Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны-222: Горадня. Рынак даў незалежнасьць, а гэта самае дарагое


Гарадзенская прадпрымальніца Ларыса Пронь

Гарадзенская прадпрымальніца Ларыса Пронь

Пасьля больш як двух дзясяткаў гадоў працы гарадзенская прадпрымальніца Ларыса Пронь атрымала ад дзяржавы пэнсію ў адзін мільён 632 тысячы рублёў. Бізнэс яе ўжо ня корміць.

Спадарыня Пронь кажа, што яе жыцьцёвая гісторыя падобная да досьведу іншых жанчын, якія займаліся прадпрымальніцтвам. І пагадзілася распавесьці. Як і большасьць сваіх сябровак, за савецкім часам скончыла інстытут, працавала інжынэрам. На пачатку 1990-х арганізацыя, у якой яна працавала, папросту зьнікла, развалілася. Давялося шукаць працу:

«Паехала ў Польшчу, завезла, як усе тады вазілі, тэлевізар, млынкі да кавы, нешта яшчэ, а там купіла тавар — і пачала гандляваць. У той час ніхто не цікавіўся, не пытаўся, чым я накармлю сваіх дзяцей, а тут сама пачала зарабляць грошы. Вядома, ня вельмі было прыемна стаяць на рынку, бо, працуючы інжынэрам, мела свой асобны кабінэт, тэлефон, да мяне зьвярталіся на „вы“ і па бацьку. А тут кожны мог нават аблаяць толькі за тое, што памер сукенкі ці швэдра яму не пасаваў. Я, канечне, саромелася, калі сустракала знаёмых, але ведала, што за маімі плячыма галодныя дзеці, старая маці, і я мусіла гэта рабіць. Я не пра такую прафэсію марыла, але што тыя мары, яны нікога не цікавяць».

Пачатак фінансавай незалежнасьці

Потым па тавар пачала езьдзіць і ў Маскву, і ў Піцер. Часам здавалася, што «кішкі надарвуцца». Але побач былі такія самыя жанчыны, якія, нягледзячы на складанасьці, цягнулі на сабе нечалавечыя цяжары. Спадарыня Ларыса кажа, што тады нават ня думалі, якія праблемы празь некалькі гадоў пачнуцца са здароўем, колькі трэба будзе грошай, каб хоць як яго паправіць:

«Але тады мы самі сабе аплочвалі санаторыі, плацілі лекарам, езьдзілі на адпачынак, куплялі дзецям пуцёўкі ў лягеры адпачынку. Мы плацілі падаткі і ні ад кога не залежалі. Нашы дзяўчаты працавалі суткамі, але маглі тады зрабіць сабе манікюр і пэдыкюр, рабілі прыгожыя фрызуры, сучасна апраналіся. Мы плацілі за ўсё, плацілі такія вялікія грошы, што цяпер нават страшна ўзгадваць. Шмат працавалі, але і зараблялі, плацілі велізарныя падаткі».

Карэспандэнт: «Якія гэта былі сумы, калі казаць пра падатак?»

«Памятаю, за адзін квартал я заплаціла паўтары тысячы даляраў у рублёвым эквіваленце.

Тады ўсё вялося даволі адкрыта, з бухгальтэрыяй, накладнымі, налічэньнямі. Мы ўсе тады нядрэнна зараблялі, і мне здавалася, што я знайшла сваю нішу, буду жыць так да сьмерці».

З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі шмат што ў краіне пачало зьмяняцца — у тым ліку стаўленьне да прадпрымальнікаў і рэчавых рынкаў увогуле:

«Нас Лукашэнка назваў „вашывымі блохамі“, але ў нас быў добры прафсаюз, мы выходзілі па некалькі тысяч на плошчу ў Горадні, у нас быў лідэр — Валеры Леванеўскі, якога ўлады пасадзілі ў турму. Мы былі сілай і адчувалі гэта. Але хутка гэтую сілу раздрабілі, людзей запалохалі, актыўныя людзі страцілі свой бізнэс. Тым ня менш рынак яшчэ жыў, жылі і мы, але з кожным годам усё горш і горш: пачалі расьці падаткі, розныя сплаты, усё часьцей узьнікалі крызісныя сытуацыі, і пакупніцкая здольнасьць урэшце апусьцілася амаль да нуля».

Мэта дзяржавы: не дапамагчы, а «раскулачыць»

Карэспандэнт: «І што ў выніку больш як 20-гадовай працы атрымалі, з чым засталіся?»

«Пасьля ўсіх апошніх указаў я сяджу ў нашым шэрагу практычна адна — гандлюю сукенкамі беларускай вытворчасьці, маю сэртыфікат, але ніхто гэтага тавару не купляе, пакупнікоў на рынку няма. А мая пэнсія складае 1 мільён 632 тысячы, і гэта больш як за 20 гадоў працы. Уявіце: я падаткі плаціла за квартал у лепшыя часы да паўтары тысячы даляраў.

А калі мне налічвалі пэнсію, то патлумачылі, што ў Беларусі першыя 12 гадоў не існавала пэнсійнага страхаваньня, і таму гэтыя гады мне ў пэнсію ня ўлічаныя.

Выходзіць, што падаткі я плаціла для нейкага дзядзькі».

Карэспандэнт: «Але вы далёка не адна ў такой сытуацыі...»

«Па суседзтве са мной гандлявала сям’я польскімі сукенкамі, але ад 1 студзеня яны наагул не выходзяць на рынак. А ў іх двое дзетак. Муж уладкаваўся на будоўлю, але на зіму фірма прыпыніла працу. Нават не магу ўявіць, чым яны цяпер кормяць дзяцей, бо даходу ня маюць ніякага... Такое адчуваньне, што жыцьцё скончылася. Дзякуй богу, што сама яшчэ здолела паставіць дзяцей на ногі. Цяпер жыву адна ў трохпакаёвай кватэры і за апошні месяц за камуналку заплаціла больш за мільён, 500 тысяч засталося на харчы да наступнае пэнсіі. Нам ніколі ніхто не дапамагаў, і дзяржава на нас ніколі не зьвяртала ўвагі — адно хіба каб забраць апошняе, але не дапамагчы ў крызісны час. Канечне, можна перастаць мыцца ў хаце — і тады ня трэба плаціць за ваду, можна не гатаваць і не плаціць за газ... Але хочацца жыць нармальным чалавекам. І таго не даюць».

Карэспандэнт: «Спадарыня Ларыса, не шкадуеце, што жыцьцё так склалася, што давялося сядзець не ў асобным кабінэце з тэлефонам, перакваліфікавацца ў прадпрымальніцу?»

«Не, ніколі не шкадую.

Рынак даў мне незалежнасьць, не было побач гэтых тупых, блатных начальнікаў.

Гэта была сапраўдная свабода: я калі хацела прыяжджала на рынак, калі хацела ад’яжджала, я магла працаваць аж так, што нават падала з ног, а магла адпачываць, калі адчувала неабходнасьць. Ня трэба было прасіць адпачынку перад нейкім начальнічкам у той час, калі табе хочацца. Незалежнасьць — гэта такое пачуцьцё, дзеля якога варта было працаваць нават не за грошы, а дзеля таго, каб так жыць. Гэта была мара, а ня праца. Але, відаць, некаму гэта вельмі не падабаецца».

XS
SM
MD
LG