Лінкі ўнівэрсальнага доступу

90 гадоў таму Гомель вярнулі ў склад Беларусі


6 сьнежня 1926 году Гомель з шэрагам цяперашніх паўднёва-ўсходніх райцэнтраў вярнуўся ў склад Беларусі.

Гомельскі гісторык, намесьнік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў лічыць, што бальшавікі перасьледавалі прагматычныя палітычныя і прапагандысцкія мэты, а не кіраваліся інтарэсамі беларусаў:

«У 1919 годзе, калі ўжо было абвяшчэньне БНР і сталі асабліва настойлівымі прэтэнзіі Польшчы да Савецкай Расеі на аднаўленьне межаў да падзелу Рэчы Паспалітай, бальшавіцкія правадыры пакінулі БССР толькі 52,4 тысячы квадратных кілямэтраў тэрыторыі, на якой пражывала каля паўтара мільёна чалавек, хоць першапачаткова БССР усталёўвалася ў межах 300 тысяч квадратных кілямэтраў з насельніцтвам каля 10 мільёнаў.

Гомельская губэрня з часткай паўночных паветаў Чарнігаўшчыны была ўтворана ў складзе РСФСР. У сярэдзіне 20-х гадоў ужо не было значнай зьнешняй і ўнутранай пагрозы для бальшавіцкай улады, і можна было дэманстраваць, як у межах Савецкага Саюзу ідзе станаўленьне і ўмацаваньне нацыянальных рэспублік.

Апрача таго, у процівагу Заходняй Беларусі, аддадзенай Польшчы па выніках ганебнай для бальшавікоў Рыскай дамовы, праводзілася палітыка беларусізацыі — трэба было падкрэсьліваць разьвіцьцё беларускай нацыі ў межах савецкай рэспублікі.

Тэрытарыяльнае пытаньне пэрыядычна абмяркоўвалася на зьездах КП(б)Б, сэсіях ЦВК БССР. Было відавочна, што разьвіцьцё краю немагчымае без гістарычнай, эканамічнай і этнаграфічнай агульнасьці тэрыторыяў. І Гомельская губэрня празь сем гадоў была вернута ў склад Беларусі. Але сьледам пачалося вынішчэньне нацыянальнай эліты, у тым ліку і кіраўнікоў, якія ўзьнімалі тэрытарыяльнае пытаньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG