пэнсія два мільёны — самая вялікая. Мае суседзі рабілі, дык каб праз дарогу прабіць трубу, трэба заплаціць дзесяць мільёнаў. За дарогай каналізацыю невядома для каго праклалі».

Больш заможныя — з прыбіральняй. Каналізацыя і вада падведзеныя

Больш заможныя — з прыбіральняй. Каналізацыя і вада падведзеныя

«Я вось кальцо купіла, накрыўку для люка, троху труб прыкупіла. Цяпер лета буду зьбіраць на астатняе. Трэба ж і за праект заплаціць», — дадае жанчына сталага веку.

«Так ужо выйшла, што „Дажынкі“ да нас не дайшлі, — з жартам адзначаюць жанчыны. — Тут жа недалёка і Лукашэнка быў. Усё было недалёка, але да нас не дайшло. Што тут улада? Мяняецца яна раз на тры гады, а мо і раз на год. Добра, што хоць дазволіла самім падводзіць каналізацыю. Пішаш заяву — і празь месяц прыходзіш па дазвол. Нам, вядома, крыўдна. Мы спачатку пісалі, скардзіліся, а потым пачалі пакрысе самі ўсё рабіць. Мы тут пражылі з прыбіральняй у двары, дык няхай хоць дзеці нашы пажывуць зь ёй у доме. Робім для іх».

Вада, як і прыбіральня, у двары. Калёнка на два дамы

Вада, як і прыбіральня, у двары. Калёнка на два дамы

Жанчыны кажуць, што пад «Дажынкі» абяцалі і дамы ўцяпліць, і вокны паставіць, і разваліць старыя хлеўчукі.

«А на справе крыху падфарбавалі дамы — з тых бакоў, якія відаць з вуліцы. Тут во ўсё самі людзі раўняюць. Плітку паклалі, бо дажджы пойдуць, дык бяз ботаў ня пройдзеш», — распавядаюць яны.

Хлеўчукі жыхароў. Увайсьці рызыкоўна. Для жыхароў звыкла

Хлеўчукі жыхароў. Увайсьці рызыкоўна. Для жыхароў звыкла

«Просім столькі абсталяваць двор для гульні дзяцей. Пясочніцу паставіць — і тое праблема. Папрасіла прывезьці пяску, дык мне адказалі, што трэба глядзець праект, ці прадугледжвае ён наяўнасьць у двары пясочніц. У 1958 годзе — хто думаў тады пра пясочніцы?», — абураецца адна з жанчын.

Для дзятвы, не дачакаўшыся пясочніцы ад дзяржавы, жыхары зрабілі сваю

Для дзятвы, не дачакаўшыся пясочніцы ад дзяржавы, жыхары зрабілі сваю

«Карацей, наш раён забыты і Богам, і людзьмі. Мы як асобная рэспубліка», — абазваліся напрыканцы гутаркі мужчыны з траншэі, якую капаюць пад каналізацыю.

«У сярэднявеччы жывём, — дадалі жанчыны. — Хлеўчукі во-во заваляцца. Гаспадароў, якія іх узводзілі, даўно няма. Тут хутка каля кожнага акна будзе свая каналізацыя. Усё будзе ў люках. Нас жа яшчэ абавязваюць, каб упарадкавана было ўсё, як правядзём каналізацыю».

Адзін з дамоў умацавалі дадатковым фундамэнтам. Новы фундамэнт, паводле жыхароў, штогод усё далей ад сьцяны

Адзін з дамоў умацавалі дадатковым фундамэнтам. Новы фундамэнт, паводле жыхароў, штогод усё далей ад сьцяны

У горацкім прадпрыемстве «Камунальнік» на нараканьні жыхароў вуліцы Рытава, што падводзіць у іхнія кватэры каналізацыю надта дорага, адказалі так:

«Мы залежым ад бюджэтнага фінансаваньня, а цэны вызначаюцца праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй. Мы працуем у межах дзейнага заканадаўства, а тое, што сёньня дорага ці ня дорага — гэта залежыць не ад нас, а ад цэнаў, якія фармуюцца ў Беларусі. Калі мы зьменшым кошт працы, то вінаватыя людзі пойдуць з працы і будуць выплачваць самі розьніцу», — адказалі ў горацкім прадпрыемстве «Камунальнік» на нараканьні жыхароў вуліцы Рытава пра дарагоўлю падводкі ў іхнія кватэры каналізацыі.

У дамах жывуць пераважна пэнсіянэры. Для многіх радасьць — гароды

У дамах жывуць пераважна пэнсіянэры. Для многіх радасьць — гароды

На «Дажынкі» 2012 году было патрачана блізу 1 мільярда рублёў. Як заяўлялася, гэтыя сродкі пайшлі на рамонт, рэканструкцыю ды ўзьвядзеньне новых аб’ектаў у райцэнтры. Яшчэ доўга пасьля сканчэньня «Дажынак» даводзілі да ладу тое, што рамантавалі ды рэканструявалі ў аўральным рэжыме.

Будаўнічыя працы праводзіліся збольшага ў цэнтры Горак. Ускрайкі райцэнтру падрыхтоўка да Дажынак толькі закранула.

Са сцэны амфітэатру адкрыў Дажынкі ў 2012 годзе Аляксандар Лукашэнка. На дальнім пляне — бярэзьнік, за ім — вуліца Рытава

Са сцэны амфітэатру адкрыў Дажынкі ў 2012 годзе Аляксандар Лукашэнка. На дальнім пляне — бярэзьнік, за ім — вуліца Рытава

XS
SM
MD
LG