Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі, беларускі, гішпанскі, італьянскі, эстонскі, амэрыканскі ды іншыя падворкі ў Горадні


У Горадні распачаўся ХІ фэстываль нацыянальных культур. Ён праводзіцца раз на два гады з 1996-га. Хаця ўладамі пастаянна падкрэсьліваецца, што мірнае суіснаваньне прадстаўнікоў розных народаў — адна з важных адметнасьцяў Беларусі, Аляксандар Лукашэнка за дваццаць год ні разу не наведаў сьвята.

Фэстываль пачаўся з традыцыйнага шэсьця прадстаўнікоў дыяспар, якое пачынаецца на плошчы Леніна і заканчваецца на плошчы Савецкай. На Савецкай адбылося афіцыйнае адкрыцьцё. На сцэне выступіў ансамбаль «Бяседа». Дзеці на розных мовах абвясьцілі, што сьвята лічыцца адкрытым, а прадстаўнікам нацыянальных суполак уручылі вялікія караваі.

У гістарычнай забудове разьмясьціліся нацыянальныя падворкі. Напрыклад, польскі займае пляцоўку перад Новым замкам, а беларускі — каля былога тэатру каралеўскіх часоў у парку Жылібэра. Усяго на час фэстывалю 4-5 чэрвеня будуць працаваць 22 падворкі. Некалькі зь іх — многанацыянальныя. Напрыклад, адзін прызначаны для іспанцаў, італьянцаў, англічан, эстонцаў і амэрыканцаў.

Сёлета першы раз па ўсім цэнтры не стаялі брамкі для пропуску людзей, тэрыторыя не была разгароджанай на сэктары. Людзі адчуваліся сябе больш свабодна. Замест вялікіх груп у чорнай амапаўскай форме, сям-там стаялі па два міліцыянты ў параднай форме, у белых кашулях. Было абʼяўлена, што догляд людзей будзе ажыцьцяўляцца сёньня на Савецкай плошчы толькі з 18-й гадзіны, калі пачнецца вялікі канцэрт.

Сёньня апоўначы з нагоды дваццацігодзьдзя фэсту адбудзецца фаервэрк.

Глядзіце фотарэпартаж з фэстывалю

XS
SM
MD
LG